Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МІЛІЦЫЯНТЫ БУДУЦЬ СТАВІЦЬ АДЗНАКІ Ў ДЗЁНЬНІКІ ВІЦЕБСКІХ ШКОЛЬНІКАЎ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Гэтыя налепкі вырашана выпускаць два разы на год, у верасьні, перад пачаткам навучаньня, ды ў траўні, напярэдадні летніх вакацыяў. Наклад у іх — 500 асобнікаў, а ў кожнай зь віцебскіх школаў у сярэднім навучаецца каля тысячы вучняў. Так што нейкія пяць соцень налепак на ўсіх школьнікаў гораду — гэта, як кажуць, “кропля ў моры”. Таму ня дзіўна, што адшукаць “шкаляра”, якому такую налепку ўжо наляпілі, аказалася даволі няпроста. Да таго ж высьветлілася, што папераджальная акцыя ДАІ неўзабаве можа ператварыцца ў дзіцячую гульню, прычым досыць небясьпечную.

(Дзяўчынка: ) “У нашай клясе хлопчыку аднаму наляпілі такую налепку, там “ДАІ” напісана… Дык ён жа знарок перад інспэктарам дарогу перабягаў! Прыйшоў у школу, пачаў усім хваліцца, і ўсе нашы хлопцы пачалі пытацца, у якім месцы яго злавілі — таксама такую налепку захацелі. Так што гэта нядзейсна, лепей было бы бацькоў выклікаць, або сказаць, што са школы выключаць”.

Зьменшыць колькасьць парушальнікаў з дапамогаю імпартаванага з Расеі экспэрымэнту пакуль што ня дужа ўдаецца. Але ёсьць у віцебскіх міліцыянтаў і ўласныя вынаходніцтвы ў гэтым сэнсе. Асабліва ў міліцэйскага кіраўніцтва, якое, да прыкладу, выказала ідэю перасяліць усіх участковых на ўласныя ўчасткі.

Неабходнасьць такога перасяленьня начальства тлумачыць тым, што ўчастковыя жывуць далёка, а таму рэагуюць на ўсё недастаткова апэратыўна. Да таго ж, на Віцебшчыне вельмі высокі ўзровень рэцыдыўнай злачыннасьці — каля 40% былых асуджаных вяртаюцца дахаты і неўзабаве зноў трапляюць у турму. Паводле меркаваньня абласнога кіраўніцтва, гэта таксама шмат у чым недагляд участковых. Мяркуецца, што пераезд на ўласны ўчастак падвысьць міліцэйскую пільнасьць ды апэратыўнасьць.

Участковыя спрабавалі былі запярэчыць, маўляў, лепей было бы набыць дзеля гэтага службовыя машыны. Аднак адказ быў просты — на гэта няма грошай.

З той жа прычыны цяпер і ў самім Віцебску міліцыянтам замест аўтамабіляў набываюць ровары — ды яшчэ горныя ровары, бо звычайныя не вытрымліваюць тутэйшых дарожных умоваў і хутка ламаюцца. У горадзе ўжо вядзецца адмысловае патруляваньне на роварах, прычым гэтыя супрацоўнікі міліцыі знарок апранутыя ў цывільнае — каб ня кідацца ў вочы патэнцыйным парушальнікам парадку. Але яны абавязкова маюць пры сабе зброю ды сродкі сувязі, так што супрацоўнікам у райаддзелах застанецца толькі вырашыць, ці пасылаць на месца здарэньня “падмацаваньне” на машыне, ці зэканоміць бэнзін ды абысьціся сродкамі гэтай “малой мэханізацыі”.

Праўда, віцебскія дасьціпнікі жартуюць, што гэткае патруляваньне хутка адменяць: ровар, як вядома, транспарт аднаасобны — няма як дастаўляць у пастарунак затрыманых апазыцыянэраў. Хаця для такіх мэтаў і транспарт, і бэнзін дагэтуль знаходзілі без праблемаў.
XS
SM
MD
LG