Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОМЕЛЬСКІ СУД АДХІЛІЎ ПАЗОЎ ФУНДАТАРАЎ “ГРАМАДЗЯНСКАЙ АЛЬТЭРНАТЫВЫ”


Казімер Яноўскі, Гомель

На судзе прадстаўнікі ўправы юстыцыі Тамара Стрыжнева і Андрэй Міцкевіч у якасьці аргумэнтаў адмовы больш зьвярталіся да тлумачальных слоўнікаў, нейкай асаблівай лёгікі, высноваў рэспубліканскай камісіі, чымсьці да заканадаўчых актаў.

Яны ня змаглі нават патлумачыць, чаму ў грамадзкага аб`яднаньня ня адпавядаюць законам і дэкрэтам аднолькавыя палажэньні са статутам афіцыйнай арганізацыі – Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі?

Пазоўца і старшыня незарэгістраванага аб`яднаньня “Грамадзянская альтэрнатыва” Уладзімер Кацора лічыць адмову ў рэгістрацыі палітычна матываванай:

(Кацора: ) “Довады супрацоўнікаў управы юстыцыі заснаваны на эмоцыях, а не на законах. Гэта палітычныя матывы. Хутка рэфэрэндум, выбары, таму ўсё гэта небясьпечна для ўлады. Грамадзкія аб`яднаньні выставяць назіральнікаў. Гэта пагроза для іх. Улады ўжо цяпер гэтую пагрозу імкнуцца зьліквідаваць альбо не дапусьціць”.

Падчас судовага разьбіральніцтва судзьдзя Леанора Буянкова вынесла папярэджаньне заснавальніку аб`яднаньня і пазоўцу Леаніду Судаленку:

(Судаленка: ) “Я заявіў пратэст. Пракурор Кострыкава падказвала прадстаўнікам управы юстыцыі, якія нормы заканадаўства варта было б прымяніць пры адмове ў рэгістрацыі нашага грамадзкага аб`яднаньня”.

Нечаканай на судзе была прапанова ўправы юстыцыі прыкласьці да справы супольны ліст паўдзесятка настаўнікаў з Добрускага раёну.

У лісьце настаўнікі нібыта адмаўляліся ад свайго заснавальніцтва новай арганізацыі. Цікава, што ліст гэты ня згадваўся ў афіцыйнай адмове ўправы юстыцыі пра рэгістрацыю.

Пазоўцы прасілі выклікаць у суд аўтараў ліста, паколькі маюць у дакумэнтах асабістыя подпісы гэтых настаўнікаў як заснавальнікаў “Грамадзянскай альтэрнатывы”.

Судзьдзя Буянкова не задаволіла хадайніцтва. Яна вырашыла наагул адхіліць пазоў да ўправы юстыцыі, якая адмовілася зарэгістраваць новае грамадзкае аб`яднаньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG