Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭКЗАТЫЧНАЕ ПРАДПРЫМАЛЬНІЦТВА БЕЛАРУСАЎ


Ігар Карней, Менск

Адкрыты на міжнацыянальныя кантакты, сучасны сьвет паступова разбурае стэрэатыпы. Адметнасьцю эўрапейскіх гарадоў становяцца кітайскія, індыйскія, мэксыканскія рэстарацыі. У францускіх круглы год падаюць сьлімакоў і жабаў, у аўстралійскіх – мяса акулы й кенгуру…Калі ёсьць попыт – павінна быць і прапанова. І кемлівыя беларусы ня трацяць часу. Самі, за рэдкім выключэньнем, ня кідаюцца дэгуставаць жабаў ці кенгуру. Але зарабіць на зьменах у кулінарнай каньюнктуры могуць. У Эўропе робіцца папулярным экзатычнае харчаваньне, а ў Беларусі – экзатычнае паляваньне.

Вось ужо каторую вясну, як па-сапраўднаму прыгрэе сонейка, на Віцебшчыне пачынаецца своеасаблівае “сафары” – паляваньне на сьлімакоў. Узброеныя хто сітам, а хто дзіцячым сачком, мясцовыя “камандас” рушаць у бой. А затым з поўнымі гаспадарчымі сумкамі й вёдрамі бягуць да нарыхтоўнікаў. У Мёрах гэта – Арнольд Жук.

(Карней: ) “Вы самі спрабавалі іх есьці?”

(Жук: ) “Не. Не асьмеліўся. Але людзі, што прыносілі здаваць, спрабавалі: на смак, казалі, як грыбы смажаныя. Ды як яны гатавалі? Сьлімакоў жа трэба вымочваць у солі; калі вымачыш, яны з ракавінкі вылазяць, тады іх можна падчапіць відэльцам. А нашы людзі іх выкалупваюць – ды на патэльню. “Ну, нічога, – кажуць, – толькі грыбамі трохі сьмярдзіць”. А як гэтую справу пад чарку, дык хто там разьбярэ…”

Сабраны ўраджай сьлімакоў пасьля тэрмальнай апрацоўкі паўфабрыкатам адпраўляюць у Францыю, Італію ці Нямеччыну. З выглядам знаўцы Арнольд тлумачыць: там у рэстарацыях талерачка мёрскіх сьлімакоў каштуе 10 даляраў. Местачкоўцы слухаюць яго зь недаверам: ім на 10 даляраў трэба здаць цэнтнэр вонкава неапэтытнага тавару. І тым ня меней на зборным пункце пуста не бывае. “Цягнуць, да зямлі сагнуўшыся”, – канстатуе Жук.

(Жук: ) “Людзі нясуць, вядома. Разьлік на месцы, жывымі грашыма. А як у нас заробкі бясконца затрымліваюць, дык выбіраць не даводзіцца. Бабка прыносіць сумку ды кажа: “От, на тыдзень грошай на хлеб хопіць”. Плаціў жа я нічога… А бывала, і па 300 кг на дзень прывозілі, цэлымі сем’ямі зьбіралі”.

Арнольд дадае, што ягоная “прыёмка” вельмі суровая: усе сьлімакі павінны адпавядаць міжнароднаму стандарту. Для кантролю Жук пераняў досьвед швэйцарцаў: на шыі носіць пярсьцёнак, дыямэтар якога роўна 3 сантымэтры. Усе сьлімакі, якія вольна праходзяць праз адтуліну, адбракоўваюцца. Астатнія складаюць “залаты фонд”.

Гадоў пяць таму на радзіму продкаў у мястэчка Язна ў тым жа Мёрскім раёне прыяжджаў грамадзянін Францыі Жан Мятла. На трэці дзень знаёмства са сваякамі мэсьё Жан яшчэ на золку пайшоў аднаўляць здароўе на возера, а пад вечар вярнуўся зь вялікім пакетам. Хутка з хаты пацягнула смажаным. На пах разьвітальнай вячэры прыбеглі з пляшкамі самагону суседзі й сваякі. Жан чараваў ля пліты, а на талерцы ляжалі апэтытныя кавалачкі смажанага мяса…

Нахвальваючы кулінара, усе шмат пілі і з апэтытам закусвалі. І толькі калі ўсё было падмеценае, Жан спытаўся, ці спадабаліся гасьцям… жабы? “Ну, у цябе й жартачкі”, – рагаталі суседзі. Пасьля таго, як Жан пайшоў на кухню і прынёс паўвядра вантробаў і адрэзаных галоваў, усіх зьмяло за сэкунду...

Раніцай Жан скардзіўся на нявыхаванасьць землякоў, якія заванітавалі ўвесь ганак. Ён быў перакананы, што рвала людзей ня жабамі, а самагонкай. Па дарозе ў Францыю, спыніўшыся ў сваякоў у Менску, мэсьё Жан хваліўся: у Язьне жабы ня горшыя за тых, што вырошчваюць у францускіх гадавальніках. А гісторыю гэтую распавёў ягоны менскі пляменьнік Андрэй.

(Андрэй: ) “Калі мне гэта дзядзька расказаў, я ўзяў энцыкляпэдыю і вычытаў, што ў навакольлі Язна жывуць звычайныя “азёрныя жабы”. Прыкра, але нічога экзатычнага. Але ўжо з Бардо дзядзька зноў патэлефанаваў мне і сказаў: “А чаму б не пачаць бізнэс з пастаўкамі жабаў у Францыю?” Я напачатку загарэўся ідэяй, хоць і разумеў, што распачаць такі экзатычны бізнэс нялёгка: пакуль пройдзеш усе інстанцыі, здохнеш, як тая жаба на патэльні. Але бар’ер чакаў не ва ўладных кабінэтах. Пакуль ісьці туды, я папытаўся ў мясцовых мужыкоў, ці згадзіліся б яны за грошы лавіць жабаў? Яны ў адказ толькі пляваліся ды мацюкаліся”.

Так што язьненскія жабы могуць квакаць спакойна. Ім нічога не пагражае. Гэтак жа, як і суб’екту іншай кулінарнай скрайнасьці – страусу. Ніяк ня можа трывала пусьціць карані ў Беларусі гэты экзатычны від бізнэсу – страусагадоўля. І зноў ня столькі з прычынаў бюракратычных, колькі з кансэрватызму вясковых беларусаў.

Прадпрымальнік Алесь Пекар падлічыў: адна самка страуса штогод дае каля паўсотні птушанятаў, а гэта – 2 тоны далікатэснага мяса (паводле ягоных падлікаў, цяля ў двухгадовым узросьце мае толькі 250 кг). Ня мае прэцэдэнтаў і тое, што самка застаецца ў рэпрадуктыўным узросьце сорак год, а стравусінае мяса карыстаецца ўстойлівым попытам на міжнародным рынку.

Калі беларускія рэстарацыі гатовыя плаціць ня болей за 15 даляраў за кожную кілю, то эўрапейскі і амэрыканскі стандарт – 70 даляраў. Апроч таго, ад кожнага страуса можна атрымаць 36 кіляграмаў пер’я. А калі гаворка пра цэлую птушыную чараду? Справа быццам вартая.

(Пекар: ) “Пры разумным падыходзе справа толькі на першы погляд авантурная ды бяссэнсоўная. Цяжэй пераадолець стэрэатып: маўляў, сорам які – страусаў гадаваць! Але гэта такі самы канвэер, як у выпадку з каровамі ці сьвіньнямі. Галоўнае, тое-сёе ведаць. Прыкладам, трэба адрозьніваць аўстралійскіх страусаў, якія ў нашым клімаце проста замерзнуць, ад “афрыканцаў” – тыя на дзіва лёгка пераносяць 20-градусныя маразы… Я ўжо нават знайшоў адпаведнае месца на Гарадзеншчыне: пакаты ўзгорак, на сонечным баку якога страусы маглі б пасьвіцца. Плянаваў набыць фэрму. Але як толькі пачынаў гаворку, старшыні калгасаў называлі мяне вар’ятам – дзе тая Афрыка, а дзе калгас “Шлях да камунізму”! А адзін (напэўна, у школе пяцёркі меў з заалёгіі), дык увогуле выдаў: яны ж па два мэтры росту – як па вёсцы пойдуць, усіх дзевак перапужаюць, а то і гвалціць пачнуць”.

Асобна ў шэрагу таварна-грашовых адносінаў з прыродай стаіць, так бы мовіць, “чэйндж” у галіне флёры. Галоўны гіт кожнага году – паляваньне на лісічкі: мэтанакіраваны збор грыбоў прыносіць да тысячы даляраў за лета.

Адзін знаёмы ў чэрвені выяжджае ў лес на трактары Т-25. Дзень працы – і дахаты вяртаецца з поўным прычэпам лісічак. Ці варта дзівіцца, што менавіта беларускія лісічкі складаюць бальшыню грыбных марынадаў у Польшчы, Нямеччыне, Бэльгіі?

Але толькі адзінкі асьмельваюцца паляваць на… сьмярдзючку. Так у народзе называецца “грыб-вясёлка”, які актыўна выкарыстоўваюць у народнай мэдыцыне ў настоях на самагонцы. Сьмярдзючку, натуральна, не экспартуюць, аднак на мясцовым рынку яна мае попыт. Аматар сьмярдзючага эсктрыму са Смаргоншчыны, спадар Макар, перакананы: зьбіраць вясёлку возьмецца ня кожны. Гэта тое самае, што мець дачыненьне... зь нябожчыкам.

(Макар: ) “Расьце сьмярдзючка толькі ў пэўных мясьцінах: ельнікі, арэшнікі”.

(Карней: ) “І хто гэтага ня ведае, можа грыб проста падфутболіць?”

(Макар: ) “Ясна. Ён зь сямейства мухамораў, а мухаморы звычайна адкідаюць”.

(Карней: ) “І колькі каштуе такі грыб?”

(Макар: ) “Ня грыб, а яйка. Спачатку вясёлка – гэта аналяг курынага яйка, толькі без шалупіньня. Яно вельмі мяккае, а ўнутры, такое адчуваньне, ёсьць нешта жывое. Шмат хто нават думае, што гэта зьмяіныя яйкі. Ужо зь яйка расьце грыб. Ну дык летась каштавала сьмярдзючка 500 рублёў. Сёлета, няма дурных, буду прасіць тысячу”.

(Карней: ) “А чаму грыб называецца вясёлка?”

(Макар: ) “Чаму грыб называецца “вясёлка”? У яго зеленаваты капялюшык, які дае пах гнілога яйка. А гэта “маяк” для ўсіх рознакаляровых вусякоў у лесе, асабліва мухаў”.

(Карней: ) “І як вы з такой сьмярдзючкай працуеце?”

(Макар: ) “Трымаю ў падвале, у халодным месцы, каб яйка не прарасло. Потым – у цырату, каб у аўтобусе не сьмярдзела, і на базар. А там ужо, хто гэтым цікавіцца, прыйдзе на пах: асабліва пасьля таго, як грыб прарастае”.

А вось занятак з шэрагу нечаканых – паляваньне на матылькоў – выкліканы модаю сярод нябедных людзей на калекцыяваньне. Адны з найбольш прыгожых вусякоў маюць ня толькі адпаведныя назвы – “Адмірал”, “Вока паўліна”, “Мядзьведзіца” – але й добра цэняцца ў прыватных гербарыях калекцыянэраў. Зрэшты, цяпер у любым мастацкім салёне (уключна зь беларускімі) усяго за 10 даляраў можна набыць расьпятае ў рамцы пад шклом цельца матылька, засушанае айчынным натуралістам. Адна з паляўнічых на матылькоў, якая ў асяродку калегаў мае мянушку Фларыяна, апавядае.

(Фларыяна: ) “Матылькі выбіваюцца са звыклага шэрагу жывой прыроды. Гэта прыгожа, эстэтычна. Гледзячы на матылька, чалавек перажывае толькі станоўчыя эмоцыі. Не выпадкова, што калекцыянэры гатовыя аддаваць часам тысячы даляраў, каб займець у калекцыі рэдкі від. Шмат хто пра мой бізнэс кажа: маўляў, я забіваю жывых істотаў! Чалавек забівае штодня жывёлін, якія могуць жыць 20-30 гадоў. А матылёк існуе ўсяго адзін сэзон; я іх лаўлю, калі іхны жыцьцёвы цыкл завяршаецца. І замест таго, каб рассыпацца ў пыл, матылёк яшчэ пацешыць чалавечае вока. У Беларусі з-за асаблівасьцяў клімату вядзецца хіба 1/100 ад усіх матылькоў. Але калекцыянэры з краінаў, дзе звычайнай справай “Каралеўскі Махаон”, хочуць мець у калекцыі нашую “Лімоньніцу”. Таму і матыльковы “чэйндж” будзе існаваць”.


Экзатычнае прадпрымальніцтва ў Беларусі часам ператвараецца ў суцэльны канвэер. Арыгінальны спосаб зарабіць прыдумалі ў Воршы, на мясцовым мясакамбінаце. А заадно – вынайшлі, як зэканоміць на ўтылізацыі адыходаў вытворчасьці. Абрэзкі мяса, капыты, рогі, кішкі прадпрымальныя мужыкі складаюць у вялізныя чаны, даючы зьмесьціву перагніваць. А затым прадаюць шматлікім рыбакам багатай на рыбу азёрнай Віцебшчыны апарышаў – чарвякоў, якія летам у чанах проста кішаць. Спадар Барыс – адзін з пакупнікоў гэтага тавару. Кажа: спачатку ледзь ня траціў ад такога відовішча прытомнасьці, але рыбная ліхаманка перамагла. Дый ня трэба з рыдлёўкай па гарадзкіх сьметніцах насіцца, шукаючы дажджавых чарвякоў.

(Барыс: ) “Адмыслова пакідаюць, прыкладам, скуру, каб яны разводзіліся. Пах, канечне, невыносны. Дый відовішча… Апарышы – гэта лічынкі звычайнай гнойнай мухі. Ад часу, як яна пакідае яйкі і да моманту, калі ўжо можна лавіць рыбу, мінае 3-4 дні. За пэўныя грошы (традыцыйна, на бутэльку) альбо адразу за “вадкую валюту” можна ўзяць: пакладуць, загорнуць – усё як мае быць”.

(Карней: ) “Практыка сапраўды паказвае, што апарыш – рыбны дэлікатэс?”

(Барыс: ) “Прынамсі, рыба ловіцца куды лепш, чым на чарвяка. Апарыш зусім іншага клясу прысмак”.

Новыя віды бізнэсу, якім у пошуках грошай сталі займацца беларусы, ёсьць і легальныя, і ценевыя, і зусім крымінальныя. Прыадчыніліся межы Беларусі, заехалі сюды гандляры-віетнамцы, і на вуліцах Менску відавочна паменела спачатку бадзяжных сабакаў, а пасьля пачалі зьнікаць і хатнія гадаванцы.

Праблема віетнамцаў у тым, што, паводле сваіх культурных традыцыяў, яны аддаюць перавагу мясу сабакаў, а не сьвініне… А забясьпечваць іншаземцаў узяліся тыя, каму маральныя рамкі ніколі ня ціснуць. Таму й кралі сабакаў добраахвотнікі, якія гэтакім чынам здавальнялі раптам узьніклы попыт на сабачае мяса. Да таго ж, ніводзін бомж не адмовіцца ад спакусы атрымаць 20 даляраў за такую лёгкую ахвяру.

Попыт нараджае прапанову. У беларускім выпадку гэты рынкавы закон яшчэ абвостраны жаданьнем хоць нешта зарабіць. Так традыцыйная культура паляваньня ўзбагачаецца экзотыкай. Таму з аднолькавым імпэтам палююць і на зайцоў, і на сьлімакоў, і на ракаў. А яшчэ – “дояць” гадзюк, здаюць на футры кратоў, млеюць, як Дурэмар, над балотнымі п’яўкамі. Рынак прапановаў імкліва пашыраецца.
XS
SM
MD
LG