Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВААБАРОНЦА АКСАНА НОВІКАВА ХУТКА ЗНОЎ ПАЎСТАНЕ ПЕРАД СУДОМ


Любоў Лунёва, Менск

Летась Аксану Новікаву судзілі ў Цэнтральным судзе Менску. Нагадаю, 17 кастрычніка 2002 году яна распаўсюджвала ўлёткі на Кастрычніцкім пляцы. Тады ўпершыню грамадзкасьць даведалася пра гэтую 30-гадовую жанчыну.

Высьветлілася, што Аксана сама надрукавала ўлёткі на ўзор міліцэйскіх абвестак пра вышук небясьпечнага злачынцы з фотаздымкам Аляксандра Лукашэнкі. Цэнтральны суд не задаволіў ніводнага хадайніцтва Аксаны, каб дапытаць першых асобаў у якасьці сьведкаў. Прысуд — два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня. Сёлета Аксану амніставалі.

А 5 красавіка яе зноў затрымалі міліцыянты, гэтым разам на вакзале за распаўсюд улётак. І распачалі крымінальную справу. Вось як Аксана Новікава адказала на пытаньне “Якога зьместу былі ўлёткі і зь якой мэтай яна іх распаўсюджвала?”

(Новікава: ) “Яны былі зробленыя кшталту міліцэйскіх. Там быў партрэт Лукашэнкі й пералік артыкулаў, паводле якіх можна было бы прыцягнуць да адказнасьці яго самога і ягонае атачэньне. Былі згаданыя і зьніклыя палітыкі, і эканамічныя злачынствы, якія ён зьдзейсьніў у Беларусі. А мэта была — прыцягнуць увагу людзей. Але людзі і так ведаюць пра гэта і, таму трэба, каб людзі ведалі, што ёсьць неабыякавыя, якія сочаць за Лукашэнкам…”

(Карэспандэнтка: ) “Аксана, вы заўсёды дзейнічаеце самастойна. Чаму вы не ў апазыцыйнай партыі, каб ладзіць акцыі разам зь іншымі апазыцыянэрамі?”

(Новікава: ) “Я гатовая супрацоўнічаць з усімі. Але мае акцыі маюць такі характар, што я пакуль не знайшла ніводнага, хто мог бы браць у іх удзел. Што тычыцца маёй партыйнасьці, то я ня згодная з тым, што “паход” апазыцыі на выбары гэта добра. Калі Лукашэнка гаварыў пра будучыя выбары, то быў вельмі задаволены. Значыць, гэта дрэнна для апазыцыі. Цяпер да выбараў ён намагаецца дадаць яшчэ і рэфэрэндум, каб прыпісаць сабе трэці тэрмін. А гэта ўжо ня ўпісваецца ні ў якія межы!”

(Карэспандэнтка: ) “Летась да вас ужылі амністыю, і вам не давялося адбываць пакараньня ў жаночай калёніі. Тым ня менш, вы зноў пайшлі распаўсюджваць улёткі. Гэта лічыцца рэцыдывам і вас могуць пакараць пазбаўленьнем волі на пяць гадоў. У вас маленькае дзіця, на што вы разьлічваеце?”

(Новікава: ) “Я разьлічваю на падтрымку незалежных СМІ і падтрымку міжнароднай супольнасьці, якая займаецца расьсьледаваньнем гэтых справаў — справаў зьніклых і ня толькі… Можа, гэта ў нейкай ступені паўплывае на кіраўніцтва нашай краіны. Можа, яны зробяць якія-небудзь крокі ў расьсьледаваньні гэтых злачынстваў. Я спадзяюся і на тое, што пад ціскам міжнароднай супольнасьці суд ня будзе выносіць надта жорсткага прысуду”.

Працэс над Аксанай Новікавай пачнецца напачатку чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёну Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG