Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“АКУПАЦЫЯ. МІСТЭРЫІ” БУДЗЕ ЎДЗЕЛЬНІЧАЦЬ У МІЖНАРОДНЫМ МАСКОЎСКІМ КІНАФЭСТЫВАЛІ


Галіна Абакунчык, Менск

“Акупацыя. Містэрыі” — першая айчынная кінастужка, якая запрошаная да ўдзелу ў фэстывалі ў Маскве.

Удзел у форуме дасьць магчымасьць беларускаму кіно быць прэзэнтаваным на міжнародным узроўні. Між тым, расейскія мэдыі (у прыватнасьці, газэта “Московский комсомолец”) са спасылкай на рэжысэра стужкі паведамляюць пра тое, што менскія чыноўнікі намерваюцца паўплываць на арганізатараў фэстывалю з тым, каб прэм’ера не адбылася. У інтэрвію Радыё Свабода Андрэй Кудзіненка гэтыя зьвесткі пракамэнтаваў наступным чынам:

(Кудзіненка: ) “А хто іх слухаць будзе? Яны сядзяць у сваёй вёсцы і думаюць, што нейкі ўплыў на некага могуць мець. Мне шкада толькі, што кіно мы рабілі для беларусаў, бо толькі той чалавек усё зразумее, які тут жыве. Заўсёды было крыўдна, калі глядзіш фільм пра вайну, а там усё падзеленае на белае і чорнае. Вось мы і вырашылі зрабіць новае беларускае кіно: там шмат сэнтымэнтальнасьці, шмат гумару, шмат іроніі на савецкае кіно. А тут яго забаранілі — гэтага і трэба было чакаць”.

Кінастужка “Акупацыя. Містэрыі” была зьнятая на незалежнай студыі “Навігатар” і зь вялікім посьпехам прайшла на фэстывалі ў Ротэрдаме.

Паводле кінакрытыкаў, гэта першае нацыянальнае эўрапейскае кіно, якое выкрывае міталёгію пра патрыётаў-партызанаў, пра “забітасьць” беларускіх сялянаў. Гэта кіно, якое вызваляе з акупацыі сьвядомасьць беларусаў.

Калі Дзяржрэгістар Беларусі забараніў да паказу кінафільм пра Васіля Быкава “Доўгая дарога дадому”, а таксама фільм “Акупацыя. Містэрыі”, кінакрытык Ала Бабкова на знак пратэсту выйшла са складу камісіі. Вось што сказала ў інтэрвію Радыё Свабода спадарыня Бабкова:

(Бабкова: ) “Некалі Ўладзімер Караткевіч зрабіў у дзёньніку такі запіс: мару, калі пра беларуса можна будзе пісаць усё. Дык вось усе, хто працавалі над кінастужкай “Акупацыя. Містэрыі” на сваім узроўні зрэалізавалі жаданьне нашага выдатнага пісьменьніка. З сэнсу забароны я бачу, што нашыя ідэалягічныя органы вяртаюцца да савецкіх канонаў і фільм “Акупацыя. Містэрыі” не адпавядае гэтым канонам”.

Дзеля ўдзелу ў маскоўскім фэстывалі стужка “Акупацыя. Містэрыі” мусіць быць пераведзеная ў прыдатны для паказу фармат. Дзеля гэтага неабходныя 30 тысяч даляраў. Ня маючы дзяржаўнай падтрымкі, гэтыя грошы аўтары кінафільму мусяць шукаць самастойна.
XS
SM
MD
LG