Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СУД АПРАЎДАЎ УДЗЕЛЬНІКАЎ АКЦЫІ “ЛАНЦУГ НЕАБЫЯКАВЫХ ЛЮДЗЕЙ” У НАВАПОЛАЦКУ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Сёньня ў наваполацкім гарадзкім судзе адбылося судовае паседжаньне, на якім разглядаліся адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў “Ланцугу неабыякавых людзей”. Акцыя гэтая ладзілася 7 траўня і пад час яе правядзеньня было затрымана дзевяць чалавек: Зьміцер Салаўёў, Валер Шаўчэнка, Алесь Цярэнцьеў, Аляксей Трубкін, Ігар Валяеў, Сяргей Забродскі, Ігар Макану, Ігар Сухарукаў, а таксама карэспандэнт Радыё Свабода Вінцэсь Мудроў.

Суд разгледзеў сем адміністрацыйных справаў і, паводле судовае пастановы, усе яны былі спыненыя з прычыны адсутнасьці складу правапарушэньня.

Справа Сяргея Забродскага, які патрапіў у шпіталь, будзе разглядацца пазьней, а яшчэ адзін затрыманы – Ігар Макану – аказаўся выпадковым мінаком.

Доўжылася судовае паседжаньне дзьве гадзіны, а вёў яго непасрэдна старшыня Наваполацкага гарадзкога суду Пятро Ляўчонак. Пад час паседжаньня высьветлілася, што 7 траўня ў Наваполацку ладзіўся не пікет, а грамадзянскае ўшанаваньне памяці зьніклага пяць гадоў таму экс-міністра нутраных справаў Юр’я Захаранкі. Пры гэтым грамадзяне папросту трымалі яго партрэты, не выказваючы грамадзка-палітычных, групавых ці асабістых інтарэсаў. Заўважым, што кожнае абвяшчэньне судовай пастановы суправаджалася воплескамі залі.

Падсумаваў такі вэрдыкт адвакат Менскай калегіі адвакатаў Аляксандар Галіеў, які абараняў у судзе інтарэсы затрыманых:

(Галіеў: ) “Мая думка як юрыста наконт сёньняшніх працэсаў наступная: затрыманьні адбыліся ў выніку няведаньня супрацоўнікамі міліцыі Закону аб мітынгах, шэсьцях і дэманстрацыях. Таму ўсе складзеныя пратаколы незаконныя. Але я ўдзячны ўсім удзельнікам акцыі за тое, што яны не даюць грамадзтву забыць аб зьніклых палітыках”.

Судовае паседжаньне мусіла адбыцца яшчэ ўчора, але было перанесеная з прычыны няяўкі супрацоўнікаў міліцыі, што ажыцьцяўлялі затрыманьні. У зьвязку з тым быў зроблены запіс у дагэтуль чыстай кнізе скаргаў і прапановаў гарадзкога суду.

Гаворыць затрыманы Ігар Сухарукаў:

(Сухарукаў: ) “Я, Сухарукаў Ігар, ці не ўпершыню ў гісторыі Наваполацкага суду, зрабіў запіс у кнізе скаргаў і прапановаў. Там я зьвярнуў увагу судзьдзі на дрэнную арганізацыю судовага працэсу, у выніку чаго было сарванае ўчорашняе паседжаньне суду з прычыны няяўкі боку абвінавачаньня”.
XS
SM
MD
LG