Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ – 11 ТРАЎНЯ


Ул. інф.

11 траўня 1833 году – дзень нараджэньня Бэнэдыкта Дыбоўскага. Ён нарадзіўся пад Маладэчнам, у вёсцы Адамарын, вывучыўся на заоляга, а ў 1863 годзе ўзяў чынны ўдзел у паўстаньні Каліноўскага, за што быў прысуджаны да сьмерці. Пасьля прысуд замянілі на катаргу. У Сыбіры Дыбоўскі становіцца найбуйнейшым дасьледнікам фаўны возера Байкал. Дарэчы, гэта тыповы лёс беларускіх паўстанцаў, якія былі пераважна адукаванымі людзьмі і таму ў высылцы або эміграцыі спраўдзіліся як навукоўцы. Што да Дыбоўскага, дык пражыў ён ажно 97 гадоў. Мабыць, слушна кажуць, што выпрабаваньні загартоўваюць чалавека.

11 траўня 1944 году, 60 гадоў таму, падарваў сябе гранатай акружаны немцамі 15-гадовы падпольшчык Марат Казей. Адбылося гэта зусім не каля Менскае Опэры, як многія думаюць, бо там стаіць помнік Казею, а пад Уздою, у вёсцы Хароміцкія, дзе, дарэчы, таксама ёсьць помнік падлетку-герою.

Яшчэ ўчора сьвяткавала свае народзіны паэтка і рэдактарка часопіса “Маладосьць” Раіса Баравікова.

Я – дзяўчынка на шары,
Што плыве у блакіце!
І палаюць Стажары
нада мною ў зэніце,
і нікому ня ў цяжкасьць,
я – нібыта пушынка,
што трапляе ў бязважкасьць,
я – на шары дзяўчынка!

Сярод знакамітых людзей сьвету, што прыйшлі на сьвет 11 траўня ў розныя гады, згадаем сёньня ангельскую пісьменьніцу Этэль Войніч, якая напісала любімы падлеткамі ўсіх часоў раман “Авадзень”; гішпанскага літаратара Каміла Хасэ Сэлу, які быў уганараваны Нобэлеўскай прэміяй, і ягонага земляка мастака-сюррэаліста Сальвадора Далі, якому сёньня спаўняецца 100 гадоў.

А яшчэ 11 траўня 1888 году нарадзіўся знакаміты амэрыканскі кампазытар Ірвінг Бэрлін, які за жыцьцё напісаў 800 песень, у тым ліку і самую папулярную ў ЗША – "Божа, блаславі Амэрыку" ("God Bless America"). Упершыню яна была выкананая на ўсю краіну ў Дзень памінаньня ў 1933 г. Празь некалькі дзён яе сьпявала ўся краіна, і хутка песьня стала неафіцыйным гімнам ЗША. Сапраўднае імя Ірвінга Бэрліна – Ізраіль Бейлін. Ён нарадзіўся ў Магілёве ў сям'і кантара мясцовай сынагогі. У 1893 г. будучы кампазытар разам з бацькамі ад'ехаў у ЗША.
XS
SM
MD
LG