Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬЕЗД АГП ЗАЯВІЎ, ШТО БЕЛАРУСІ ПАТРЭБНЫЯ НОВЫ ПРЭЗЫДЭНТ І НОВАЯ ПАЛІТЫКА, У ТЫМ ЛІКУ РУХ ДА ЭЎРАЗЬВЯЗУ


Юры Сьвірко, Менск

На зьезд у менскім палацы культуры сабралася 183 дэлегаты, якія вырашылі арганізацыйныя і кадравыя пытаньні, зацьвердзілі зьмены ў партыйных статуце і праграме, а таксама ўхвалілі пасланьне Аб’яднанай грамадзянскай партыі беларускаму народу з назовам “Беларусі патрэбны новы прэзыдэнт і новая палітыка”.

Зазначыўшы, што пасланьне Аляксандра Лукашэнкі Нацыянальнаму сходу сталася чарговым самаапраўданьнем у зьвязку з памылковым палітычным курсам, зьезд АГП канстатаваў, што эканоміка знаходзіцца ў крытычным становішчы, а 37% насельніцтва Беларусі жывуць па-за рысай беднасьці.

За апошняе паўгодзьдзе адбыліся тры масавыя галадоўкі ў рэгіёнах – у Ваўкавыску, Віцебску, Смалявічах. Улада пераводзіць працоўных на кантракты ды стварае ідэалягічную вэртыкаль. У палітычнай сфэры рэпрэсіі супраць апазыцыі ўзмацняюцца – летась ліквідавалі каля 50 няўрадавых арганізацыяў, зазначаецца ў пасланьні.

На гэтым тле АГП заклікае аднавіць падзел уладаў, зрабіць Нацыянальны сход сапраўдным парлямэнтам, правесьці свабодныя выбары, у тым ліку кіраўнікоў рэгіёнаў, а таксама “лічыць любыя спробы Лукашэнкі падоўжыць сваё знаходжаньне ўва ўладзе звыш двух прэзыдэнцкіх тэрмінаў дзяржаўным пераваротам”.

Галоўная мэта АГП найбліжэйшым часам, паводле яе лідэра, – “гэта аб’яднаньне і кансалідацыя дэмакратычных сілаў Беларусі, адзіная кааліцыя ды адзіная альтэрнатыва”.

Аднак нават на самім зьезьдзе прагучалі іншыя думкі. Былы дэпутат Вярхоўнага Савету Андрэй Клімаў, які прыпыніў сяброўства ў АГП, выступіў з 15-хвіліннай прамовай, дзе зноў заявіў пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі.

Адзначыўшы, што апазыцыйныя партыі замкнуліся ў вузкім коле энтузіястаў, а людзі ня вераць апазыцыйным лёзунгам, спадар Клімаў заявіў, што ён вырашыў падтрымаць АГП і кааліцыю “5+“, стварыўшы новы рух з удзелам сотняў тысячаў людзей, якія ня хочуць быць сябрамі партыяў. Але рэзалюцыя ў падтрымку Андрэя Клімава пазьней сабрала ўсяго 12 галасоў.

Яшчэ адзін патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Ярашук сказаў, што з сымпатыяй ставіцца да спадара Клімава. Спадар Ярашук таксама зрабіў шэраг камплімэнтаў на адрас АГП, назваўшы яе найбольш падрыхтаванай партыяй.

Зьезд АГП адзначыў цяжкі й зацяжны крызыс палітыкі беларуска-расейскай інтэграцыі ды прапанаваў “ажыцьцявіць рэвізію ўсіх падпісаных паміж Расеяй і Беларусьсю дамоваў, спыніць гульню ў будаўніцтва мітычнай “саюзнай дзяржавы”, а замест гэтага пабудаваць клясычную зону вольнага гандлю паміж дзьвюма дзяржавамі”.

Зьезд АГП таксама прапанаваў афіцыйна заявіць, што далучэньне да Эўрапейскага Зьвязу ёсьць доўгатэрміновай стратэгічнай мэтай Беларусі. Дзеля гэтага прапаноўваецца распрацаваць адмысловую праграму пераўтварэньняў паводле эўрапейскіх стандартаў, стварыць спэцыяльнае міністэрства і распачаць неадкладныя перамовы з Эўразьвязам.
XS
SM
MD
LG