Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАПЕЙСКІ ГУМАНІТАРНЫ ЎНІВЭРСЫТЭТ АДНАЎЛЯЕ ДЗЕЙНАСЬЦЬ


Галіна Абакунчык, Менск

Аднак выкладчыцкі калектыў непакоіцца, што прэтэнзіі ўлады на гэтым ня скончыліся. А студэнты заяўляюць, што гатовыя наладзіць ў абарону ўнівэрсытэту акцыі пратэсту.

Афіцыйнага загаду пра выдачу ліцэнзіі ЭГУ яшчэ не існуе, але Тацяну Галко, якая цяпер выконвае абавязкі рэктара, у панядзелак выклікалі ў Міністэрства адукацыі, дзе запэўнілі, што гэты дакумэнт будзе выдадзены днямі. Тыднёвую запозьненасьць свайго рашэньня міністэрскія чыноўнікі патлумачылі вялікай працоўнай загружанасьцю. Але выкладчыкі мяркуюць, што неправамоцная дзейнасьць Мінадукацыі мае іншыя прычыны. Гаворыць Тацяна Галко:

(Галко: ) “Тут ня трэба нічога дадумваць:нам было заяўлена міністрам, што ўнівэрсытэт зьвязаны з замежнымі адукацыйнымі праграмамі, што ён інтэграваны ў эўрапейскую і ўсясьветную адукацыйную прастору, і гэта не падабаецца Міністэрству адукацыі”.

У калідорах ЭГУ зьявіліся абвесткі пра тое, што ўнівэрсытэт працягвае працу. Тыя студэнты, якія былі ва ўнівэрсытэце, сёньня актыўна абмяркоўвалі апошнія падзеі:

(Студэнтка: ) “Канечне ж, мы хвалюемся за наш унівэрсытэт, бо ён унікальны”.

(Студэнтка: ) “У ЭГУ даюць такія веды, якія выхоўваюць у нас павагу да правоў чалавека. І гэтыя веды мы можам выкарыстоўваць на практыцы”.

(Студэнт: ) “Мы ўсе падпісваліся пад лістом, што студэнты жадаюць вучыцца менавіта ў ЭГУ, што мы ня ведаем прычынаў, паводле якіх нам не жадаюць працягваць ліцэнзіі. І галоўная наша мэта сёньня — каб не зьнялі з пасады нашага рэктара. Бо гэта можа стаць падставай для дэградацыі ВНУ. Калі й надалей будзе недаваньне ліцэнзіі ці нешта іншае, наступным крокам будзе мітынг”.

(Студэнт: ) “Мы будзем рабіць усё, што могуць рабіць студэнты”.

Выкладчыкі ўнівэрсытэту гэтаксама чакаюць новых захадаў з боку ўладных структураў супраць ВНУ і ягонага кіраўніцтва. Гаворыць дэкан факультэту права ўнівэрсытэту Ала Сакалова:

(Сакалова: ) “На жаль, можна лічыць, што гэта пачатак вялікага шляху абароны ЭГУ на права існаваньне ў тым выглядзе, якім ён ёсьць. Вельмі хутка распачынаецца атэстацыя, акрамя таго, мы хвалюемся за нашага рэктара — Анатоля Міхайлава. Бо канцэптуальна ідэю ЭГУ распрацаваў менавіта акадэмік Міхайлаў. Таму нам яшчэ давядзецца пазмагацца за яго”.

Цяпер у Міністэрстве рыхтуецца праект новага ўказу, паводле якога пасаду рэктара ВНУ будзе мець права займаць асоба, прызначаная чыноўнікамі вышэйшых уладных структураў.

Гл. таксама
• ЭЎРАПЕЙСКАМУ ГУМАНІТАРНАМУ ЎНІВЭРСЫТЭТУ ПАВЕДАМІЛІ ПРА ВЫДАЧУ ЛІЦЭНЗІІ
• ЭЎРАПЕЙСКІ ГУМАНІТАРНЫ ЎНІВЭРСЫТЭТ СПЫНІЎ НАВУЧАНЬНЕ
• ЭЎРАПЕЙСКІ ГУМАНІТАРНЫ ЎНІВЭРСЫТЭТ СПЫНЯЕ ДЗЕЙНАСЬЦЬ
XS
SM
MD
LG