Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРА ГЕНЭРАЛАЎ І НЯ ТОЛЬКІ


Зьміцер Падбярэскі, Менск

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Калі зірнуць на гісторыю беларускіх фэстываляў рок-музыкі, можна адзначыць даволі цікавую тэндэнцыю, якая найперш зьвязаная з той ці іншай генэрацыяй айчынных выканаўцаў. На зары зьяўленьня рок-н-ролу ў Беларусі, у 1968 годзе, у Менску прайшоў першы ў гісторыі фэстываль гэтага жанру музыкі, пасьля якога многія зь яго ўдзельнікаў перайшлі на прафэсійную сцэну. Затым была вялікая паўза на 20 гадоў. У канцы 1980-х сіламі камсамолу адбыліся фэстывалі папулярнай музыкі ў Наваполацку, якія зноў жа адкрылі шлях на прафэсійную эстраду многім выканаўцам — як хоць бы Іне Афанасьевай, Сяргею Кавалёву, Алегу Аверыну, групе “Отражение”.

У 1990-я гады эстафэту перахапіла “Рок-каранацыя”, а таксама фэстываль маладой беларускай музыкі “Басовішча”. Можна згадаць яшчэ “Тры колеры”, “Рок-кола”, аднак у сэнсе маштабнасьці яны шмат у чым саступалі таму, што было тады, у добрыя старыя часіны.

І вось сёлета “БМА-груп” наладзіла вялікі канцэрт, якому быў нададзены статус фэстывалю пад назваю “Генэралы айчыннага року”. Складаўся фэстываль зь дзьвюх частак: конкурсу маладых калектываў і выступленьня даўно вядомых камандаў. Адразу адзначу, што фэстываль выклікаў шмат спрэчак хоць бы адносна прынцыпу адбору ўдзельнікаў, хоць самой ідэі яго, здаецца, ніхто ня ганіў. У студыі Радыё Свабода — Віталь Супрановіч, прадусар, арганізатар фэсту. Вось давай уявім сабе, што фэстывалю яшчэ не было, аднак ягоныя вынікі табе ўжо вядомыя. Што б ты зрабіў ня так, як было?”

(Віталь Супрановіч: ) “Так атрымалася, што ўсё, што мы плянавалі, мы зрабілі. Можа быць, мы зрабілі бы больш рэклямы, можа яшчэ штосьці. Але цяпер мы ўсё яшчэ знаходзімся ў такой стадыі працы над гэтым фэстывалем, таму што шмат якія арганізацыйныя пытаньні яшчэ не закрытыя. Для мяне гэты фэстываль яшчэ ня скончыўся”.

(Падбярэскі: ) “У зьвязку з тым, што “Рок-каранацыя” па выніках мінулага году не адбылася, ці не жадаў ты зрабіць своеасаблівую яе замену?”

(Супрановіч: ) “Разглядаўся варыянт стварэньня на базе гэтага фэстывалю музычнай прэміі, але пра гэта ўсё яшчэ думаецца, і ў нейкім сэнсе яно, можа быць, і замяніла бы “Рок-каранацыю” ў гэтым годзе, калі яна ўсё ж такі не адбудзецца пасьля лета. Але мы, напэўна, не хацелі бы, каб “Рок-каранацыя” зьнікла з музычнага жыцьця Беларусі”.

(Падбярэскі: ) “Віталь, прызнайся шчыра: у цябе не хапіла рашучасьці адмовіць многім выканаўцам, ці ты сапраўды лічыў, што ў складаных акустычных умовах Лядовага палацу дастаткова будзе зьвесьці амаль два дзясяткі камандаў з тым, каб яны выканалі ўсяго дзьве-тры песьні кожная? Гэта, прабач, такі прынцып быў? Чым ён абумоўлены?”

(Супрановіч: ) “Першапачаткова мы, канечне, адабралі вядомыя гурты, потым вырашылі, што трэба таксама падтрымаць і маладых. Мы вырашылі зрабіць конкурс маладых гуртоў. Тое, што гутроў было шмат — ці шаснаццаць, ці сямнаццаць, можа быць, гэта было і памылкай, але ў прынцыпе я ведаю, што людзям гэта спадабалася. Кожны гурт мае сваю нейкую аўдыторыю, і, канечне, варта было, каб вядомыя гурты выступалі, напэўна, болей. Але атрымалася так, як атрымалася”.

(Падбярэскі: ) “Адносна маладых. Яшчэ адной прэтэнзіяй да арганізатараў было тое, што ў конкурсе так званых маладых групаў удзельнічалі такія каманды, стаж якіх на сцэне вызначаецца далёка не адным годам — “Гарадзкія”, скажам, ці той жа “Зьніч”. А можа сапраўды лепш было бы запрасіць малавядомыя каманды і такім чынам правесьці адбор прэтэндэнтаў на “Басовішча”?”

(Супрановіч: ) “Што б мы ні рабілі, яно можа трактавацца і з аднаго боку, і зь іншага. Мы больш падыходзілі з пазыцыі вядомасьці й невядомасьці. Калі гурт “Зьніч” мог бы тэарэтычна выступаць і ў якасьці генэралаў айчыннага року, але, думаю, што тады пытаньняў было бы яшчэ болей. Такі вось нейкі падзел існуе, хоць мы і не акцэнтавалі на гэтым увагі, а хацелі зрабіць, каб усе музыкі адчувалі сябе роўнымі на гэтай сцэне. Зьвязваць гэта з адборачным турам на “Басовішча” таксама, мне здаецца, было бы крыху няправільна, таму што тады там мусіла выступіць толькі маладых гуртоў недзе каля дваццаці”.

(Падбярэскі: ) “Перамогу ў конкурсе маладых рок-групаў атрымалі “Гарадзкія”. Вось што гаворыць лідэр групы Піт Паўлаў”.

(Піт Паўлаў: ) “Слабыя бакі? Тое, што было холадна, там было немагчыма знаходзіцца людзям. Зашмат камандаў на адзін дзень. “NRM” выскачылі на чатыры песьні. І астатнія, як я разумею, таксама звышкоратка выступалі. Конкурс — гэта заўсёды глупства такое, усё вельмі ўмоўна, адзінае, што я магу сказаць, што ён быў шчыры, што я ніяк не ўплываў ні на што, што я перамог чэсна. Мне падабаецца сам факт — як заяўка на тое, што гэты вось фэстываль будзе цыклічны. Пры гэтым зьнікае “Каранацыя”, што для мяне кепска. Няхай бы было і тое, і тое, і тое”.

(Падбярэскі: ) “Віталь! Ня будзем кранаць фінансавых вынікаў — прыхільнікі беларускай рок-музыкі ёсьць, трэба думаць, і сярод працаўнікоў падатковых органаў. А вось мастацкім бокам фэсту ты задаволены?”

(Супрановіч: ) “Напэўна, што так. Мне канцэрт вельмі спадабаўся. Я ведаю, што ёсьць розныя думкі пра яго, заля вялікая і, напрыклад, тым, хто быў на танцполе, напэўна спадабалася больш. Хто быў на сэктарах, — камусьці гэта спадабалася, камусьці не. Галоўнае, што мы зрабілі нейкую падзею, якая, я думаю, дасьць нейкі штуршок для разьвіцьця беларускай музыкі. Мы, можа быць, пакуль гэтага не асэнсоўваем, і я не магу сказаць, што ўсё атрымалася выдатна, але я магу сказаць, што ўсё атрымалася добра”.

(Падбярэскі: ) “Навіна, якую ты пачуеш першы. Кіраўніцтва Беларускай службы Радыё Свабода прыняло рашэньне заснаваць штогадовую прэмію для беларускіх рок-музыкантаў. Думаю, што ў далейшым мы зможам кантактаваць яшчэ бліжэй з тым, каб калі “Генэралы” застануцца на музычнай карце Беларусі, мы зможам са свайго боку таксама ўзнагароджваць музыкантаў. Ці можаш ты сёньня ўпэўнена казаць пра нейкія пэрспэктывы гэтага праекту?”

(Супрановіч: ) “Пасьля таго, як адбыўся фэстываль, я магу сказаць, што ён будзе працягвацца. Тое, што прыйшлі людзі (даволі шмат іх было, каля дзьвюх тысяч чалавек), ён будзе разьвівацца. Мы шукаем працягу гэтага фэстывалю, напэўна, штосьці з гэтай формы застанецца, штосьці будзе па-іншаму. Можа быць, гэта ўжо будзе і не фэстываль, гэта будзе музычная прэмія… Мы знаходзімся ў такім вось творчым пошуку. Як адзін з варыянтаў, можа быць, з восені пачнем праводзіць сольныя канцэрты кожнага гурту з выступам аднаго-двух маладых у нейкім клюбе, а потым, як вынік, у канцы сэзону адбудзецца такі вось вялікі канцэрт”.

(Падбярэскі: ) “Генэральным спонсарам канцэрту выступіла фірма “БЕЛПІ”. Вось што гаворыць адзін зь яе кіраўнікоў Зьміцер Дайнэка”.

(Зьміцер Дайнэка: ) “Самім нам, з бацькамі, з братамі, вельмі падабаецца беларуская музыка, у прыватнасьці, рок. І таму мы гэта падтрымалі. Мне здаецца, што ўдала даволі, і ня чуў я ніводнага такога нэгатыўнага водгуку, толькі станоўчыя. Усе, каго мы запрашалі, усе сказалі, што шоў атрымалася супэр”.

(Падбярэскі: ) “Пытаньне па-за тактам, якое я задаў спадару Дайнэку, было такое: наколькі маральным выглядае той факт, што вытворца сьпірытусавых напояў выступае спонсарам моладзевай імпрэзы?”

(Дайнэка: ) “Абсалютна нармальна! Я ня бачу тут анічога амаральнага ў тым, што мы вырабляем гарэлку і падтрымліваем беларускі рок. Тым больш, што нашыя напоі нятанныя, іх людзі не ўжываюць штодзённа ў вялікіх колькасьцях. Я ня бачу тут ніякіх праблемаў абсалютна”.

(Падбярэскі: ) “Віталь! Чаго ў выніку ты найбольш прыдбаў: задавальненьня ці ўсё ж галаўнога болю?”

(Супрановіч: ) “Мы больш прыдбалі вопыту. Мы ўжо, канечне, сутыкаліся з такога ўзроўню пляцоўкамі. Гэта вельмі складана, у нас вельмі шмат перашкодаў, каб гэта можна было рабіць спакойна, і вельмі часта замест таго, каб прадумваць сцэнар мерапрыемства, займацца ягонай рэклямай, ты змушаны займацца тым, каб гэта ўвогуле адбылося. Гледачы нічога гэтага ня бачаць і не павінны ў прынцыпе ведаць. Тут ёсьць і маральнае задавальненьне, што гэта ўсё ж такі адбылося”.

(Падбярэскі: ) “Ну што ж, я пажадаю табе посьпехаў у будучыні і выкажу спадзяваньне на тое, што ў рамках гэтага праекту і з генэраламі, і з пачаткоўцамі мы яшчэ неаднойчы сустрэнемся”.
XS
SM
MD
LG