Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК У БЕЛАРУСІ ЗАХОЎВАЮЦЦА БОЕПРЫПАСЫ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У Беларусі нямала сховішчаў, падобных на базу захоўваньня артылерыйскіх снарадаў пад Запарожжам. Паводле незалежных крыніцаў, на адлегласьці 30–50 кілямэтраў ад кожнага абласнога цэнтру ёсьць прынамсі дзьве-тры падобныя базы. Частка іх месьціцца таксама недалёка ад чыгуначных вузлоў ды невялікіх райцэнтраў. Тлумачыцца гэтая насычанасьць той роляй, якую савецкія вайсковыя стратэгі надавалі Беларусі ў магчымай вайне. Як і Ўкраіна, Беларусь разглядалася ў якасьці другога эшалёну для савецкіх войскаў, разьмешчаных ва Ўсходняй Эўропе. Менавіта зь беларускай тэрыторыі плянавалася забясьпечваць заходні фронт снарадамі, мінамі, бомбамі й ракетамі.

Пасьля распаду СССР гэтыя арсэналы дасталіся новым незалежным краінам, але прыбыткаў яны не прынесьлі ніякіх, толькі выдаткі. Прыкладам, толькі на зьнішчэньне 3,5 мільёнаў мінаў Беларусі трэба больш за 35 мільёнаў даляраў, але такі грошай у бюджэце няма.

Найперш адмыслоўцы кажуць, што боезапасы небясьпечныя для людзей, якія жывуць непадалёк ад сховішчаў і нават нічога пра іх ня ведаюць, бо гэтыя аб’екты лічацца сакрэтнымі. Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін зьвяртае ўвагу на наступную акалічнасьць:

(Алесін: ) “Праблема ў тым, што сховішчы закрытага тыпу ёсьць не для ўсіх боепрыпасаў. Частка зь іх захоўваецца ў штабэлях на адкрытым паветры, толькі зьверху ёсьць такія накладныя дахі. І натуральна, што гэтыя сховішчы пад уплывам сонца, дажджу, сьнегу становяцца вельмі небясьпечнымі. Прыкладам, у скрынях для снарадаў перасыхае гэтак званая ўкупорка, якая ўнутры фіксуе снарады. Выпадкаў пажараў на такіх сховішчах хапае, бо для пажару дастаткова ўдару маланкі. Такім чынам, праблема насамрэч існуе”.

У 1996 годзе на сховішчы непадалёк ад вёскі Шышчыцы Слуцкага раёну некалькі дзён бушаваў пажар і ўзрываліся снарады. Выбухамі раскідвала неразарваныя снарады на некалькі кілямэтраў. Ці зрабілі вайскоўцы высновы з таго выпадку? Палкоўнік Леанід Захаранка зь Міністэрства абароны асабіста ведае, што значыць выбух сховішча боепрыпасаў:

(Захаранка: ) “Гэта жахліва, калі ня ведаеш, што адбудзецца ў наступнае імгненьне, — ці ў цябе паляціць гэтая ракета, ці куды. Гэта жахліва. Але я ня бачу тут магчымасьці праводзіць паралелі”.

Паводле палкоўніка Захаранкі, той выпадак прымусіў вайскоўцаў зьвярнуць больш пільную ўвагу на падобныя аб’екты. Леанід Захаранка паведаміў, што і на здарэньне ў Запарожжы беларускія вайскоўцы адрэагавалі дадатковымі праверкамі ўмоваў захаваньня боепрыпасаў. Што тычыцца кардынальнага вырашэньня праблемы, то вайскоўцы спадзяюцца на паступовае зьнішчэньне артылерыйскіх снарадаў на адмысловых заводах:

(Захаранка: ) “Два заводы існуе ў канцэрне парашковай мэталюргіі, і вось яны займаюцца ўтылізацыяй снарадаў”.

Між тым, паводле падлікаў аглядальніка Аляксандра Алесіна, пры сёньняшніх тэмпах гэтая ўтылізацыя зойме яшчэ 20–30 гадоў. За гэты час боепрыпасы стануць яшчэ больш небясьпечнымі. “Сваіх сілаў у справе зьнішчэньня боепрыпасаў Беларусі яўна не хапае, а да міжнародных праграмаў дапамогі Беларусь ставіцца па-рознаму”, — заўважае аглядальнік. У якасьці прыкладу Аляксандар Алесін нагадаў, што Беларусь адмовілася ад дапамогі амэрыканцаў паводле вядомай праграмы Нана-Лугара. Адбылося гэта ў сярэдзіне 1990-х гадоў, пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG