Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАГРАЖАЕ БЕЛАРУСІ НЕБЯСЬПЕКА З БОКУ МІЖНАРОДНАГА ТЭРАРЫЗМУ?


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, як вы лічыце: ці пагражае Беларусі небясьпека з боку міжнароднага тэрарызму?”

(Спадарыня: ) “Можа быць. Таму што Беларусь не ізаляваная ад усяго сьвету, яна знаходзіцца ў цэнтры Эўропы”.

(Спадар: ) “Усюды езьдзяць, свабодна перасоўваюцца. А як можна кожнага праверыць? Хто ён такі: чэсны альбо нячэсны, добры альбо дрэнны?”

(Юнак: ) “Не, я мяркую, мы на міжнароднай арэне нічога такога не рабілі, што магло б справакаваць якія-небудзь дзеяньні з боку іншых дзяржаваў. Дзякуй Богу, што ў нас усё спакойна і, напэўна, так і будзе”.

(Спадар: ) “Не, не пагражае. Мне падаецца, што ў нас такая стабільная сытуацыя, што ніякіх пагрозаў быць не павінна”.

(Спадар: ) “Мне падаецца, што не — на сёньняшні дзень. Паколькі Беларусь не настолькі вядомая ў сьвеце і не настолькі ўплывае на нейкія працэсы, якія адбываюцца ў сьвеце. Аднак асьцерагацца трэба. Быць пільнымі, уважлівымі: хто што нясець, хто што вязець. Усё павінна быць пад кантролем”.

(Спадар: ) “Трэба глядзець пільна. Аднак у Расеі — і глядзяць, але з Чачэніяй ніяк ня могуць парадку навесьці”.

(Спадар: ) “Гэта залежыць ад дзяжавы — дзе, хто і як. Што робіцца, якую палітыку праводзіць дзяржава”.

(Карэспандэнтка: ) “Якое вашае меркаваньне: ці пагражае Беларусі небясьпека з боку міжнароднага тэрарызму?”

(Дзяўчына: ) “Калі каротка, то пагражае. Натуральна. У Расею ўжо прыйшло гэта бедзтва. А мы блізка, так што можа быць усё ў нас таксама”.

(Дзяўчына: ) “Мабыць, калі мы будзем з Расеяй, то вельмі рэальна ёсьць магчымасьць, што да нас з Расеі прыйдзе тэрарызм. А калі мы будзем асобна разьвівацца, то можа і не”.

(Спадарыня: ) “Мяркую, што не. Надта ў нас добрыя людзі для таго, каб тут тэрарызм разьвіваўся”.

(Спадар: ) “Наўрад ці. Проста рэспубліка больш-менш спакойная, народ спакойны, наўрад ці сюды хто палезе. Мы нікому не перашкаджаем і нам, на мой погляд, не павінны перашкаджаць”.

(Спадарыня: ) “Мы дружалюбная краіна, мы спагадлівыя, мы да ўсіх добра ставімся”.

(Спадарыня: ) “Мы людзі мірныя, нікому зла не жадаем. Не рабі зла нікому, тады і табе зла ня будзе”.
XS
SM
MD
LG