Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОЛЬКІ БУДУЦЬ КАШТАВАЦЬ ВІЗЫ ДЛЯ БЕЛАРУСКІХ ТУРЫСТАЎ?


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кіраўнік консульскай службы амбасады Баўгарыі ў Беларусі Эміл Самарджыеў правёў адмысловую прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой распавёў пра парадак і ўмовы афармленьня турыстычных візаў у гэтую краіну на летні сэзон 2004 году:

(Самарджыеў: ) “Адносна візаў. Консульскі збор застаецца ранейшым — 20 эўра. Дзецям да 16 гадоў візы бясплатныя. І будзем, як і летась, ставіць двухразовыя, калі ў турыстычным ваўчары будзе запісана, што гэтыя людзі паедуць на экскурсію ў Турцыю, Македонію ці Грэцыю. Вельмі жорсткія ўказаньні мы атрымалі зь Міністэрства замежных справаў Баўгарыі адносна фатаздымкаў. Яны павінны быць 3,5 на 4,5 сантымэтра, каляровыя і на шэрым фоне”.

Турыстычная фірма падае ўсе неабходныя дакумэнты сваіх кліентаў у амбасаду. Паводле спадара Самарджыева, баўгарская віза ставіцца цягам 2–3 сутак. Тэрміновая віза робіцца за суткі, але каштаваць яна будзе 30 эўра. А калі беларускі турыст захоча атрымаць тэрмінова баўгарскую візу ў выходныя дні, то ён заплаціць за гэту паслугу ўжо 40 эўра.

Калі ж грамадзянін Беларусі захоча адпачыць у Баўгарыі ня ў складзе тургрупы, а самастойна, то павінен падаць у амбасаду пацьверджаньне з баўгарскага гатэлю, дзе плянуе спыніцца, а таксама сродкі з разьліку 50 эўра на кожны дзень знаходжаньня ў краіне.

Значна больш жорсткія ўмовы атрыманьня візы для паездак у краіны Шэнгенскага пагадненьня — Францыю, Гішпанію, Партугалію, Італію і Грэцыю. Пра гэта мне паведамілі ў шэрагу менскіх турагенцтваў. Тыя беларускія турысты, якія захочуць адпачываць у гэтых краінах, павінны асабіста прадставіць у амбасады даведку зь месца працы, дзе ўказаныя пасада, даход і час адпачынку працаўніка, ксэракопію працоўнай кніжкі. Шэнгенскія візы, якія каштуюць 35 эўра, могуць быць выдадзеныя толькі пасьля сумоўя турыста з супрацоўнікамі консульскай службы.

Пры гэтым, напрыклад, грэцкую візу беларускі турыст можа атрымаць толькі ў амбасадзе гэтай краіны ў Маскве. У расейскай сталіцы выдаюць візы беларусам і амбасады Харватыі, Кіпру ды Мальты. Для ўезду ў гэтыя краіны ад турыста патрабуюцца фактычна тыя ж дакумэнты, што і для паездак у Шэнгенскую зону, але без абавязковага асабістага сумоўя. Кіпрыйская віза каштуе 30 даляраў, мальтыйская каля 40, харвацкая каля 60.

Недарагімі будуць візы для беларусаў, якія захочуць адпачыць у Румыніі — 10 даляраў. Але калі ехаць праз гэтую краіну транзытам, кошт візы вырастае да 35 даляраў.

Няма ніякіх візавых праблемаў для паездак беларускіх турыстаў у Турцыю, Эгіпэт і Туніс. Візы ставяцца непасрэдна ў аэрапортах і на памежных пераходах гэтых краінаў. Кошт турэцкай візы — 20 даляраў, эгіпэцкай — 15 даляраў, туніская віза ўвогуле выдаецца бясплатна.

Зусім не патрэбныя візы для паездак на курорты Расеі, Украіны і Чарнагорыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG