Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“БУТЭЛЕЧКА АЛЬБО ПРЭЗЫДЭНТ НА ДРЭВЕ” ВАСІЛЯ БЫКАВА Ў НОВЫМ НУМАРЫ “ДЗЕЯСЛОВА”


Валянціна Аксак, Менск

Апавяданьне “Бутэлечка альбо Прэзыдэнт на дрэве” было напісанае напрыканцы мінулага стагодзьдзя, аднак у той час не магло быць надрукаваным. Вось як яго характарызуе Міхась Тычына, знаны літаратуразнаўца, складальнік васьмітомнага збору твораў Быкава (які, дарэчы, ужо некалькі гадоў абяцае выдаць, але не выдае дзяржаўнае выдавецтва “Мастацкая літаратура”).

(Тычына: ) “Тут у самой назьве ўжо прысутнічае такая горкая, а можа й чорная іронія, бо я тут падтэкст прачытваю такі, які згадваў Алесь Адамовіч у рамане “Карнікі”. У яго там ёсьць разьдзел, прысьвечаны аднаму з самых вялікіх дыктатараў дваццатага стагодзьдзя, і называецца гэты разьдзел “Чым вышэй малпа ўздымаецца па дрэве, тым лепш відаць яе голы зад”. Вось я думаю, што гэта сэнс Быкаўскай прыпавесьці”.

Нагадаем, што два папярэднія нумары “Дзеяслова” таксама адкрывалі чытачам невядомыя творы Васіля Быкава: у восьмым друкаваліся мініятуры, а ў сёмым — аповесьць “Афганец”. Але ў архіве творчае спадчыны пісьменьніка яшчэ шмат невядомых старонак. Гаворыць Міхась Тычына:

(Тычына: ) “Я хачу сказаць, што ў архіве засталіся яшчэ некаторыя рэчы, якія вельмі востра ўспрымаюцца, успрымаюцца так, быццам напісаныя сёньня. Ну але гэта — асаблівасьць Васіля Быкава, як творцы, што ён пісаў так, з такім адчуваньнем, быццам гэта ня толькі на адзін дзень, але на вялікі час разьлічана”.

Усе свае ненадрукаваныя рэчы Васіль Быкаў хацеў уключыць у том выбраных твораў, які яшчэ пры ягоным жыцьці рыхтаваўся ў залатой сэрыі незалежнага выдавецкага праекту “Беларускі кнігазбор”. Але днямі ён зьявіўся з друкарні бяз гэтых твораў. Складальнік тому Міхась Тычына так патлумачыў рашэньне выдаўцоў:

(Тычына: ) “Мы вырашылі разам з выдаўцамі Кастусём Цьвіркам і Генадзем Вінярскім уключыць найперш хрэстаматыйныя рэчы, нягледзячы на тое, што яны як бы ўжо вядомыя чытачу і ўвайшлі ў школьныя і ўнівэрсытэцкія праграмы. Тым ня менш, разьлічваць трэба на тых, хто найперш пацягнецца да паліцы, дзе зьявіцца вось гэты том, — студэнтаў, навучэнцаў, ліцэістаў”.

А часопіс “Дзеяслоў” тым часам абяцае і ў наступных нумарох друкаваць невядомыя творы з архіву Быкава. Пры гэтым выдаўцы сутыкаюцца з сур’ёзнымі цяжкасьцямі ў распаўсюдзе выданьньня. Нягледзячы на тое, што часопіс афіцыйна зарэгістраваны ў міністэрстве інфармацыі, дзяржаўны манапаліст распаўсюду пэрыёдыкі “Белпошта” адмаўляецца праводзіць падпіску на “Дзеяслоў” і прадаваць яго праз шапікі.
XS
SM
MD
LG