Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“ТАТАРСКАЯ МОВА Ў РАСЕІ МАЕ БОЛЬШ ПРАВОЎ, ЧЫМ БЕЛАРУСКАЯ — У НЕЗАЛЕЖНАЙ БЕЛАРУСІ”


Валянцін Жданко, Менск

Ужо дванаццаць гадоў, як Беларусь стала незалежнай дзяржавай. Але і сёньня пытаньні пра тое, ці захавае яна сваю незалежнасьць, ці ёсьць дзяржаўны сувэрэнітэт каштоўнасьцю для большасьці беларускага грамадзтва застаюцца актуальнымі. Адзін са шматлікіх лістоў на гэтую тэму даслала нам настаўніца Вольга Бондарава зь Менску. Яна піша:

“Чамусьці тыя, хто выступаюць па Свабодзе, вельмі баяцца страты Беларусьсю незалежнасьці. А што ад той незалежнасьці засталося? Мова? Гістарычныя сымбалі? Гонар за дастойнае месца сваёй краіны ў сьвеце? Калі бываю за мяжой, мне сорамна казаць пра тое, што я зь Беларусі. На мяне глядзяць так, нібы я прыехала зь дзікага краю, дзе жывуць людзі, у якіх няма ўяўленьня ні пра дэмакратыю, ні пра нацыянальны гонар, ні пра цывілізацыю.

Ад незалежнасьці ў Беларусі засталася толькі нічым не абмежаваная ўлада мясцовых начальнікаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. Стане Беларусь расейскай правінцыяй — гэта будзе толькі на карысьць беларускасьці. Параўнайце, калі лепей пачувалі сябе беларуская мова, культура, літаратура — цяпер ці ў Савецкім Саюзе? Калі было болей беларускіх школаў, газэтаў, калі на беларускай мове працавалі тэлебачаньне і радыё? Адказ відавочны для любога — параўнаньне зусім не на карысьць незалежнай Беларусі.

Татарская альбо бурацкая мовы ў Расеі маюць значна больш правоў і дзяржаўнай падтрымкі, чым беларуская мова ў незалежнай Беларусі. А калі Лукашэнка стане губэрнатарам аўтаномнай Беларускай рэспублікі ў складзе Расейскай Федэрацыі — Крэмль імгненна спыніць ягоныя дыктатарскія замашкі. Дэмакратыі, свабоды, плюралізму ў Беларусі стане значна болей, чым цяпер. Прынамсі, нікога за бел-чырвона-белы сьцяг альбо за пікет у камэру кідаць ня будуць. Так што і Радыё Свабода, і ўсе беларускія дэмакраты, і нават нацыяналісты павінны патрабаваць як мага хутчэй правесьці рэфэрэндум з пытаньнем: “Ці хочаце вы, каб Беларусь увайшла ў склад Расейскай Федэрацыі на правах суб’екту?” Я ўпэўненая: за гэта выкажацца 75% беларускага насельніцтва, і ў выніку ўсе, апроч Лукашэнкі і ягоных памагатых, будуць задаволеныя”.

Ня думаю, спадарыня Бондарава, што вашы прагнозы спраўдзіліся бы, калі б у Беларусі адбыўся такі рэфэрэндум. Падобныя вынікі былі магчымыя ў сярэдзіне 1990-х гадоў. На працягу апошняга дзесяцігодзьдзя колькасьць тых жыхароў Беларусі, якія ня бачаць патрэбы ў незалежнасьці беларускай дзяржавы, увесь час скарачалася. Цяпер яна вагаецца ў межах 25%.

Так, вашы горкія словы і пра мову, і пра культуру, і пра нацыянальны гонар шмат у чым слушныя. Праўдзівыя і параўнаньні з савецкім мінулым: нават тады беларуская мова і культура мела большую дзяржаўную падтрымку і спрыяньне, чым цяпер. І зусім магчыма, што праблемы з дэмакратыяй і правамі чалавека не стаялі бы ў Беларусі так востра, калі б яна стала расейскай губэрняй. Але гэта — вельмі абмежаваны погляд, без уліку гістарычнай пэрспэктывы. Дзяржаўная незалежнасьць — найвялікшая каштоўнасьць для любой нацыі. Праблема Аляксандра Лукашэнкі і беларускай самаізаляцыі непазьбежна вырашыцца — калі не за год, дык за тры, за пяць гадоў. Беларусь яшчэ будзе мець шанец стаць на той жа шлях, што і эўрапейскія суседзі, і адрадзіць тое, што цяпер прыніжаецца і ганьбуецца. Але, калі яна страціць сваю дзяржаўную незалежнасьць, такога шанцу ў яе ўжо, хутчэй за ўсё, ня будзе.

На гэтую ж тэму — ліст ад Часлава Хвайніцкага са Смаргоні. Слухач піша:

“У начальнікаў цяпер адна праблема — як стварыць “саюзную дзяржаву”, далучыўшы Беларусь да Расеі цалкам ці абласьцямі, і атрымаць ад “старэйшых братоў” за гэта крамлёўскія крэслы. У Беларусі на дзяржаўным узроўні адзначаюць расейскія гістарычныя даты, нават тыя, якіх і расейцы ўжо не сьвяткуюць (як гадавіна бальшавіцкага перавароту 1917 году). З 1918 году ўсе нацыянальна сьвядомыя беларусы адзначаюць дзень абвяшчэньня БНР 25 сакавіка як найвялікшае сьвята свайго народу. А цяперашнія ўлады гэтую дату ігнаруюць. Але настане час, калі беларусы будуць адзначаць даты вызваленьня сваёй радзімы і з-пад царызму, і з-пад фашызму, і з-пад бальшавізму, і ад Лукашэнкі”.

Ня думаю, спадар Хвайніцкі, што ў высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў надта вялікае жаданьне, каб над імі зьявіліся маскоўскія начальнікі і кантралёры. Гіпатэтычнае ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі не дае ім ніякіх гарантыяў службовых кабінэтаў у Маскве, а вось іхную ўладу, магчымасьці, доступ да рэсурсаў істотна абмежавала бы. Гэта датычыць фактычна ўсёй найвышэйшай чыноўніцкай намэнклятуры ў Беларусі, уключна з самім Лукашэнкам. Што да гістарычных датаў, якія афіцыйна адзначаюцца цяпер у Беларусі, то ў гэтым выяўляецца хутчэй імкненьне ўлады дагадзіць настальгічным пачуцьцям часткі беларусаў па савецкім, а не расійскім мінулым. Сьвяткуецца гадавіна бальшавіцкага перавароту, але ніяк не адзначаецца, напрыклад, дзень расейскай канстытуцыі альбо расейскай незалежнасьці.

Ліст, які даслаў на Свабоду Мікола Бусел зь мястэчка Дуброва Сьветлагорскага (Парыцкага) раёну. Слухач піша:

“Жыць у Беларусі стала весялей. Ну, хоць бы паслухаўшы пра загады менскага начальства, каб настаўнікі трымалі сьвіней ды курэй — хто не заўсьміхаецца? А былі ж часы! Памятаеце, пад канец камунізму ўлада залямантавала: “Галоўная задача — накарміць народ!” (Нібы гэта не народ іх, дармаедаў, карміў, а яны яго.) Збацаўшы гэтак званую “Харчовую праграму”, паспрабавалі накарміць, але не пасьпелі. Праўда, добра памятаю, што Беларусь гэную праграму выканала. А цяпер? Калі наўкол адны посьпехі і дасягненьні, пра што кажа рэжым, дык нашто б тыя куры ды сьвіньні ў школах? А мо, у дадатак да дыплёма настаўніка, навучаць будучых пэдагогаў і сьвінагадоўлі? Гэта цынічны зьдзек з настаўнікаў, іначай не назавеш.

Зрэшты, па Свабодзе ня чуў грунтоўнага аналізу сельгассправаў. А тут яшчэ гэтая заява Лукашэнкі пра тое, што трэба аддаць калгасы тым, хто мае грошы. Якія наступствы і тэндэнцыі? Мо гэта стварэньне клясы памешчыкаў на дзяржаўных латыфундыях? Падрыхтуйце добры аналіз, і не на 15 хвілінаў: гэтую кучу гною меней як за паўгадзіны не разьбярэш”.

Слушная заўвага, спадар Бусел: тэма важная, і мы будзем надаваць ёй належную ўвагу. Што да сувязі школы са сьвінагадоўляй, то гэта, як і многія іншыя ініцыятывы беларускіх начальнікаў, ня ёсьць вынаходзтвам сёньняшняй улады. За камуністамі ствараць і ўтрымліваць сьвінарнікі вымушаныя былі і школы, і вайсковыя часткі, і прамысловыя прадпрыемствы. Для многіх гэта было адзінай магчымасьцю дзеля таго, каб мець на сваіх сталах мясныя прадукты.

Тое, што ракетная частка стратэгічнага прызначэньня мела ў сваім штатным раскладзе даглядчыкаў сьвіней — з пункту гледжаньня разважнага сэнсу, відавочна, было абсурдам. Але савецкае грамадзтва, якое прывыкла стаяць у чэргах і нічога іншага ад калгаснай сыстэмы не чакала, да гэтага прызвычаілася. У 1970–80-я гады гэта ўспрымалася як тыповая зьява савецкай рэчаіснасьці.

На заканчэньне ліст ад удзельніка вайны Віктара Скарахода зь Менску. Слухач піша:

“Зь перадачаў Свабоды даведаўся, што старшыня Канстытуцыйнага суду Беларусі Рыгор Васілевіч ня бачыць перашкодаў дзеля таго, каб Лукашэнка застаўся кіраваць Беларусьсю яшчэ пяць год. Гэта думка дзяржаўнага палітыка вышэйшага рангу, які павінен стаяць на варце непарушнасьці і недатыкальнасьці Канстытуцыі. Калі ўжо сам старшыня Канстытуцыйнага суду за трэці тэрмін для Лукашэнкі, дык цяжка давядзецца роднай Беларусі. Няхутка ёй удасца ачуняць ад такога зьдзеку і заняць сваё месца ў Эўропе”.

Пасьля 1996 году ў Беларусі, спадар Скараход, няма незалежнага Канстытуцыйнага суду. Судзьдзяў у гэты суд прызначае сам Лукашэнка, альбо асобы, якія ад яго цалкам залежныя. Паводле дзейнай Канстытуцыі, Аляксандар Лукашэнка ня мае права прэтэндаваць на тое, каб застацца пры ўладзе пасьля 2006 году. А старшыня Канстытуцыйнага суду ня бачыць нічога заганнага ў тым, каб ва ўгоду палітычным амбіцыям адной асобы чарговы раз перапісаць Канстытуцыю, на варце якой гэты суд нібыта павінен стаяць.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі шэраг допісаў на конкурс “Мая Свабода”, прысьвечаны 50-гадоваму юбілею Беларускай службы Радыё Свабода. Свае развагі і ўспаміны нам даслалі Эльжбета Ліберман з пасёлку Палескі Лунінецкага раёну, Алена Фірко са Смаргоні, Кірыл Мацкевіч і Веніямін Галубчык зь Менску, Алена Лягун зь Пінску, Генадзь Бедункевіч зь Берасьця, Міхаіл Жукаў з Баранавічаў, Леў Мятла з Наваполацку, Антон Барахоўскі зь Вялейкі, Мікола Саскевіч з Калінкавічаў, Дзьмітры Ахрымук з Кобрына, Дзьмітры Чарвякоў зь вёскі Замачульле Бялыніцкага раёну, Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сугакі Ваўкавыскага раёну, Зьміцер Падрэз зь Мядзела, Антон Жалейка зь вёскі Навасёлкі Пастаўскага раёну, Уладзімер Шык з Паставаў і Валянцін Бойка з Мазыра.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG