Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ – 9 ДЫ 10 ТРАЎНЯ


Ул. інф.

Спачатку – пра каляндар учорашняе нядзелі.

Учора ў Беларусі адзначаўся Дзень перамогі. 9 траўня 1945 году на жаданьне Сталіна Акт капітуляцыі Нямеччыны ў другой сусьветнай вайне быў паўторна падпісаны ў Бэрліне з удзелам прадстаўнікоў Савецкага Саюзу. З гэтай прычыны Дзень перамогі ў краінах савецкага блёку адзначаўся менавіта 9 траўня, а ня днём раней, як у астатнім сьвеце.

9 траўня 1866 году ў Горадні нарадзіўся тэатральны мастак Леў Бакст, сапраўднае прозьвішча якога Розэнбэрг. Пасьля бальшавіцкае рэвалюцыі ён, як і многія ягоныя калегі, пераехаў у Парыж, дзе працы Бакста карысталіся вялікім посьпехам, а сам ён шчасьліва дажыў да старасьці.

Гісторык і этнограф Міхал Мялешка, які прыйшоў на сьвет на Мядзельшчыне 9 траўня 1892 году, ад бальшавікоў не ўцякаў, і ягоная кар’ера завяршылася з пачаткам сталінскіх рэпрэсіяў, яшчэ ў 1930-м годзе. Арышты і ссылкі скончыліся ўрэшце паведамленьнем: пасьля 1940 году лёс вучонага невядомы. Засталіся працы Міхала Мялешкі, адна зь якіх – “Камень у вераваньнях і паданьнях беларусаў”.

Учора споўнілася 75 гадоў мастаку-графіку Людвігу Асецкаму, заслужанаму дзеячу мастацтваў Беларусі.

Таксама 9 траўня ў розныя гады прыйшлі на сьвет нямецкі прамысловец Адам Опэль, які заснаваў аднайменную аўтамабільную фірму; гішпанскі пісьменьнік Хасэ Артэга-і-Гасэт і расейскі бард Булат Акуджава, якому ўчора споўнілася 80 гадоў.

А вось некалькі запамінальных датаў дня сёньняшняга.

10 траўня 1864 году царскія карнікі расстрэльваюць у Магілёве Міхала Аскерку. У часе паўстаньня Каліноўскага 28-гадовы лекар Аскерка быў паўстанцкім камісарам Менскай губэрні. А ў такі самы дзень 1940 году ў Варшаве ад нямецкай кулі гіне генэрал Станіслаў Булак-Балаховіч, які пакінуў выразны сьлед у беларускай гісторыі і быў пасьлядоўным змагаром супраць расейскага бальшавізму.

10 траўня – дзень нараджэньня пісьменьніка Янкі Маўра. Кожны беларус у дзяцінстве чытаў ягоныя кнігі “У краіне райскай птушкі”, “Амок”, “Палескія рабінзоны”, “ТВТ”. Таксама 10 траўня прыйшлі на сьвет паэты Сьцяпан Гаўрусёў і Сяргей Панізьнік.

А яшчэ ў гэты дзень у розныя гады нарадзіліся францускі паэт і кампазытар, аўтар “Марсэльезы” Клёд Ружэ дэ Ліль; ангельскі лёрд і заснавальнік гарбатнай кампаніі Томас Ліптан; і два славутыя забойцы: Джон Бут, які застрэліў прэзыдэнта ЗША Аўрама Лінкольна, і Марк Чапмэн, які забіў Джона Ленана. Кажуць, што забойцы вялікіх людзей робяць сваю чорную справу, каб самім патрапіць у гісторыю. Выглядае, што гэтыя два сваёй мэты дасягнулі.
XS
SM
MD
LG