Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЫМ СЛАВАЧЧЫНА МОЖА ДАПАМАГЧЫ БЕЛАРУСІ?


Натальля Судлянкова, Прага

(Пэтар Вайс: ) “Славацкая рэспубліка знаходзіцца на ўсходняй мяжы Эўразьвязу, разам з Польшчай і Вугоршчынай. І таму, натуральна, мы выключна зацікаўленыя ў тым, каб браць удзел у фармаваньні ўсходнеэўрапейскай палітыкі пашыранага Эўразьвязу. Пасьля рэвалюцыі 1989 году мы спадзяваліся на падтрымку і салідарнасьць з боку разьвітых краінаў сьвету. Гэтую дапамогу мы атрымалі. Цяпер, калі мы далучыліся да Эўразьвязу, сталі сябрамі НАТО, мы таксама гатовыя быць салідарнымі з тымі, хто жыве ўва Ўкраіне, Беларусі, на Балканах, гэтак жа, як і з народамі Каўказу”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці будзе Славаччына імкнуцца падтрымліваць інтарэс да беларускай праблематыкі ў Эўразьвязе? Наколькі важным будзе ўсходнеэўрапейскі вэктар у замежнай палітыцы аб’яднанай Эўропы?”

(Пэтар Вайс: ) “Я перакананы, што мы можам выкарыстаць свой досьвед трансфармацыі, а таксама нашыя веды й стасункі з краінамі былога СССР у часе фармаваньня палітыкі аб’яднанай Эўропы ў дачыненьні да ўсходнеэўрапейскіх краінаў. Са славянскімі краінамі нас шмат зьвязвае. У нас падобная культурная ідэнтычнасьць, нашыя мовы блізкія адна да адной, нам прасьцей паразумецца. Нашым прыярытэтам у рамках сумеснай замежнай палітыкі Эўразьвязу зьяўляецца фармаваньне палітыкі ў дачыненьні да ўсходнеэўрапейскіх краінаў. Мы хочам, каб як мага хутчэй на нашых усходніх межах былі створаныя квітнеючыя, сацыяльна-арыентаваныя дэмакратычныя краіны з рынкавай эканомікай. Дзеля бясьпекі і разьвіцьця эканомікі Славаччыны мы зацікаўленыя ў тым, каб нашыя суседзі былі стабільнымі краінамі”.

(Карэспандэнтка: ) “Эўразьвяз рыхтуе да рэалізацыі праект, што атрымаў назву “Пашыраная Эўропа”. Мэта гэтага праекту – дэмакратызацыя суседніх з Эўразьвязам краінаў, а таксама падтрымка рынкавых і сацыяльных рэформаў новых суседзяў. Якім будзе ўдзел Славаччына ў гэтай праграме?”

(Пэтар Вайс: ) “Калі разглядаць наш магчымы ўдзел у ажыцьцяўленьні праекту, што атрымаў назву “Пашыраная Эўропа”, варта ўлічыць наш досьвед падрыхтоўкі да далучэньня да Эўразьвязу, а таксама да НАТО. На гэтым шляху мы рабілі шэраг памылак, і нашым сябрам зь іншых краінаў лепей вучыцца на нашых памылках, чым рабіць свае. І таму мы мяркуем, што наша know-how што да працэсу трансфармацыі, стварэньня новай заканадаўчай базы, а таксама рэфармаваньня гаспадаркі й дэмакратызацыі палітычнай сыстэмы можа быць карысным для іншых краінаў, у тым ліку, і для Беларусі. І мы гатовыя азнаёміць гэтыя краіны з нашым досьведам”.

(Карэспандэнтка: ) “Адным з асноўных рухавікоў рэформаў у Славаччыне былі недзяржаўныя арганізацыі. Чым стаў гэты рух для Славаччыны?”

(Пэтар Вайс: ) “Славаччына мае ўнікальны досьвед працы недзяржаўных арганізацыяў, у гэтым сэнсе мы добра разумеем, што адбываецца ў Беларусі. Цягам 1990-х гадоў у Славаччыне быў аўтарытарны рэжым Уладзімера Мэчыяра, які фактычна не дазволіў нашай краіне далучыцца да НАТО ў першай хвалі ўсходнеэўрапейскага пашырэньня. І менавіта недзяржаўныя арганізацыі дапамаглі нам мабілізаваць выбаршчыкаў дзеля дасягненьня той палітычнай зьмены, якой стала для нас дэмакратызацыя. Дарэчы, нашыя актывісты дапамагалі ў Югаславіі напрыканцы эпохі Мілошавіча”.

(Карэспандэнтка: ) “На якую дапамогу з боку Славаччыны можа разьлічваць Беларусь? Каго менавіта будзе падтрымліваць Братыслава?”

(Пэтар Вайс: ) “Натуральна, гэтая дапамога ня можа быць буйной эканамічнай дапамогай, бо Славаччына – адносна невялікая краіна, у нас ёсьць свае ўласныя гаспадарчыя праблемы. Славаччына хоча падтрымліваць дэмакратычныя зьмены ў Беларусі, мы хочам падтрымліваць недзяржаўныя арганізацыі й палітычных актывістаў, якія імкнуцца да пабудовы дэмакратычнай дзяржавы. Зь іншага боку, вельмі важна не дапусьціць татальнай ізаляцыі Беларусі. Нельга дапусьціць, каб Беларусь была адрэзаная ад сьвету нейкім эмбарга, што будзе толькі ўмацоўваць пазыцыі рэжыму Лукашэнка. Досьвед існаваньня рэжыму Слабадана Мілошавіча даказвае, што ізаляцыя пэўным чынам узмацніла ягоныя пазыцыі ўнутры краіны й дала яму магчымасьць абвінавачваць замежных ворагаў у праблемах Югаславіі”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці азначае гэта, што афіцыйная Братыслава гатовая супрацоўнічаць з прадстаўнікамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі?”

(Пэтар Вайс: ) “Ані афіцыйныя, ані недзяржаўныя структуры Славаччыны не зробяць нічога з таго, што магло б легалізаваць рэжым Лукашэнкі. Але мы ня хочам ізаляваць беларускі народ. Гэты рэжым – апошні рэжым у Эўропе, які так і не выканаў умоваў дзеля далучэньня да Рады Эўропы. Гэта значыць, што ня выканаў нават мінімальныя ўмовы і не адпавядае нават мінімальным дэмакратычным стандартам. Гэта вялікая ганьба рэжыму Лукашэнкі, што ён застаўся адзіным, які ня быў здольным выканаць умовы Рады Эўропы. Не адбылася мінімальная дэмакратызацыя дзяржавы й палітычнага жыцьця, не выконваюцца нават асноўныя стандарты аховы правоў чалавека. Гэта проста ганьба, і мы хочам дапамагчы людзям Беларусі, каб яны не жылі ў гэтай ганьбе”.

Гэта быў старшыня камітэту замежных справаў славацкага парлямэнту Пэтар Вайс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG