Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ГАСПАДАРЧЫ СУД АДХІЛІЎ ПАЗОЎ ЖАНОЧАГА АБ`ЯДНАНЬНЯ ДА РАЙВЫКАНКАМУ


Казімер Яноўскі, Гомель

Жаночае аб`яднаньне “Ініцыятыва” дамагалася ў судзе адмены рашэньня Гомельскага райвыканкаму. Апошні дазволіў, а потым у адмысловым рашэньні адмовіўся ўзгадніць новую юрыдычную адрэсу жаночай “Ініцыятыве” ў прыватным доме ў вёсцы Яроміна.

Падчас папярэдніх судовых разьбіральніцтваў высьветлілася, што райвыканкам і Яромінскі сельсавет адмову прымалі на падставе сфальшаваных сьведчаньняў і дакумэнтаў.

Гаспадарчы суд доўгі час ня прымаў рашэньне. Судзьдзя Валянціна Пугачова тлумачыла пазоўцам, што ня можа гэта зрабіць. У Жыльлёвым кодэксе ня сказана дакладна пра разьмяшчэньне юрыдычных адрэсаў у жылых памяшканьнях.

Судзьдзя накіравала запыт у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, але адтуль адказалі, што гэта ня іхная кампэтэнцыя.

Атрымаўшы такі адказ, судзьдзя Валянціна Пугачова сёньня адхіліла пазоў жаночай “Ініцыятывы” да райвыканкаму.

Кіраўнік жаночага аб`яднаньня Галіна Скараход сказала нашаму радыё:

(Скараход: ) “Сёньняшняе рашэньне судзьдзі Пугачовай – яшчэ адно пацьверджаньне таго, што дзяржава і надалей ня зьбіраецца выконваць патрабаваньні аўтарытэтных міжнародных арганізацыяў у справе забесьпячэньня ў краіне правоў чалавека”.

Адсутнасьць юрыдычнай адрэсы пагражае жаночай арганізацыі закрыцьцём.

Незалежны юрыст Леанід Судаленка лічыць, што суды прыдаюць юрыдычную моц сумнеўным рашэньням выканаўчай улады:

(Судаленка: ) “На мой погляд, дзяржаўныя органы сфальшавалі ўсе доказы ў справе жаночага аб`яднаньня “Ініцыятыва”, а гаспадарчы суд прыдаў гэтаму юрыдычную сілу”.

Раней у рэгіёне ўжо былі зьліквідаваныя “Грамадзянскія ініцыятывы”, маладзёвы цэнтар “Гарт” і некаторыя іншыя дэмакратычныя суполкі.
XS
SM
MD
LG