Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ВЕДАЛА КІРАЎНІЦТВА ЗША ПРА ЗЬДЗЕКІ З ІРАЦКІХ ПАЛОННЫХ?


Аляксей Знаткевіч, Прага

Міжнародны камітэт чырвонага крыжа паведаміў, што сачыў за ўмовамі ў ірацкай турме Абу Граіб ад часу, калі летась яе пачалі выкарыстоўваць амэрыканскія войскі. Прадстаўнікі гэтай арганізацыі, якая базуецца ў Жэнэве, кажуць, што рэгулярна перадавалі турэмнаму начальству свае назіраньні. Камітэт чырвонага крыжа традыцыйна не агалошвае вынікі сваіх наведваньняў турмаў у абмен на далейшы доступ да вязьняў.

Тым часам многія амэрыканскія газэты пішуць, што ўжо ў студзені прадстаўнікі амэрыканскага войска паведамілі адміністрацыі прэзыдэнта Буша пра ўмовы ў гэтай турме. Паводле штодзёньніка “New York Times”, у сярэдзіне студзеня міністру абароны Доналду Рамсфэлду апісалі ў агульных рысах тыя фатаграфіі зьдзекаў, якія былі пазьней апублікаваныя.

Рамсфэлд выступіў з асуджэньнем зьдзекаў з ірацкіх палонных, але ў той жа час заявіў, што расьсьледаваньне гэтай справы ішло без парушэньняў і ў адпаведнасьці з правіламі. Сёньня ён мае адказаць на пытаньні Кангрэсу, а некаторыя кангрэсмэны ад апазыцыйнай партыі Дэмакратаў патрабуюць яго звальненьня. Вось што заявіў кангрэсмэн Джэймс МакДэрмат.

(МакДэрмат: ) “Вайна ў Іраку не была непазьбежнай. Ніхто на нас не нападаў. Відавочна, што мы не былі ў небясьпецы. Адміністрацыя Буша выбрала дзень і пачала кампанію, нягледзячы на тое, гатовыя яны былі ці не. Іх не хвалявалі нашы вайскоўцы. Нашых вайскоўцаў выкарыстоўвае прагнілае кіраўніцтва. Яно мусіць сысьці”.

У той жа час лідэр большасьці ў Кангрэсе, прадстаўнік Бушавай Рэспубліканскай партыі Том ДэЛэй заявіў:

(ДэЛэй: ) “Партыя Дэмакратаў хоча захапіць Белы дом больш, чым перамагчы ў вайне, і нашы ворагі гэта ведаюць”.

Прэзыдэнт Буш нібыта скрытыкаваў Доналда Рамсфэлда за тое, што той своечасова не паведаміў яму пра выпадкі зьдзекаў з палонных. Але публічна Буш падтрымаў міністра абароны і адкінуў прапановы аб ягоным звальненьні.
XS
SM
MD
LG