Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРАТРУС У КВАТЭРЫ КІРАЎНІКА СТРАЙКАМУ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Удзельнікі мітынгу запатрабавалі адстаўкі прэзыдэнта Лукашэнкі. Ператрус таксама пачаўся ў кватэры Аляксандра Васільева — паплечніка Леванеўскага.

Каля 14 гадзінаў у трохпакаёвую кватэру Леванеўскіх на вуліцы Ліможа хацелі трапіць людзі, якія сказалі, што яны з КГБ. Іх не пусьцілі. Ухаце знаходзіліся 12-гадовы Антон, 17-гадовая Кацярына — дзеці Леванеўскага і ягоная цешча Галіна. Празь некаторы час прыбыў АМОН — людзі ў чорных і белых шапках-масках. Яны ўзламалі падвойныя дзьверы і ўвайшлі ўсярэдзіну. У кватэры адразу пачаўся ператрус. Дома засталіся цешча і дачка Валерыя Леванеўскага — сына Антона адаслалі на вуліцу разам з сабакам-ратвэйлерам, якога трымае сям’я. Вось што сказаў сам Антон:

(Антон: ) “Мая сястра не хацела адчыняць. Ну, яны ўзялі адлучылі сьвятло поўнасьцю. Вось. Яны яшчэ адлучылі тэлефон. Мы толькі пачалі па сотавым тэлефанаваць — яны пачалі ўжо ламаць дзьверы”.

Антон яшчэ дадаў, што бабуля вельмі напалохалася, пачала піць таблеткі.

Каля 15 гадзінаў сёньня міліцыянты затрымалі Аляксандра Васільева — паплечніка Валерыя Леванеўскага, і на ягонай кватэры таксама пачалі ператрус. А 17-й гадзіне ў яго сканфіскавалі кампутары сына і дачкі, некаторыя дакумэнты. Ён паведаміў па тэлефоне нашаму радыё, што ператрус робіцца на падставе распачатай крымінальнай справы аб распаўсюдзе друкаванай прадукцыі, у якой абражаюцца гонар і годнасьць прэзыдэнта Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG