Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІХАІЛУ МАРЫНІЧУ ПРАД’ЯВІЛІ АБВІНАВАЧАНЬНЕ Ў НЕЗАКОННЫМ ВАЛОДАНЬНІ ЗБРОЯЙ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пры канцы дня 6 траўня Міхаілу Марынічу было выстаўленае афіцыйнае абвінавачаньне, на падставе якога працягнулі ягонае ўтрыманьне пад вартай у сьледчым ізалятары КГБ. Гэтак скончылася 10-дзённае чаканьне: выпусьцяць ці не Міхаіла Марыніча з-за кратаў “амэрыканкі”. Апошнія зьвесткі пра вылучэньне абвінавачаньня Міхаілу Марынічу паведаміла Радыё Свабода ягоная абаронца адвакатка Вера Страмкоўская:

(Страмкоўская: ) “Прад’яўленае абвінавачаньне па артыкуле 295 частка 2 — гэта незаконнае валоданьне зброяй. Быў праведзены допыт абвінавачанага. А з нашага боку пададзеныя два хадайніцтвы. Першае — аб зьмене меры стрыманьня на не зьвязаную з пазбаўленьнем волі. Другое — скарга нагляднаму пракурору, каб разабраўся з парушэньнямі правоў Марыніча ды парушэньнямі Працэсуальнага кодэксу і зрабіў захады пракурорскага рэагаваньня”.

Якія парушэньні ў дзеяньнях сьледчых заўважылі адвакаты Міхаіла Марыніча? Яны кажуць, што сьледчыя наўмысна пераблыталі дзеяньні па дзвюх розных крымінальных справах, у якіх фігуруе Міхаіл Марыніч. Першая справа была заведзеная наконт нібыта фальшывых даляраў, знойдзеных у Міхаіла Марыніча ў ягоным “дыплямаце” 24 красавіка. Другую завялі наконт нібыта сакрэтных дакумэнтаў і пісталета, што знайшлі ў загарадным доме спадара Марыніча праз два дні, 26 красавіка. Аднак у справе пра фальшывыя даляры былы міністар лічыцца толькі сьведкам — таму сьледчыя ня мелі права праводзіць ператрусы ў ягоным загарадным доме. Адвакатка Вера Страмкоўская не выключае, што справу пра фальшывыя даляры адмыслова сфабрыкавалі, каб правесьці ператрус і знайсьці падкладзены пісталет.

Другое істотнае парушэньне, на якое зьвяртаюць увагу адвакаты, зьвязанае са сканфіскаванымі ў Міхаіла Марыніча дакумэнтамі. Іх пералік зроблены вельмі агульна, хаця закон патрабуе падрабязнага пераліку. У выніку адвакаты не выключаюць, што пазьней у сканфіскаваным архіве спадара Марыніча можа раптам знайсьціся сапраўды звышсакрэтны дакумэнт. Пакуль ні фальшывыя даляры, ні сакрэтныя дакумэнты ў абвінавачаньні не фігуруюць. У другой крымінальнай справе, паводле якой абвінавачваецца Міхаіл Марыніч, згадваецца толькі баявы пісталет.

Паводле Веры Страмкоўскай, вінаватым сябе Міхаіл Марыніч не прызнае. Ад пісталета ён рашуча адмаўляецца і заяўляе, што яму гэтую зброю падклалі. Свой перасьлед Міхаіл Марыніч зьвязвае з палітычнай дзейнасьцю, прычым, як сьцьвярджае адвакатка, арышт ня быў для яго нечаканасьцю:

(Страмкоўская: ) “Яму вядома, што напачатку 2004 году далі загад зрабіць зь яго крымінальны элемэнт — і пачаліся сачэньні ды ўсё іншае. Цяпер гэта скончылася затрыманьнем і крымінальнай справай”.

Другая частка 295-га артыкулу Крымінальнага кодэксу пра незаконнае валоданьне зброяй прадугледжвае пакараньне ад 6 месяцаў да 6 гадоў зьняволеньня. Адвакаты лічаць, што ўтрыманьне чалавека пад вартай да суду ў дадзеным выпадку не адпавядае ні цяжкасьці магчымага злачынства, ні асобе, якая ў ім абвінавачваецца. Аднак мера стрыманьня для Міхаіла Марыніча пакуль ня зьмененая — ён застаецца ў ізалятары КГБ, так званай “амэрыканцы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG