Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АЛЕСЬ МІХАЛЕВІЧ НА ВОЛІ. ЗА КРАТАМІ ЯШЧЭ ТРЫ ПАЛІТВЯЗЬНІ


Любоў Лунёва, Менск


Сустракаць Алеся Міхалевіча, нягледзячы на раньні час і неспрыяльнае надвор’е, прыйшлі каля двух дзясяткаў чалавек. Ля брамы спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка былі лідэр БНФ Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч, праваабаронца Людміла Гразнова, паплечнікі і сябры Алеся Міхалевіча. Яго сустрэлі воклічамі: “Жыве Беларусь!”, кветкамі і шампанскім. Алесь Міхалевіч трымаўся бадзёра. Ён упершыню апынуўся ў камэры спэцпрыёмніка і падзяліўся сваімі ўражаньнямі з Радыё Свабода:

(Міхалевіч: ) “Кампанія была вельмі вясёлая — алькаголікі, хуліганы… Паколькі я быў “палітычны”, стаўленьне было дастаткова добрае. Да мяне прыходзіў амбасадар Чэскай рэспублікі Ян Румл. Паколькі ён так зьнянацку прыехаў, то начальнік гэтай установы дазволіў нам сустрэцца. Мы сустракаліся зь ім у кабінэце начальніка. Папросту чэскі амбасадар, паколькі мы зь ім сустракаліся ў часе маёй паездкі ў Прагу, выказаў мне падтрымку і запытаўся, чаму я тут апынуўся, у чым мая віна? Ён доўга спачатку ня мог зразумець, але потым, відаць, згадаў, як ім забаранілі сьвяткаваць далучэньне іх краінаў да Эўразьвязу ў будынку цырку — і ўсё зразумеў”.

Лідэр БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што такія візыты, перадачы і сустрэчы палітвязьняў пасьля адбыцьця пакараньня ёсьць моцнай маральнай падтрымкай і праявай салідарнасьці.

(Вячорка: ) “Мы адзін аднаго падтрымліваем. У той сытуацыі, якую імкнецца стварыць Лукашэнка, наша салідарнасьць — велізарная сіла. Я вельмі б хацеў, каб гэтае пачуцьцё ўзаемнай салідарнасьці, якое маем мы, людзі, якія ня першы год ахвяруюць у барацьбе за дэмакратыю і незалежнасьць, каб гэтае пачуцьцё ахапіла ўсіх людзей, якія падзяляюць нашы каштоўнасьці. Насамрэч іх мільёны. Самае важнае — ніякімі пасадкамі, ніякімі штрафамі, ніякім іншым перасьледам нас не запалохаць”.

За кратамі спэцпрыёмніка на вуліцы Акрэсьціна застаецца адбываць 15 сутак арышту актывіст Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч — за арганізацыю “Чарнобыльскага шляху”. У Горадні за кратамі застаюцца два палітвязьні — бацька і сын Леванеўскія. Валеры Леванеўскі — за арганізацыю несанкцыянаванага сходу прадпрымальнікаў, а ягоны сын Уладзімер — за распаўсюд улётак.
XS
SM
MD
LG