Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРАМАДЗКІЯ ДЗЕЯЧЫ НАВЕДАЛІ МАЦІ ГЕНЭРАЛА ЗАХАРАНКІ


Казімір Яноўскі, Рэчыцкі раён

Гасьцямі 80-гадовай Ульяны Захаранкі былі сёньня маці зьніклага тэлеапэратара Зьмітра Завадзкага – Вольга Завадзкая, таксама старшыня Беларускай арганізацыі працоўных жанчынаў Марыя Аліева, кіраўнік закрытай уладамі Менскай арганізацыі “Прававая дапамога” Алег Волчак, прадстаўнікі праваабарончага цэнтру “Вясна” і Беларускага Хэльсынскага камітэту.

Ульяна Захаранка ўсьцешана гэтым візытам:

(Захаранка: ) “Я вельмі рада, што ня забываюць майго сына. Ён быў вельмі добрым чалавекам. Ён як прыяжджаў дадому, усе Васілевічы зьбіраліся: “Юра прыехаў”. Яго і тут ўсе паважалі”.

Вольгу Завадзкую да Ўльяны Захаранкі прывёў мацярынскі боль, пачуцьцё суперажываньня.

(Завадзкая: ) “Канечне, прывяла мяне сюды агульная бяда, суперажываньне. Пяць гадоў таму зьнік Юры. Мне давядзецца сустрэць такую ж сумную дату 7 ліпеня”.

Грамадзкія арганізацыі супольна прывезьлі Ўльяне Захаранка харчовыя прадукты, сродкі на лекі.

Алег Волчак падараваў Ульяне Рыгораўне выдадзены бюлетэнь пад назовам “Гаворыць Юры Захаранка”, дзе сабраны артыкулы, публічныя выступы зьніклага генэрала.

Цікаўлюся ва Ўльяны Захаранкі, як ставіцца яна да таго, што ў афіцыйных мэдыях іншым разам зьяўляюцца паведамленьні пра тое, што яе сын жывы і знаходзіцца за мяжою?

(Захаранка: ) “Іншым разам выдумляюць, што сын ў Нямеччыне. Калі б так было, то ён хоць бы адно слова сказаў. А то ж ні слова, ні гуку. Лукашэнка казаў, што ён абакраў МУС. А я гляджу, што нідзе нічога няма. І ў кватэры Юры нічога ня было людзкага. Я моцна плакала. У мяне пабывалі тысячы людзей, і ўсе ведаюць, што нідзе нічога няма крадзенага”.

Дэмакратычныя грамадзкія арганізацыі апошнім часам шмат увагі надаюць праблеме зьніклых людзей. Вось што распавяла на гэты конт старшыня Беларускай арганізацыі працоўных жанчынаў Марыя Аліева:

(Аліева: ) “Вельмі дружна аб`ядналіся грамадзкія арганізацыі ў пытаньні зьніклых людзей. Але дзяржава стаіць убаку. Людзі пішуць, асабліва мацяркі, але ніякага адказу на лісты няма. Дзяржава стаіць убаку, як быццам гэта яе ня датычыць”.
XS
SM
MD
LG