Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВІЦЕБСКІХ УЧАСТКОВЫХ ІНСПЭКТАРАЎ БУДУЦЬ ПЕРАСЯЛЯЦЬ “ПА МЕСЦЫ РАБОТЫ”


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Сёньня на Віцебшчыне толькі 30% участковых інспэктараў жывуць на тэрыторыі замацаваных за імі адміністрацыйных участкаў. Адпаведна, астатнія 70% падлягаюць перасяленьню. Бо, на думку абласнога кіраўніцтва, участковыя міліцыянты цяпер недастаткова апэратыўна рэагуюць на даручэньні начальства ды звароты прыватных грамадзянаў.

Міліцыянтам прапанавана самім шукаць жыльлёвы абмен або сяліцца ў пустых хатах на вёсцы. Або спадзявацца на выкананьне пастановы Аляксандра Лукашэнкі пра паскоранае будаўніцтва жытла ў сельскай мясцовасьці.

Тое, што шмат каму зь міліцыянтаў давядзецца пераяжджаць з тых месцаў, дзе маюць працу іхныя жонкі або ўладкаваныя ў садок дзеці, міліцэйскія кіраўнікі ды ўвагі не бяруць. І аб тым, што праблему апэратыўнасьці можна вырашыць іншым шляхам, да прыкладу, набыць кожнаму ўчастковаму службовы аўтамабіль, таксама ніхто ня згадвае.

Дарэчы, цяпер службовую машыну мае толькі дзясятая частка ад ліку усіх участковых вобласьці, так што перасяленьне прызнанае больш эканамічнай мерай: ня ўлічваючы асабістыя выдаткі падначаленых, міліцэйскаму кіраўніцтву яно ўвогуле нічога не каштуе.
XS
SM
MD
LG