Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯ ПААБЯЦАЛА ПРЫЦЯГНУЦЬ ДА КРЫМІНАЛЬНАЙ АДКАЗНАСЬЦІ НАРКАГАНДЛЯРОЎ


Любоў Лунёва, Менск

Палкоўнік Салдаценка пахваліўся, што летась праваахоўчыя органы раскрылі каля пяці з паловай тысяч нарказлачынстваў. Дзьве траціны прыцягнутых да адказнасьці — беспрацоўныя, а траціна — тыя, хто раней зьдзяйсьнялі аналягічныя злачынствы. Праваахоўчыя органы затрымалі амаль паўтары тоны наркатычнай сыравіны і больш за чвэрць тоны гатовых наркотыкаў — гераіну, мэтадону ды іншых. Гэта больш як 9 мільёнаў дозаў, агульным коштам каля 6 мільёнаў даляраў. Прадстаўнік праваахоўчых органаў канстатаваў факт росту нарказлачынстваў за апошнія тры гады амаль напалову.

Адзін зь мікрараёнаў Заводзкага раёну Менску носіць назву Паўночны пасёлак, большую частку яго складае так званы прыватны сэктар. Сярод 20 тысяч жыхароў пасёлку жывуць і прадстаўнікі цыганскай дыяспары, у менчукоў яны маюць рэпутацыю наркагандляроў. На пытаньне, што перашкаджае міліцыянтам спыніць продаж наркотыкаў у Паўночным пасёлку, дзе кожны жыхар і міліцыянты ведаюць дакладныя адрасы, палкоўнік Салдаценка адказаў:

(Салдаценка: ) “У нас сапраўды там цыганская дыяспара. На жаль, вялікая колькасьць членаў дыяспары ўцягнутая ў незаконны абарот наркотыкаў. Мяне самога часам зьдзіўляе, калі інфармацыя пра факты вядомая, а людзей не прыцягваюць да крымінальнай адказнасьці. Да пары штука ўдаецца… Часам не хапае прафэсіяналізму, часам ідзе ўцечка інфармацыі. Мы на такія факты рэагуем, а таксама служба бясьпекі праводзіць мерапрыемствы і затрымлівае такіх супрацоўнікаў міліцыі. Быў такі нарказбытчык па мянушцы Мілан. Некалькі гадоў студэнты разьмяшчалі інфармацыю пра яго на сайце. Яны пісалі, што міліцыя бязьдзейнічае і ўсё такое… Але ж ён цяпер прыцягнуты да адказнасьці. Так будзе і з астатнімі”.

Нядаўна ў Менску арыштавалі некалькі раённых кіраўнікоў аддзелаў барацьбы зь незаконным абаротам наркотыкаў і злачынствамі ў сфэры маральнасьці. Іх падазраюць у хабарніцтве і карупцыі. На гэты конт кіраўнік упраўленьня патлумачыў Радыё Свабода:

(Салдаценка: ) “Ёсьць факты зьдзяйсьненьня злачынстваў супрацоўнікамі міліцыі, у тым ліку нашай службы. Але яны не застаюцца па-за ўвагай. Ніхто іх не абараняе. Яны нясуць адказнасьць яшчэ больш строгую, чым іншыя, бо яны службовыя асобы”.

Кіраўніца ўпраўленьня фармацэўтычнай інспэкцыі Людміла Рэўцкая паведаміла, што сёлета станоўча вырашыцца пытаньне ў справе лячэньня наркаманаў мэтадонам. Гэтыя тэхналёгіі ўжываюцца амаль ва ўсіх эўрапейскіх краінах дзеля прафіляктыкі СНІД і дасягненьня пазытыўных вынікаў лячэньня ад нарказалежнасьці. Цяпер у беларускіх клініках будзе магчымасьць лячыць хворых, бо пакуль яны ўцякаюць, як толькі пачынаецца так званая “ломка”.

Прадстаўнік праваахоўчых органаў паведаміў, што сытуацыя ў сфэры маральнасьці застаецца даволі складанай. Толькі за чатыры месяцы раскрылі 268 злачынстваў. Але такі від злачынства як распаўсюд парнаграфіі ў Інтэрнэце з выкарыстаньнем непаўнагадовых мадэляў, яшчэ ня мае адпаведнай юрыдычнай кваліфікацыі. Хутчэй за ўсё, у Крымінальны кодэкс будуць унесеныя дадатковыя артыкулы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG