Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАПЕЙСКІ ГУМАНІТАРНЫ ЎНІВЭРСЫТЭТ СПЫНЯЕ ДЗЕЙНАСЬЦЬ


Галіна Абакунчык, Менск

Выкладчыцкі калектыў унівэрсытэту заяўляе, што гэткім чынам міжнароднаму іміджу Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту будзе спрычыненая істотная шкода, а студэнты намерваюцца абараняць Alma Mаter і адстойваць сваё права на навучаньне.



Згодна з прэзыдэнцкім дэкрэтам да 1 траўня Міністэрства адукацыі мусіла завершыць пераліцэнзаваньне ўсіх навучальных установаў краіны. Аднак па завяршэньні гэтага тэрміну Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт не атрымаў афіцыйнага паведамленьня ні пра падаўжэньне, ні пра закрыцьцё ліцэнзіі. А бяз гэтага дакумэнту ўсялякая дзейнасьць незаконная, — кажа дэкан факультэту права Ала Сакалова.

(Сакалова: ) “Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт апынуўся ў экстрэмальнай сытуацыі: на ўсе пытаньні, якія мы накіроўвалі ў Міністэрства адукацыі, Савет міністраў, Дзяржкантроль, — што мы вельмі заклапочаныя такім становішчам, што парушаныя ўсе ўсталяваныя заканадаўствам нормы — афіцыйныя структуры маўчаць, а студэнты чакаюць нейкага рашэньня. Гэта тысяча студэнтаў, 250 выкладчыкаў і дзьве тысячы бацькоў знаходзяцца вось у такім стане, абсалютна незразумелым і абсалютна трывожным”.

Паводле прарэктара ўнівэрсытэту Ўладзімера Дунаева, супраць навучальнай установы ўлады выкарыстоўваюць таксама іншыя сродкі ціску. Да прыкладу, адміністрацыя прэзыдэнта заблякавала грошы на навучаньне, дасланыя эўрапейскімі грантадаўцамі. У абарону ЭГУ выступіла Рада міністраў Эўразьвязу, якая накіравала найвышэйшым уладам Беларусі ліст пратэсту. Аднак у Міністэрстве замежных справаў выказваць сваю пазыцыю адносна гэтых падзеяў адмаўляюцца. Вось што на пытаньне Радыё Свабода адказаў намесьнік кіраўніка ўправы інфармацыі Руслан Есін:

(Есін: ) “У любога міністэрства ёсьць свая пазыцыя. Але ў гэтым выпадку я не хацеў бы забіраць хлеб у Міністэрства адукацыі й гатовы прыняць удзел у абмеркаваньні гэтага пытаньня”.

Чыноўнікі Міністэрства адукацыі ад камэнтароў пра становішча вакол ЭГУ таксама ўхіляюцца, спасылаючыся на сваю занятасьць. А памочнік міністра па сувязях з грамадзкасьцю Віктар Іўчанкаў сказаў:

(Іўчанкаў: ) “Нічога я вам казаць ня буду, бо ў мяне няма такой інфармацыі. Гэта ўсё яшчэ ў стадыі вырашэньня — гэтае ліцэнзаваньне”.

Ва ўнівэрсытэце ж перакананыя, што цяперашнія падзеі зьвязаныя са спробай вышэйшых уладаў зьняць з пасады рэктара ЭГУ, прафэсара Анатоля Міхайлава. Нагадаю, што пакінуць кіраўнічую пасаду ВНУ спадару Міхайлаву яшчэ ў пачатку году прапанаваў міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў. Тады ў абарону ўнівэрсытэту выступілі амбасадары шэрагу эўрапейскіх краінаў. Вось як успрынялі навіну пра датэрміновае завяршэньне заняткаў студэнты ЭГУ:

(Студэнт: ) “Гэта адзін зь лепшых унівэрсытэтаў у краіне, тут даюць вельмі добрую і глыбокую адукацыю, а таму гэта вельмі вялікая трагедыя для студэнтаў”.

(Студэнтка: ) “Канечне, кепска, што зачыняецца, бо спэцыяльнасьць, на якой мы вучымся, гэта факультэт інфармацыйных тэхналёгіяў — такой больш няма ва ўсёй краіне. Вось гэта чыста крыўдна”.

(Студэнтка: ) “Пойдзем у абарону нашага ўнівэрсытэту. Стануць усе студэнты, бо мы ўсе любім наш унівэрсытэт”.

(Студэнтка: ) “Будзем змагацца, каб яго не закрылі”.

(Студэнт: ) “Нікому няма асаблівага сэнсу зачыняць ЭГУ. Мне падаецца, што гэта нейкі палітычны афэрызм і ўсё”.

Цяпер кіраўніцтва ўнівэрсытэту шукае магчымасьці выйсьця са складанага становішча і не выключае, што будзе зьвяртацца ў гаспадарчы суд.
XS
SM
MD
LG