Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АФІЦЫЙНЫ МЕНСК ШКАДУЕ З НАГОДЫ ЗАЯВЫ СТАРШЫНІ ЭЎРАКАМІСІІ ПРА НЕМАЖЛІВАСЬЦЬ ДАЛУЧЭНЬНЯ БЕЛАРУСІ ДА ЭЗ


Уладзімер Глод, Менск

Выказваньне кіраўніка Эўрапейскай камісіі — выканаўчага органу Эўразьвязу — Рамана Продзі пра тое, што ён выключае магчымасьць прыняцьця ў Эўрапейскі Зьвяз краінаў СНД, у тым ліку і Беларусі, выклікала рэакцыю з боку дыпляматычнага ведамства. Яе агучыў Руслан Есін:

(Есін: ) “Толькі з жалем можна канстатаваць, што былі такія заявы з боку паважанага прадстаўніка Эўразьвязу. Мы спадзяемся, што Эўразьвяз працягне актыўнае супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь як на ўзроўні кіраўніцтва Міністэрства замежных справаў, так і на ўзроўні двухбаковых адносінаў зь сябрамі Эўрапейскага Зьвязу. Падставай для гэтага зьяўляецца пасланьне прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, у якім дакладна акрэсьленыя прыярытэты замежнапалітычнага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з Эўразьвязам”.

Журналісты, якія былі сёньня на брыфінгу, зьвярнулі ўвагу на незвычайны — даволі спакойны, без асаблівых абвінавачаньняў на адрас міжнародных структураў — тон камэнтару супрацоўніка МЗС Беларусі. Незалежны экспэрт Андрэй Фёдараў тлумачыць гэта так:

(Фёдараў: ) “Як вядома, увосень Рамана Продзі мусіць сысьці са сваёй пасады, і таму ягоныя словы можна разглядаць у пэўнай ступені як ягоны тэстамэнт, а ў пэўным сэнсе і як ягоную асабістую думку. Я ня думаю, што калі б ён заставаўся на гэтай пасадзе і далей, дык ён бы так адкрыта выказваў свае меркаваньні. Думаю, што ён тут крыху ўсё ж перабольшвае. Я думаю, што, калі б Беларусь, нават у сёньняшнім стане, ставіла сабе мэту далучыцца да Эўразьвязу, то ўжо ведаючы тыя памылкі й тыя крокі, якія рабілі нашыя суседзі на захадзе і паўночным захадзе, можна было бы гадоў за дзесяць гэты шлях прайсьці. У гэтым выпадку ў Эўразьвязу не было бы ніякіх пытаньняў. Справа ў іншым — у нас няма такога імкненьня”.

Прадстаўнік МЗС падкрэсьліў, што стасункі Беларусі з краінамі, якія з 1 траўня далучыліся да агульнай эўрапейскай сям’і, паляпшаюцца. У якасьці доказу спадар Есін назваў шмат лічбаў, якія сьведчаць пра павелічэньне сёлета двухбаковага гандлёвага абароту Беларусі амаль з усімі новымі сябрамі Эўразьвязу. На маё пытаньне, ці плянуе афіцыйны Менск найбліжэйшым часам падмацаваць двухбаковыя стасункі паляпшэньнем адносінаў са структурамі Эўрапейскага Зьвязу, напрыклад, праз ініцыятыву міністра замежных справаў Польшчы Ўладзімера Цімашэвіча аб распрацоўцы Эўракамісіяй адмысловага пляну захадаў у дачыненьні да Беларусі, супрацоўнік МЗС адказаў:

(Есін: ) “На жаль, мы пакуль не праводзім інтэнсіўных перамоваў з Эўрапейскім Зьвязам. Мы зацікаўленыя ў наладжваньні сталага дыялёгу з прадстаўнікамі ўсіх краін-сябраў Эўразьвязу. Я хачу падкрэсьліць, што мы зацікаўленыя ня толькі ў разьвіцьці гандлёва-эканамічнага, навукова-тэхнічнага і інвэстыцыйнага супрацоўніцтва, але і ў падвышэньні нашага фармату менавіта ў межах палітычнага дыялёгу паміж Менскам і Брусэлем”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG