Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК МАГІЛЁЎЦЫ СТАВЯЦЦА ДА ПАШЫРЭНЬНЯ ЭЎРАЗЬВЯЗУ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, ці паўплывае пашырэньне Эўразьвязу на вашае жыцьцё?”

(Спадар: ) “Я мяркую, што паўплывае. Прагрэс ёсьць прагрэс. Там узровень вышэйшы. Калі мы прысуседзімся, нам будзе лепей”.

(Спадар: ) “Няхай будуць суседзі такія ў нас. Я згодны. Калі б Беларусь узялі ў Эўразьвяз, я бы таксама не адмовіўся б. Я мяркую, што жыцьцё было бы лепшае ў нас”.

(Спадарыня: ) “Я мяркую, што Эўразьвяз прашырыцца, зьявяцца нейкія новыя магчымасьці зносінаў”.

(Спадарыня: ) “А я ўвогуле лічу, што ўсё прагрэсіўнае — гэта ў лепшы бок”.

(Спадарыня: ) “У мяне нават дачка пыталася: “Матулечка, а чаму мы не ўваходзім у Эўразьвяз?”Яна езьдзіла два гады ў Нямеччыну, яна неяк усё ўспрымае добра, як дзіцячы арганізм, і гэта для яе прымальна. Яна пачынае параўноўваць: там — так, а ў нас — ня так”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, як вы лічыце, ці паўплывае пашырэньне Эўразьвязу на вашае жыцьцё?”

(Спадарыня: ) “Мне так падаецца, што з маім жыцьцём гэта ніяк не зьвязана”.

(Спадарыня: ) “Хутчэй за ўсё, я гэтага не адчую, таму што на мой заробак наўрад ці гэта паўплывае, і на ўзровень жыцьця таксама”.

(Спадарыня: ) “Я мяркую, што ўплыву ня будзе. За мяжу, на жаль, я не ежджу. Няма куды і няма за што”.

(Спадарыня: ) “Напэўна, на Беларусі гэта адаб’ецца. Эўразьвяз побач, гэтыя пастаўкі-закупы, нікому ня будзе патрэбнае беларускае. І гэта адаб’ецца на нас”.

(Спадар: ) “Мне Польшча і прыбалты ніколі не падабаліся. Так што для мяне лепей і бяз гэтых краінаў”.

(Спадар: ) “Беларусь і так знаходзіцца ў нейкім вакуўме, плённага саюзу з Расеяй няма, а яшчэ і суседзі нашыя ўступілі ў Эўразьвяз. Нейкая адасобленая краіна атрымліваецца”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, ці павінна Беларусь, паводле вашага меркаваньня, імкнуцца да аб’яднанай Эўропы?”

(Спадарыня: ) “Канечне, а як жа жыць у ізаляцыі? Слухайце, гэта ж нецікава. І чым далей мы жывем, усё ідзе да таго, каб ізаляваць нас. Напэўна, палітыка нашай дзяржавы, нашага кіраўніка такая”.

(Спадар: ) “Эўропа жыве лепей за нас. Вось я так жа сама хачу жыць, як людзі ў Нямеччыне, Галяндыі, Гішпаніі і гэтак далей. І па-мойму, любы чалавек хоча так жыць”.

(Спадар: ) “Мы ня больш дурныя за ўсіх і ня больш разумныя. Усе аб’ядноўваюцца, і нам трэба таксама. Час быў раскідаць камяні, цяпер трэба зьбірацца — ня толькі камяням, але і людзям”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG