Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 ТРАЎНЯ — 100 ГАДОЎ ПАЎЛЮКУ ТРУСУ


Валянцін Аксак, Менск

Ён памёр маладым. І напісаў адносна мала. За пражытыя дваццаць пяць гадоў — тры тоненькія паэтычныя зборнічкі і некалькі апавяданьняў. Але ён з тых паэтаў, каму лёсам наканавана было бліснуць колькімі яркімі промнямі і — застацца назаўсёды ў роднай літаратуры. Гаворыць народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін:

(Барадулін: ) “Паўлюк Трус застаўся маладым, і гэта паэт маёй маладосьці. Таму што ў савецкі час паэзія была афіцыйная, ні Купала нармальна не выдаваўся, ні хто іншы, усё было толькі такое лёзунгавае, а Трус быў ад душы. Як толькі Трус, дык мне ўспамінаецца:

Падаюць сьняжынкі —
дыямэнты-росы,
Падаюць бялюткі
за маім акном.

Расчасалі вішні
шоўкавыя косы
І ўранілі долу
сьнегавы вянок…

І здаецца зноўку
еду я дадому
Пераведаць родных,
блізкіх, дарагіх.


Заўсёды, калі я ехаў зь Менску да мамы, мне гучалі гэтыя словы Паўлюка Труса”.

Мэлёдыку гэтага клясычнага верша Труса пераймалі многія беларускія паэты наступных пакаленьняў. Але яго і самога крытыкі часам зьвінавачваюць у перайманьні Сяргея Ясеніна. Такое перайманьне, калі і было, дык, мяркуе спадар Барадулін, сьведчыць пра адчайную па тым пралетарска-рэвалюцыйным часе сьмеласьць маладога беларускага паэта. Якая і нарадзіла вершы чыстай красы, якім, у адрозьненьне ад савецкай рыторыкі, наканавана доўгае чытацкае захапленьне.

(Барадулін: ) “Можна сказаць, што гэта беларускі Ясенін. Савецкія вершы ягоныя, савецкія паэмы, яны, як пялёсткі пажаўцелыя, ападуць, а застанецца чысьцейшая рака паэзіі Паўлюка Труса”.

Слушнасьць гэтага цьверджаньня Рыгора Барадуліна падмацоўвае том выбраных твораў Паўлюка Труса, выдадзены ў залатой сэрыі незалежнага выдавецкага праекту “Беларускі кнігазбор”. А яшчэ — букецікі чырвоных туліпанаў і белых нарцысаў, якія прынесьлі ў дзень юбілею да ягонай магілы маладыя прыхільнікі хрэстаматыйных строфаў пра простую красу “сьняжынак — дыямэнтаў-росаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG