Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ДЗЯРЖАВА ХОЧА МАНАПАЛІЗАВАЦЬ ПАДПІСКУ НА ДРУКАВАНЫЯ ВЫДАНЬНІ


Ігар Карней, Менск

Ад 1 траўня кожны, хто зьбіраецца зарабляць на падпісцы, мусіць мець адмысловую ліцэнзію. Аднак час ідзе, а Міністэрства сувязі так нікому і не дазволіла стварыць канкурэнцыі дзяржаўнаму манапалісту ў гэтай галіне —– прадпрыемству “Белпошта”.

У апошнія дні мінулага году быў прыняты закон “Аб паштовай сувязі”, у якім упершыню зрабілі неабходным ліцэнзаваньне паслугаў паштовай сувязі, а менавіта — правядзеньня падпіскі на пэрыядычныя выданьні і дастаўкі іх чытачам. Але толькі ў канцы красавіка недзяржаўныя арганізацыі, якія дагэтуль займаліся падпіскай, атрымалі лісты з патрабаваньнямі “ўдакладніць намеры”.

Найперш Міністэрства сувязі запатрабавала ўзгадніць зьмест падпіснога каталёгу, асобна пералічыць замежныя выданьні, якія плянуецца распаўсюджваць на тэрыторыі Беларусі, а таксама распавесьці, якім чынам будзе ажыцьцяўляцца дастаўка газэтаў ды часопісаў у сельскую мясцовасьць.

Усіх папярэдзілі, што ў другім паўгодзьдзі падпісваць чытачоў на друкаваныя выданьні можна толькі ў тым выпадку, калі маецца адпаведная ліцэнзія. Дагэтуль кожная рэдакцыя самастойна вырашала праблему распаўсюду.

Намесьніца генэральнага дырэктара прадпрыемства “Марат” Любоў Вашкевіч бачыць у падобных абмежаваньнях жаданьне ўладаў істотна скараціць прысутнасьць на рынку ня толькі недзяржаўных выданьняў, але і распаўсюднікаў ды арганізацыяў альтэрнатыўнай падпіскі.

(Вашкевіч: ) “Ад 1 траўня атрымліваць грошы за падпіску на другое паўгодзьдзе ці трэці квартал безь ліцэнзіі недзяржаўным структурам нельга. “Белпошце” — можна, але ж гэта — прадпрыемства-манапаліст у сьпісе пад №1, і тут сытуацыя цалкам зразумелая. Зрэшты, усё для таго і робіцца, каб астатніх канкурэнтаў зьнесьці з твару зямлі. Свае абавязацельствы на першае паўгодзьдзе выконваем; травень і чэрвень падпіска яшчэ разносіцца, але на другое паўгодзьдзе ніхто не прыняў ні капейкі. Тым часам церпім эканамічныя страты. Мэтадаў “удушэньня” насамрэч два, і калі ад палітычнага занадта шмат шуму, эканамічна гэта зрабіць вельмі проста. Няма грошай у прадпрыемства? Ну, дык яно само такое бязглуздае, а таму і загінула. А тое, што паставілі тармазы з усіх бакоў, што нават на сваё выданьне нельга людзей падпісаць (хоць у законе сказана, што права такое ёсьць) — гэта замоўчваецца. Але калі ты пачаў выдаваць газэту — чаму няможна яе распаўсюдзіць? Дзеля чаго тады яе ствараеш?”

Беларуская асацыяцыя журналістаў з гэтай нагоды ўжо накіравала ліст у Міністэрства сувязі. Журналісцкая арганізацыя спасылалася на закон “Аб друку”, дзе наўпрост напісана: кожная рэдакцыя мае права распаўсюджваць сваё выданьне самастойна альбо паводле дамоваў зь іншымі арганізацыямі — як дзяржаўнай формы ўласнасьці, так і прыватнай. Адказ быў катэгарычны — ад гэтага часу на ўсю дзейнасьць мусіць быць дазвол.

Як стала вядома, паседжаньне адмысловай камісіі, якая будзе вырашаць лёс недзяржаўных фірмаў, што займаюцца падпіскай, прызначанае на панядзелак.

***

Варта нагадаць яшчэ некаторыя аспэкты эканамічнага ціску на недзяржаўную прэсу. Выдаткі “Белпошты” на дастаўку дзяржаўных выданьняў пакрываюцца зь бюджэту, а незалежныя выданьні плацяць за гэтую паслугу напоўніцу.

Кошты дзяржаўных друкарняў для незалежных выданьняў вышэйшыя, чым для дзяржаўных. Акрамя таго, нягледзячы на наяўнасьць недзяржаўных кампаніяў-распаўсюднікаў, магчымасьць данесьці тое ці іншае выданьне да самых аддаленых і маленькіх населеных пунктаў краіны ёсьць толькі ў "Белпошты".

Апрача таго, неабходна ўзгадаць і неаднаразовыя выпадкі ўжываньня гэтак званага "адміністрацыйнага рэсурсу" пры правядзеньні падпісной кампаніі, калі ўлады прымушаюць розныя ўстановы падпісвацца на дзяржаўную прэсу.
XS
SM
MD
LG