Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“AMNESTY INTERNATIONAL” ВЫКАЗВАЕ ПАДТРЫМКУ НЕЗАЛЕЖНЫМ ПРАФСАЮЗАМ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У адмысловай заяве “Amnesty International” гаворыцца, што ў Беларусі супраць незалежных прафсаюзаў улады вядуць мэтанакіраваную кампанію, у якой выкарыстоўваюцца запалохваньні, перасьлед і стварэньне перашкодаў у працы.

“Незалежныя прафсаюзы змагаюцца за выжываньне ў сытуацыі, калі ўлада праз абмежаваньне правоў на аб’яднаньні і свабоду слова спрабуе спыніць іхную дзейнасьць. Ёсьць дакладныя доказы таго, што ўлады дыскрымінуюць незалежныя прафсаюзы і з асаблівай зацятасьцю перасльледуюць прафсаюзных лідэраў”, – гаворыцца ў заяве “Amnesty International”.

Далей падаюцца шматлікія факты затрыманьняў вядомых прафсаюзных лідэраў, судовых працэсаў супраць іх ды звальненьняў з працы.

“Amnesty International” адзначае, што на гэтыя парушэньні беларускімі ўладамі базавых правоў чалавека зьвярнулі ўвагу аўтарытэтныя міжнародныя арганізацыі – ААН і Эўрапейская камісія.

Такім чынам, “Amnesty International” заклікае афіцыйны Менск спыніць перасьлед прафсаюзных актывістаў, зьмяніць недэмакратычныя правілы рэгістрацыі прафсаюзаў, выконваць патрабаваньні канвэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы ды супрацоўнічаць з гэтай арганізацыяй і ААН.

Гаворыць супрацоўніца польскай філіі Amnesty International Мірэла Панэк.

(Панэк: ) “На нашай інтэрнэт-старонцы ў хуткім часе зьявіцца форма, з дапамогай якой можна будзе выслаць на адрас Лукашэнкі электронны ліст з пратэстам супраць перасьледу прафсаюзаў. Такія акцыі ў краінах, дзе ўлады клапоцяцца пра свой імідж, мелі добры вынік. Але гэта, канечне, залежыць ад краіны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG