Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СЬЛЕДЧЫЯ КГБ МУСЯЦЬ ВЫСТАВІЦЬ АБВІНАВАЧАНЬНІ АЛЬБО ВЫЗВАЛІЦЬ МАРЫНІЧА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Зь Міхаілам Марынічам учора ў ізалятары КГБ двойчы сустракалася адвакат Вера Страмкоўская, вядомы ў Беларусі адмысловец у абароне палітычных вязьняў. Але пакуль Вера Страмкоўская ўстрымліваецца ад камэнтароў, спасылаючыся на тое, што абвінавачаньне дагэтуль не было прад’яўленае. У тым, што яно зьявіцца, мала хто сумняецца, яна таксама. Апазыцыянэры і сваякі Марыніча кажуць пра палітычны матыў ягонага перасьледу, указваючы на тое, што ён заставаўся патэнцыйным кандыдатам на будучых прэзыдэнцкіх выбарах, бо нібыта атрымаў падтрымку ў Маскве.

Але прадстаўнікі КГБ палітычныя матывы абвяргаць. Націск робіцца на наступных складніках крымінальнай справы: баявы пісталет, нібыта знойдзены ў загарадным доме Марыніча, гэта дакумэнты з грыфам “сакрэтна”, якія ён захоўваў у гаражы сына і фальшывыя даляры. Паказальна, што колькасьць гэтых фальшывых банкнотаў усё павялічваецца. Аляксандар Базанаў з КГБ днямі заявіў, што з 90 тысяч фальшывыя былі 50 тысяч. На гэта сын Міхаіла Марыніча Ігар заўважае, што ад пачатку грошы ў гэтай справе ўвогуле сьледчых амаль не цікавілі.

(Ігар Марыніч: ) “Грошы былі як бы падставай для затрыманьня. Калі бы бацька адразу ўзяў адваката, мяркую, на гэтым бы ўсё і завершылася. Не было бы ніякіх падставаў рабіць гэтыя ператрусы. А гэтак атрымліваецца, што яны закінулі адну вуду, і ёй пачалі ўсё цягнуць”.

Назіральнікі пагаджаюцца, што размовы пра фальшывыя даляры спачатку былі разьлічаныя толькі на электарат, ніякай судовай пэрспэктывы яны ня маюць. Бо калі Марынічу падкінуць гэтыя фальшыўкі, прыйдзецца даказваць, што ён іх альбо сам вырабляў, альбо сьвядома распаўсюджваў. У тое, што Марыніч гэтым займаўся ніхто не паверыць.

Складанасьці ў сьледзтва могуць узьнікнуць і з так званымі сакрэтнымі дакумэнтамі. Дапушчальна, што ў былога міністра і амбасадара дома можа апынуцца нейкі важны дакумэнт, але юрыдычная адказнасьць наступае за яго перадачу зацікаўленым асобам. Даказаць гэта будзе цяжка, тым больш даказаць, што гэта нанесла страты дзяржаве. Праўда, апошні ўказ Аляксандра Лукашэнкі адносна дзяржаўных сакрэтаў пашырае магчымасьці сьледчых, і ўсё ж малаверагодна, каб людзі паверылі, што Марыніч — рэзыдэнт нейкай замежнай выведкі.

Застаецца больш-меньш адна пэўная рэч — зброя. Нібыта ў Марыніча ў загарадным доме знайшлі баявы пісталет. Адвакат сьцьвярджае, што на ім няма адбіткаў пальцаў Марыніча, і ён увогуле адмаўляецца ад гэтай зброі, і ўсё ж такі рэчавы доказ можа пацягнуць прынамсі на пару гадоў абмежаваньня волі, альбо нават на шэсьць гадоў зьняволеньня. Дасьведчаныя людзі ня думаюць, што беларускі суд будзе зьвяртаць увагу на такія працэсуальныя “дробязі” як тое, што сьведкамі выемкі пісталета з дому Марыніча былі не суседзі, а супрацоўнікі КГБ. Да таго ж працэс напэўна будзе закрыты — наяўнасьць зброі і дзяржаўных сакрэтаў у справе наводзяць на такое меркаваньне.

Шанцы на вызваленьне Марыніча ўжо сёньня адмыслоўцы разглядаюць як вельмі малыя.
XS
SM
MD
LG