Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 6 ТРАЎНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Беларуская крыніца”, 1934 год:

“Менская савецкая прэса падае: апошнімі часамі ў Савецкай Беларусі паўтараюцца тэрарыстычныя напады на камуністаў. Напады гэныя адбываюцца пераважна на чыгунцы. У Віцебску чыгуначнік Архіп кінуў пад цягнік камуніста Чэпікава, якога цягнік зарэзаў на месцы. Няведамы чалавек прабіў ножам камуніста-“ўдарніка” чыгуначнай майстроўні ў Віцебску, Хітова. На станцыі Наява цяжка ранены карэспандэнт савецкіх газэт. З гэтага бачым, што ненавісьць беларускага насельніцтва супроць маскоўскіх уладаў шырыцца і паглыбляецца”.

“Ніва”, 1984 год. Да зьезду Беларускага грамадзка-культурнага таварыства паведамляе:

“Грамада — вялікая сіла”, — кажа прыказка. А нас, беларусаў, у Польшчы не так ужо і мала — больш за 200 тысяч! Далёка не да кожнага беларускага сэрца трапілі мы, Беларускае грамадска-культурнае таварыства, з родным заахвочваючым словам, абуджаючай найлепшыя пачуцці песняй. Праўда, нямнога нас — усяго крыху болей за пяць тысяч членаў… Трэба, каб было нас у дзесяць, у сто разоў болей, каб гурткі БГКТ былі ўсюды, дзе толькі жыве хоць пяць беларусаў”.

“Звязда”, 1994 год:

“Поўным ходам ідзе збор подпісаў за прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. Нейкай афіцыйнай інфармацыі па колькасці сабраных подпісаў няма, таму журналісты звычайна карыстаюцца прыблізнай інфармацыяй з рук кіраўнікоў і актывістаў ініцыятыўных груп. Наперадзе яшчэ працэс рэгістрацыі і праверкі падпісных лістоў. Тым не менш паведамім, што на 5 мая былі звесткі аб наступнай колькасці сабраных подпісаў: за В.Кебіча — 150 тысяч. За А.Лукашэнку — 73,5 тысячы. За Г.Карпенку — каля 60 тысяч. За С.Шушкевіча — каля 50 тысяч”.
XS
SM
MD
LG