Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ДЗЯКУЮЧЫ КАМЛЁВЫМ КЛЕТКАМ, САРДЭЧНАЯ МЫШЦА МОЖА ВЫРАСЬЦІ НАНОЎ


Сяргей Абламейка, Прага

Выпрабаваньні ў некалькіх цэнтрах Паўднёвай Амэрыкі прынесьлі першыя пераканаўчыя доказы, што ін’екцыя камлёвых клетак мае магутны аздараўленчы эфэкт. Аб гэтым было паведамлена днямі на штогадовай сэсіі Амэрыканскай асацыяцыі грудной хірургіі ў Таронта.

Пачынаючы экспэрымэнт, мэдыкі меркавалі, што камлёвыя клеткі, якія застаюцца ў чалавечых тканках яшчэ са стадыі эмбрыёну, могуць ператварыцца ў клеткі сэрца і судзінаў. Удзел у выпрабаваньні новага мэтаду бралі 20 пацыентаў. Апрача аргентынскіх лекараў з Фонду Бэнэці ў Разарыё за ходам экспэрымэнту назіралі мэдыкі з Пітсбурскага ўнівэрсытэту і мэдычнага цэнтру ўнівэрсытэту Бэйлара ў Даласе.

Усім 20 пацыентам былі праведзеныя апэрацыі так званага аорта-каранарнага шунціраваньня, але палове зь іх у дадатак былі зробленыя ін’екцыі камлёвых клетак, атрыманых з касьцявога мозгу іх сьцегнавых касьцей. Уколы рабіліся ў 25-30 месцаў на сэрцы, дзе былі відавочныя пашкоджаньні цягліцаў. Праз 6 месяцаў аказалася, што ўсе пацыенты, каму былі ўведзеныя камлёвыя клеткі, прадэманстравалі лепшую сардэчную функцыю, ня мелі ўскладненьняў і пабочных эфэктаў.

Апрача таго, пацыенты з уведзенымі камлёвымі клеткамі мелі значна лепшы бялковы маркер, які разглядаецца як важны фактар камунікацыі паміж клеткамі. “Мы пакуль ня ведаем, што насамрэч адбываецца – ці гэта камлёвыя клеткі пачынаюць прарастаць як сардэчныя клеткі, ці гэта самі сардэчныя клеткі выйшлі са стану бязьдзеяньня пад уплывам камлёвых клетак”, – заявіў доктар Аміт Патэль зь Пітсбурскага ўнівэрсытэту.

Наагул, навукоўцы сьцьвярджаюць, што патрэбныя новыя экспэрымэнты, каб паўтарыць вынікі цяперашняга дасьледаваньня і вызначыць аптымальную колькасьць патрэбных камлёвых клетак, аптымальны час іх увядзеньня і разабрацца ў працэсах клетачнай тэрапіі. Ангельская газэта “The Guardian” паведамляе, што экспэрымэнты з камлёвымі клеткамі ў Паўднёвай Амэрыцы працягваюцца. Апрача Аргентыны два пацыенты ўдзельнічаюць у асобным экспэрымэнце ва Ўругваі – ім ужо ўведзеныя камлёвыя клеткі, і адзін пацыент на Сыцыліі чакае на ін’екцыю.

Мэдыкі зь Пітсбурскага ўнівэрсытэту плянуюць у найбліжэйшы час правесьці экспэрымэнт са ствалавымі клеткамі на пацыентах, якім раней былі імплянтаваныя сардэчныя стымулятары. Аднаму з гэтых пацыентаў будзе пасьля перасаджана донарскае сэрца, і лекары атрымаюць рэдкую магчымасьць увачавідкі паназіраць за эфэктам камлёвых клетак на выдаленым у тога чалавека хворым сэрцы.

Вынікі апошняга экспэрымэнту падвёў прафэсар кардыяхірургіі Робэрт Кормас зь Пітсбурскага ўнівэрсытэту. Ён сказаў, што ўжо зараз зразумела, што лекары павінны больш настойліва і рашуча выкарыстоўваць клетачную тэрапію. Яна дае магчымасьць рэвалюцыйнага пераходу ад хірургічных мэтадаў лячэньня да так званых рэгенэратыўных. Да станоўчай ацэнкі амэрыканскага прафэсара далучылася і адна з кіраўнікоў Брытанскага фонду сэрца Бэлінда Ліндэн, якая сказала, што новае дасьледаваньне пераканаўча паказала патэнцыйныя выгады ўвядзеньня камлёвых клетак у пашкоджаную сардэчную тканку.

***

А зараз парады аэмырканскай мэыдчнай арганізацыі RealAge.

1. Калі вы ўжо цяпер павялічыце спажываньне фалату, вы зьменшыце рызыку інфаркту ў будучыні. Фалат, які яшчэ называюць фоліевай кіслатой або вітамінам В9, у вялікай колькасьці утрымліваецца ў зялёнай гародніне, печані і бабовых. Нядаўняе дасьледаваньне паказала сувязь паміж колькасьцю спажываньня гэтага вітаміну і пазьнейшымі сардэчнымі прыступамі – у людзей, што спажывалі шмат фалату, інфарктаў было значна менш. Асабліва вітамін В9 эфэктыўны для прадухіленьня ішэмічнай хваробы сэрца. RealAge сьведчыць, што калі вы будзе штодзень спажываць 700 умоўных адзінак фоліевай кіслаты, ваш рэальны ўзрост будзе больш чым на 1 год маладзейшым.

2. Калі вы хочаце мець нармальны зрок на працягу многіх гадоў, не забудзьцеся браць з сабой на вуліцу сонечныя акуляры. Навукоўцы знайшлі, што ўзроставае выраджэньне тканкі вока – рагавіцы і сятчаткі – робіцца больш распаўсюджаным у вялікіх населеных пунктах, дзе павялічваецца сярэдняя працягласьць жыцьця. На іх думку, узроставыя праблемы з тканкай вока можна значна зьменшыць, носячы сонечныя акуляры. Разам з тым, RealAge нагадвае, што вы можаце зрабіць свой рэальны біялягічны ўзрост амаль на 2 гады маладзейшым, калі будзеце дастаткова часу праводзіць на сонцы.

3. Калі вы дачуецеся пра нейкую дабрачынную акцыю, не вагайцеся і сьмела бярыце ў ёй удзел. Навукоўцы заўважылі, што пажылыя людзі, якія кожны тыдзень бралі ўдзел у розных грамадзкіх дабрачынных акцыях, дэманструюць найлепшую фізычную і эмацыйную кандыцыю. Так што калі вы на пэнсіі, шукайце кантактах з культурнымі і дабрачыннымі суполкамі. RealAge нагадвае, што клопат аб сваім эмацыйным стане можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 16 гадоў маладзейшым.

4. Калі вы адчуваеце голад, не перакусвайце нічым салодкім ці салёным. Дасьледаваньні сьведчаць, што калі вы сапраўды галодныя, салёныя ці салодкія прадукты могуць паказацца больш салодкімі ці больш салёнымі. У выніку можа павялічыцца ваша адчувальнасьць да гэтых прадуктаў. Так што лепш перакусваць нейкай садавінай або сырой гароднінай. RealAge сьведчыць, што разнастайная дыета, нізкая у калёрыях і багатая на карысныя рэчывы, можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзейшым.
XS
SM
MD
LG