Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“5+” ЛІЧАЦЬ, ШТО ЛУКАШЭНКА ПРАВЯДЗЕ СЁЛЕТА РЭФЭРЭНДУМ АБ ПРАЦЯГУ СВАІХ ПАЎНАМОЦТВАЎ


Уладзімер Глод, Менск

Аўтары заявы “Палітычнае папярэджаньне” не называюць крыніцаў інфармацыі. Я спытаў аднаго з падпісантаў — лідэра Партыі камуністаў Беларускай Сяргея Калякіна, адкуль у іх такая інфармацыя. Мой суразмоўца адказвае, што гэтыя зьвесткі ён атрымаў ад некалькіх асобаў:

(Калякін: ) “Прынамсі, тое, што ён прыняў рашэньне праводзіць такі рэфэрэндум, то для гэтага ёсьць сур’ёзныя падставы. У мяне зь некалькіх крыніцаў ёсьць зьвесткі, у тым ліку з-за мяжы і зь Беларусі. Прынятае палітычнае рашэньне аб правядзеньні рэфэрэндуму. Нягледзячы на тое, што Расея пакуль не падзяляе такога імкненьня”.

Аўтары заявы называюць і тэхналёгію магчымых дзеяньняў — маўляў, найбліжэйшым часам у друку масава зьявяцца лісты працоўных з просьбаю да Лукашэнкі не пакідаць вышэйшай дзяржаўнай пасады. Іх будуць прапаноўваць падпісаць самым розным асобам: ад кіраўнікоў да простых грамадзянаў. Ці ведаюць што-небудзь наконт магчымага рэфэрэндуму ў Цэнтарвыбаркаме Беларусі? Сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік сьцьвярджае, што падобнай інфармацыі тут ня маюць:

(Лазавік: ) “Пытаньні падрыхтоўкі і правядзеньня рэфэрэндуму ня могуць вырашацца без уліку Цэнтральнай выбарчай камісіі. Але павінен сказаць: на сёньняшні дзень гэтага пытаньня з намі ніхто не абмяркоўваў і пакуль што ніякіх захадаў на гэты конт не рабілася. Пераважна гэтую тэму ўздымаюць журналісты. Вядома, яны ж маюць права, магчыма, штосьці і прадбачыць. Магчыма такі рэфэрэндум будзе, але калі ён будзе, гэта нам невядома”.

Сваёй заявай прадстаўнікі кааліцыі “Пяцёрка+” папярэджваюць Аляксандра Лукашэнку, што ён і ягонае атачэньне “сваімі спробамі захаваць уладу на нявызначаны тэрмін парушаюць канстытуцыйную стабільнасьць у краіне”.
XS
SM
MD
LG