Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МОЛАДЗЕВЫЯ СТРУКТУРЫ “ПЯЦЁРКІ ПЛЮС” СТВАРЫЛІ СВАЮ КААЛІЦЫЮ


Альгерд Невяроўскі, Менск

У кааліцыю “Альтэрнатыва-2004” аб’ядналіся моладзевыя структуры Аб’яднанай грамадзянскай партыі — “Маладыя дэмакраты”, Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, Партыі камуністаў беларускай — камсамол, “Маладая грамада”, а таксама шэраг рэгіянальных грамадзкіх арганізацыяў з Горадні, Берасьця, Магілёва, Гомеля і Слоніму. Дзеля чаго аб’ядналіся гэтыя арганізацыі, распавядае старшыня Моладзевага хрысьціянска-сацыяльнага саюзу “Маладыя дэмакраты” Кірыл Ігнацік:

(Ігнацік: ) “ Нашая задача на сёньняшні дзень – актыўнае прыцягваньне моладзі да ўдзелу ў палітычных і грамадзкіх працэсах. Распрацоўка й актывізацыя ў рамках кааліцыі “Пяцёрка плюс” моладзевай праграмы. А таксама фармаваньне камандаў кандыдатаў. Арыентацыя на Эўрапейскі зьвяз. Нашая мэта – каб Беларусь у пэрспэктыве стала эўрапейскай краінай. І самая галоўная мэта – прыцягненьне незаангажаванай моладзі да палітычных працэсаў. Да працэсаў дэмакратычнай перабудовы краіны праз удзел у палітычных кампаніях. У прыватнасьці праз удзел у парлямэнцкіх выбарах”.

Акрамя гэтага, моладзевая кааліцыя зьбіраецца дамагацца ўвядзеньня альтэрнатыўнай вайсковай службы, скасаваньня абавязковага разьмеркаваньня выпускнікоў ВНУ, атрыманьня крэдытаў маладымі сем’ямі для будаўніцтва жыльля і г.д.

У выбарчым сьпісе “Альтэрнатывы-2004” 28 асобаў ва ўзросьце ад 25 да 35 гадоў. Сярод іх некалькі дэпутатаў мясцовых саветаў. Лідэры кааліцыі гавораць, што гэты сьпіс адкрыты для ўсіх маладых кандыдатаў, якія падзяляюць мэты і задачы “Альтэрнатывы-2004”.

Моладзевае аб’яднаньне ёсьць часткай народнай кааліцыі “Пяцёрка плюс”. Але, паводле актывістаў кааліцыі, гэта не азначае, што моладзі адводзіцца дапаможная роля ў выбарчай кампаніі “Пяцёркі”. Хаця “Альтэрнатыва-2004” і рыхтуе сваіх валанцёраў і назіральнікаў за выбарамі, галоўная задача — правесьці ў Палату прадстаўнікоў сваіх дэпутатаў. Кандыдаты ад “Альтэрнатывы-2004” ужо пачалі падрыхтоўку да выбараў у сваіх акругах. Так, напрыклад, кандыдат ад АГП Алесь Карніенка і ягоная каманда сабралі 4 тысячы подпісаў жыхароў Гомелю супраць падвышэньня платы за камунальныя паслугі. Гэтыя подпісы будуць перададзеныя ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі.

Моладзевая кааліцыя паўстала значна пазьней за дарослую “Пяцёрку плюс”. Моладзевыя лідэры кажуць, што было складана дамовіцца прадстаўнікам арганізацыяў, якія вызнаюць розныя палітычныя погляды. Але цяпер рознагалосьсі пераадоленыя. Гаворыць першы сакратар ЦК ЛКСМБ Дзьмітры Яненка:

(Яненка: ) “Мой асабісты досьвед і досьвед нашых кандыдатаў паказвае, што ідзе дастаткова шчыльная праца, і працуем мы канструктыўна. Відаць, таму, што мы, маладыя, цудоўна разумеем: нам жыць у гэтай краіне заўтра. І мы павінны выпрацаваць нейкую лінію, якой павінна быць Рэспубліка Беларусь. Вы бачыце, што ўсе мы розныя людзі й паводле сацыяльнага статусу, і паводле палітычных поглядаў. Але ўсіх нас аб’ядноўвае адно — усе мы хочам жыць у цывілізаванай, свабоднай, дэмакратычнай краіне”.

Лідэры “Альтэрнатывы-2004” гавораць, што гатовыя да кантактаў і перамоваў з кааліцыяй “Маладая Беларусь”, а таксама з моладзевымі структурамі эўрапейскай кааліцыі “Свабодная Беларусь”.
XS
SM
MD
LG