Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АХВЯРАВАНЬНІ НА КРУГЛЯНСКУЮ ЦАРКВУ ЗЬБІРАЮЦЬ ДОБРААХВОТНА-ПРЫМУСОВА


Марыя Ўсьціновіч, Круглае

Службы для праваслаўных вернікаў Кругляншчыны праходзяць у прыстасаваным будынку, дзе раней была разьдзявальня для спартоўцаў і стрэльбішча. Тут мала месца, дах працякае, аднак прыхаджане гатовыя трываць, бо ў Круглым будуецца новая драўляная царква.

(Спадарыня: ) “Царква нясе сілу дабрыні і любові. Гэта дом Божы”.

(Спадар: ) “Нам ня толькі лячыць душы трэба, але і ратаваць. Таму што вельмі шмат загубленых душаў за часамі савецкай улады”.

Савецкая ўлада ў Круглым зьнішчыла праваслаўную царкву, цяперашняя ўлада ініцыюе збор сродкаў на будаўніцтва новага храму. Круглянскі сьвятар айцец Генадзь ня бачыць у гэтым супярэчнасьці.

(Айцец Генадзь: ) “Сам Гасподзь сказаў, што кожны чалавек мае права на выпраўленьне. Будзем спадзявацца, што яны ня толькі звонку, на выгляд прыходзяць да храму, да Бога, але і ў душы”.

Праваслаўныя вернікі у Круглым разумеюць, што для будаўніцтва царквы патрэбныя вялікія сродкі — нашмат большыя, чым яны самі могуць ахвяраваць.

(Спадарыня: ) “Прыход у нас зусім маленькі, народу мала ходзіць. Мы самі бачым, колькі ў ахвяравальніцу кідаюць — 100 рублёў, 50 рублёў. Храм мы, канечне, на гэта не пабудуем”.

На будоўлю храму зьбіраюць грошы з усяго раёну. Апошнім разам, пасьля суботніку на карысьць царквы, пералічана каля 20 мільёнаў рублёў. Зьбіраньне сродкаў на храм — увогуле не навіна для Кругляншчыны. У 1990-ы гады грошы ахвяравалі на рэстаўрацыю царквы ў вёсцы Дудаковічы. У выніку помнік архітэктуры 19 стагодзьдзя разбураецца, а праваслаўнаму прыходу ня так даўно пералічылі абясцэненыя часам 736 рублёў.

Людзі добра ставяцца да будаўніцтва праваслаўнага храму ў Круглым. Аднак ня ўсім падабаецца, якім чынам зьбіраюцца грошы на будоўлю:

(Спадарыня: ) “У нас з заробку вылічваюць, і ўжо рабілі гэта неаднаразова”.

(Спадар: ) “Дзе добраахвотна, дзе добраахвотна-прымусова”.

(Спадар: ) “Трохі прымушаюць, канечне”.

(Спадар: ) “Грошай ня так многа, каб нават гэтыя капейкі аддаваць без шкадаваньня”.

(Спадар: ) “Калі свае лішнія ёсьць, то, вядома, можна аддаць. А калі прымушаюць, то гэта ж ня справа!”

У Круглянскім райвыканкаме настойваюць на тым, што ахвяраваньні на царкву добраахвотныя. Гаворыць намесьніца старшыні ў ідэалягічных справах Тамара Аксёнава:

(Аксёнава: ) “Я такіх фактаў не пацьвярджаю, што кагосьці гвалтоўна прымушаюць грошы аддаваць, з заробку вылічваюць — гэта ўсё робіцца з жаданьня людзей”.

Круглянцы, якія незадаволеныя мэтадам збору сродкаў на храм, уголас ніколі гэтым не абураліся, таму што кожны баіцца страціць працу і заробак.

(Спадарыня: ) “Ставімся адмоўна, аднак нічога ня зробіш”.

(Спадар: ) “Цяпер улада ў нас такая. Не здасі грошай — ідзі на вуліцу”.

Адкрыта выказвае сваё меркаваньне дэпутатка райсавету ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Зінаіда Мялешчанка:

(Мялешчанка: ) “Калі гэта гвалтоўным шляхам, калі не пытаюцца, ці ёсьць на хлеб дзецям альбо няма, гэта, я лічу, ужо маразм, той самы сацыялістычны маразм. То разбураюць і не пытаюцца, то будуюць і зноў не пытаюцца”.

Тэрміны будаўніцтва Сьвята-Троіцкай царквы залежаць ад колькасьці ахвяраваньняў. Мяркуецца, што наступны Вялікдзень праваслаўныя вернікі Круглянскага раёну абавязкова адзначаць у новай царкве.
XS
SM
MD
LG