Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФЛЯГШТОКІ ДЛЯ ЭЗ ЗРАБІЛІ НА ГДАНЬСКІХ ВЭРФЯХ, ДЗЕ КАЛІСЬ ПАЎСТАЛА “САЛІДАРНАСЬЦЬ”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Перадусім, Польшча – гэта найвялікшая краіна з 10 новых сябраў Эўрапейскага зьвязу, але нават ня гэта зрабіла палякаў галоўнымі героямі ўчорашняй цырымоніі. Справа ў тым, што флягштокі каля будынку Эўрапарлямэнту, на якія ва ўрачыстай атмасфэры былі ўзьнятыя сьцягі краінаў новых сябраў, былі замоўленыя на Гданьскай вэрфі – месцы, дзе паўстала “Салідарнасьць”.

Раней Гданьск наведаў сьпікер Эўрапейскага парлямэнту Пэт Кокс і заявіў, што флягштокі павінны быць зробленыя там, адкуль пачаўся шлях да аб’яднаньня кантынэнту, бо без барацьбы польскіх рабочых з камуністычным рэжымам не было б і пашырэньня Эўразьвязу.

Акрамя гэтага, адмысловым госьцем цырымоніі быў легендарны лідэр “Салідарнасьці“ і былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса, які прамаўляў ад імя ўсіх 10 краінаў новых сябраў Эўразьвязу. Прапаную паслухаць урывак з прамовы Леха Валэнсы ў Страсбуры.

(Валэнса: ) “Мяне запрасілі сюды як жывога сьведку барацьбы за аб’яднаньне Эўропы. Сёньня гэтае аб’яднаньне становіцца рэальнасьцю. Сёньня спаўняецца запавет продкаў. І для мяне – рэвалюцыянэра – гэта рэч вялікая. Вера і салідарнасьць робіць цуд”.

Усё гэта было зробленае на знак удзячнасьці Польшчы за ўнёсак у канчатковую ліквідацыю наступстваў Ялцінскай паваеннай канфэрэнцыі, якая спрычынілася да ненатуральнага падзелу Эўропы.

Для саміх палякаў такая пашана да асобы Леха Валэнсы ў Эўропе сталася нагодай для таго, каб яшчэ раз задумацца над тым, чаму асоба першага дэмакратычнага прэзыдэнта трэцяй рэспублікі, які ва ўсім сьвеце ўспрымаецца як сымбаль барацьбы і вызваленьня ад камуністычных парадкаў, у самой Польшчы дагэтуль застаецца недаацэненай.
XS
SM
MD
LG