Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВАГА ЗАКОНУ АБ ДРУКУ НАЙБЛІЖЭЙШЫМ ЧАСАМ НЯ БУДЗЕ


Юры Сьвірко, Менск

Усё афармленьне выставы “СМІ ў Беларусі”, якая адкрылася ў аўторак напярэдадні афіцыйнага Дня друку, зробленае па-расейску. Толькі на расейскай мове выступалі падчас цырымоніі адкрыцьця віцэ-прэм’ер Уладзімер Дражын, намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Алег Праляскоўскі й міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч.

На сцэну, зробленую тэлеканаламі ОНТ і СТВ, запрасілі таксама амбасадараў Украіны і Казахстану, але слова ім не далі, чым дыпляматаў пакрыўдзілі. Расейскі амбасадар у Менску Аляксандар Блахін выставу ўвогуле праігнараваў. Нагадаю, што ён раней назваў менавіта гэтыя два каналы — ОНТ і СТВ — інфармацыйным сурагатам, а яшчэ нядаўна адбылося адключэньне тэлеканалу “Россия”.

Пра гэта ды іншае я хацеў паразмаўляць з новым старшынём Белтэлерадыёкампаніі Ўладзімерам Матвейчуком, але змог задаць яму толькі наступнае пытаньне:

(Карэспандэнт: ) “Ці будзе ўсё ж такі адноўленае вяшчаньне на беларускай мове — у выпусках навінаў?”

(Матвяйчук: ) “Мы давайце дамовімся так — ну, крыху пазьней. Значыць, не зараз тут, похапам, у гэтай абстаноўцы. Вядома, будзе. Я думаю, што будзе”.

(Карэспандэнт: ) “А калі гэта можа адбыцца?”

(Матвяйчук: ) “Вы ж ведаеце, што я кіраўнік-пачатковец. Дайце аглядзецца”.

Беларуская мова ўпершыню загучала толькі каля стэнду беларусаў Латвіі, якія прэзэнтавалі сваю газэту “Прамень”. Міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч словы песьні “Каля млына” добра ведаў, таму я вырашыў задаць яму тое ж пытаньне, што й кіраўніку БТ:

(Карэспандэнт: ) “Вы так добра падпявалі па-беларуску. Скажыце, ці будзе беларуская мова на Беларускім тэлебачаньні?”

(Русакевіч: ) “Дык яна ёсьць, але недастаткова”.

(Карэспандэнт: ) “Дык калі павялічыцца?”

(Русакевіч: ) “Робім усё, каб павялічылася неадкладна”.

(Карэспандэнт: ) “А новы старшыня сказаў, што ён яшчэ новы, пачатковец…”

(Русакевіч: ) “Ён усё ведае. Мы дамовіліся аб усім і будзем рабіць усё так, як трэба”.

(Карэспандэнт: ) “Нейкі тэрмін назавеце канкрэтны?”

(Русакевіч: ) “Самае галоўнае ў такіх зьявах, як вучаць нас філёзафы, не называць тэрмінаў, таму што гэта шкодзіць якасьці”.

(Карэспандэнт: ) “І наконт праекту Закону аб друку таксама не назавеце тэрмінаў? Бо столькі ўжо распрацоўваюць гэты закон…”

(Русакевіч: ) “Я на расейскую перайду. Я лічу, што Закон аб друку, які існуе, ён перашкаджае нам разьвіваць сродкі масавай інфармацыі, насычаць інфармацыйную прастору. Так, яго трэба ўдасканальваць. Мы працуем. Усе ведаюць, што мы працуем”.

Спадар Русакевіч, распавядаючы аб працы над законам аб друку, заявіў: “Як казаў Троцкі, гэта працэс пэрманэнтны”. Год таму на такой жа выставе “СМІ ў Беларусі” намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Алег Праляскоўскі сказаў Радыё Свабода пра новы Закон аб друку, што “ў вельмі хуткім часе ён убачыць сьвет”. Цяпер спадар Праляскоўскі кажа:

(Праляскоўскі: ) “Усё ў рабоце”.

(Карэспандэнт: ) “А будзеце накіроўваць у Палату прадстаўнікоў?”

(Праляскоўскі: ) “Ня я накіроўваю. Дапрацоўваецца. Але я думаю, што ніякага пажару няма”.

А міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч нязгодны, што Беларусь сярод 193 краін займае 182-е месца паводле свабоды прэсы — такія вынікі рэйтынгу арганізацыі “Freedom House”.

(Русакевіч: ) “Паводле нашых зьвестак, Беларусь знаходзіцца ў ліку лідэраў сьвету паводле свабоды слова — я так адчуваю. Я штосьці бачыў — я так адчуваю”, — заявіў спадар Русакевіч, які раней займаў пасаду амбасадара ў Кітаі.

Напярэдадні эўрапейскія амбасадары ў Менску абвінавацілі міністра інфармацыі ў тым, што ён адмаўляецца зь імі сустрэцца. Вось як камэнтуе гэта спадар Русакевіч:

(Русакевіч: ) “Я нядаўна сустракаўся з амбасадарам ЗША спадаром Кролам. Сустракаюся з усімі, хто хоча сустракацца. А калі са мной хочуць абцасамі грукаць і ў парушэньне ўсіх канвэнцыяў міжнародных дыктаваць тут волю сваю міністру — дык ёсьць парадак, разумееце, я яго крыху ведаю. Была просьба ўльтыматыўная: што калі вы ня гэта, значыць, мы гэта — так не размаўляюць дыпляматы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG