Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛІТВЯЗЬНІ Ў КАМЭРАХ МЕНСКУ І ГОРАДНІ


Любоў Лунёва, Менск

За кратамі менскага спэцпрыёмніка ўтрымліваюць намесьніка старшыні БНФ Алеся Міхалевіча і актывіста Маладога Фронту Зьмітра Дашкевіча. Алесь пасьля дзесяці сутак арышту выйдзе на волю 6 траўня. Разам зь ім адбываў 7 сутак арышту дваццацігадовы сябар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрусь Козел. 3 траўня яго вызвалілі. Андрусь упершыню трапіў у няволю, ён падзяліўся сваімі ўражаньнямі з Радыё Свабода:

(Козел: ) “Было вельмі выдатна, што нас падтрымлівалі з волі. Увесь час насілі газэты, кнігі, харчовыя перадачы і цёплыя рэчы. Было значна цяплей спаць. Спалі, чыталі кніжкі… Нам вельмі моцна дапамагалі нават ня гэтыя перадачы, а тое, што нас падтрымліваюць людзі. Я асабліва гэта адчуў, калі выходзіў з Акрэсьціна. Мяне сустракалі каля дваццаці чалавек. Большасьць людзей былі для мяне вельмі, вельмі дарагія. Было вельмі прыемна бачыць іх шчырую ўсьмешку, пачуць іх цёплыя словы. Таму ўсе тыя суткі, якія я праводзіў па-за свабодай, гэта суткі майго змаганьня за свабоду, за правы ў Беларусі”.

Зьміцер Дашкевіч адседзеў трое сутак зь пятнаццаці, прызначаных судом. За апошні год ён ужо пяты раз адбывае пакараньне ў спэцпрыёмніку. Яго сябры перадалі яму харчовую перадачу. Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец лічыць, што Зьмітра ізалявалі менавіта з тае прычыны, што ён — актыўны ўдзельнік вулічных акцыяў:

(Севярынец: ) “На “Чарнобыльскім шляху” гэтага году менавіта Малады Фронт вывеў людзей на вуліцу, прарваў кардон, і ўрэшце акцыя зьдзейсьнілася. Менавіта Зьміцер Дашкевіч, той чалавек, якога пасьля акцыяў забіраюць, што называецца “з поля бою”, па некалькі амонаўцаў. Гэта было і 1 траўня. Дашкевіч, больш за тое, кандыдат на пасаду старшыні Маладога Фронту на зьезьдзе, які адбудзецца ў нас праз тры тыдні. Я думаю, што ўладам гэта добра вядома. Менавіта таму Зьміцер Дашкевіч прадстаўляе дастаткова сур’ёзную небясьпеку для сёньняшнага рэжыму. Менавіта за гэта ён інтэрнаваны на 15 сутак. Бо калі Зьміцер стане лідэрам Маладога Фронту, гэта будзе азначаць бескампрамісную барацьбу з рэжымам на вуліцы”.

Двое віцяблянаў Сяргей Катушонак і Хведар Бакунаў, якіх моцна зьбілі невядомыя пасьля заканчэньня “Чарнобыльскаг шляху”, дагэтуль знаходзяцца ў рэанімацыі гарадзкога шпіталю.

У гарадзенскім спэцпрыёмніку 15 сутак арышту адбывае лідэр аб’яднаньня прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі разам са сваім 18-гадовым сынам Уладзімерам, якога таксама пакаралі 13 суткамі арышту за ўдзел у несанкцыянаваным уладамі сходзе і за распаўсюд улётак 1 траўня.

Яшчэ двух непаўнагадовых дзяцей лідэра прадпрымальнікаў міліцыянты затрымлівалі. Справу перадалі ў адміністрацыйную камісію райвыканкаму. Так што пасьля адбыцьця арышту Валеры Леванеўскі, верагодна, вымушаны яшчэ будзе плаціць штраф за “кепскае выхаваньне дзяцей”.

Гл. таксама
• 15 СУТАК ПРАВЯДЗЕ Ў НЯВОЛІ МАЛАДАФРОНТАВЕЦ ЗЬМІЦЕР ДАШКЕВІЧ
• ЛЕВАНЕЎСКІ АТРЫМАЎ 15 СУТАК, ЯГО 18-ГАДОВЫ СЫН З ШКОЛЬНЫМ ТАВАРЫШАМ – ПА 13 СУТАК
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG