Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ РАСПАЧАЎСЯ ФЭСТЫВАЛЬ СУЧАСНАГА ФАЛЬКЛЁРУ


Галіна Абакунчык, Менск

Фэстываль распачаўся ў Доме культуры вэтэранаў выступам гуртоў, якія папулярызуюць архаічны фальклёр, — гэта “Ліцьвіны”, “Guda", “Кудмень”. А заўтра ў канцэртнай залі “Менск” фэстываль прадоўжаць выканаўцы, якія традыцыйны фальклёр стылізуюць, гэта “Kriwi”, “Стары Ольса”, “Бан Жвірба” і іншыя. Дарэчы, спалучэньне архаікі й сучаснай музыкі ёсьць асаблівасьцю фэсту. Адзін зь ягоных удзельнікаў, лідэр гурту “Палац” Алег Хаменка лічыць вельмі важным гуртаваньне беларускіх музыкаў на глебе нацыянальнай культуры. Гаворыць Алег Хаменка:

(Хаменка: ) “Вельмі важна, што аб’ядналіся музыкі, якія маюць розныя погляды на беларускі фальклёр і на разьвіцьцё музыкі ў Беларусі. Гэты фэст мае канцэпцыю, вялікую магутную ідэю”.

Упершыню фольк-фэстываль “Таўкачыкі” адбыўся ў 2000 годзе, але арганізатары спадзяюцца, што ад сёлета гэта будзе сталая традыцыя. Яны кажуць, што гэтым разам былі вымушаныя нават абмяжоўваць заяўкі на ўдзел, бо за гэты час у Беларусі зьявіліся шмат гуртоў і выканаўцаў, якія працуюць менавіта на глебе беларускай нацыянальнай культуры. А яшчэ адной асаблівасьцю сталася тое, што некаторыя ўдзельнікі прэзэнтавалі новыя праграмы. Да прыкладу, “Госьціца” паказвае прэм’еру фольк-спэктаклю “Русальчын панядзелак” — гэта містычная дзея, у якой спалучыліся старажытныя сьпевы й скокі ў сучасным музычным аздабленьні. Вось што пра свой удзел у фэсьце сказала мастацкая кіраўніца “Госьціцы” Ларыса Сімаковіч:

(Сімаковіч: ) “Сам факт гэтага фэстывалю сьведчыць пра тое, што мы цывілізаваны народ, бо мы зьвяртаемся да сваіх традыцыяў. І вельмі добра, што мы ўсьведамляем: калі мы пра гэта не паклапоцімся, то на сёньняшні дзень улада нам не дапаможа”.

Трэці дзень імпрэзы прымеркаваны да сьвята Юр’я і пройдзе ў Любаньскім раёне. Пра гэта распавядае арганізатар фэсту, лідэр гурту “Юр’я” Юры Выдронак:

(Выдронак: ) “6 траўня мы едзем у Любань. І там будзем ладзіць сьвята Юр’я на Юр’я: у сапраўдных умовах вёскі, на прыродзе, з бабулькамі, малаком, бульбаю. Спадзяемся, што будзе цікава і весела”.

А завершыцца фэстываль гэтаксама ў Любаньскім раёне канцэртам усіх удзельнікаў.
XS
SM
MD
LG