Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ГІСТАРЫЧНАЕ НЕВУЦТВА


Сяргей Дубавец, Вільня

Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў апублікаваў вынікі свайго апытаньня грамадзкасьці пра першую беларускую дзяржаву. Камэнтатары назвалі гэтыя вынікі сэнсацыйнымі. Першае месца і аж 34 % галасоў атрымала Вялікае Княства Літоўскае, астатнія – БНР, БССР і РБ атрымалі па 15-18 %.

А сэнсацыйнае ў гэтых выніках тое, што ўяўленьні беларусаў пра сваю першую дзяржаву радыкальна зьмяніліся менавіта за часы кіраваньня першага прэзыдэнта, які ўсімі сіламі імкнуўся ўзвысіць прыярытэт БССР і адхрышчваўся ад Вялікага Княства. У папярэднім апытаньні 1996 году, – заўважаюць сацыёлягі, – ідэальным палітыкам мінулага беларусы называлі Машэрава, а князь Вітаўт і Леў Сапега згадваліся толькі ў самым канцы доўгага сьпісу.

У чым прычына? І ці сапраўды гэта сэнсацыя?

Рэч у тым, што школьныя падручнікі, у якіх даваўся адрозны ад савецкага погляд на ролю Вялікага Княства ў гісторыі Беларусі, пачалі стварацца ў першыя гады незалежнасьці. На зьмену тэзісу расейскай імпэрскай гісторыі пра захоп беларускіх земляў літоўскімі князямі прыйшла ўласная канцэпцыя Вялікага Княства Літоўскага як беларускай дзяржавы, што ўзьнікла на беларускім этнічным абшары зь першай сталіцай у Наваградку, зь беларускай мовай у якасьці дзяржаўнай і з вырашальнай перавагай беларускага этнічнага элемэнту як ва ўсёй дзяржаве, так і ў яе кіраўніцтве. І толькі ў апошнія гады Лукашэнка разгарнуў кампанію замены школьных падручнікаў і вяртаньня да расейскай імпэрскай канцэпцыі пра тое, што да кастрычніцкай рэвалюцыі ўся беларуская гісторыя – гэта толькі лапці, каўтун ды панскі бізун.

Другая прычына сёньняшняга выніку ў тым, што найлепшыя творы беларускіх гісторыкаў і пісьменьнікаў – Ермаловіча, Сагановіча, Арлова (тут можна пералічваць дзясяткі імёнаў) на багатым фактычным матэрыяле даказваюць прыналежнасьць Вялікага Княства беларускаму этнасу. Кнігі гэтых аўтараў зусім ня проста прабіваюцца да чытача празь вялікае мноства афіцыйных забаронаў і перашкодаў, тым ня менш, яны ёсьць. Адначасова адваротная канцэпцыя, расейска-савецкая, усё, што і змагла нарадзіць за мінулы час, дык гэта вельмі спрэчную ў навуковым і літаратурным сэнсе брашуру магілёўскага выкладчыка Аляксандра Лукашэнкі Трашчанка, якая зараз жа была афіцыйна ўзьведзеная ў ранг падручніка.

Трэцяя прычына ў тым, што савецкі пэрыяд гісторыі Беларусі не выклікае такога жаданьня папулярызацыі і гераізацыі, як ранейшая гісторыя. Гэта тычыцца і недзяржаўнай, і дзяржаўнай сфэры, як, зрэшты, і ўсяго народу. Як трапна заўважана ў камэнтары да згаданага соцыялягічнага апытаньня, беларуска-савецкі ідэалягічны міт успрымаецца людзьмі як тавар другой сьвежасьці. Усе найвялікшыя дасягненьні культуры, навукі і палітыкі, зь якімі беларусам ня сорамна зьяўляцца сярод іншых эўрапейскіх народаў, былі створаныя акурат у пэрыяд Вялікага Княства Літоўскага.

Падобны вынік мы атрымалі і з адмыслова праведзенага для нашай праграмы апытаньня сярод студэнтаў-гісторыкаў і з апытаньня мінакоў на менскай вуліцы. Якія асацыяцыі ўзьнікаюць у вас са словамі “беларуская гісторыя”?

(Голас студэнта: ) “Беларуская гісторыя – гэта Вялікае Княства Літоўскае. Я лічу, што гэта было наша беларускае дзяржаўнае ўтварэньне”.

(Голас студэнткі: ) “Герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сьцяг, сярэднявечча, Вялікае Княства Літоўскае”.

(Голас студэнта: ) “Вось вядуцца спрэчкі наконт таго самага ВКЛ. Я да прыкладу хацеў бы ўзяць Літву. Там даўно ўжо вырашылі, што гэта была літоўская дзяржава. Я лічу, што нам непатрэбныя гэтыя спрэчкі, а трэба канстатаваць, што гэта была менавіта беларуская, і выкладаць гісторыю нашу беларускую ў тым ракурсе, што гэта была наша беларуская дзяржава. Няхай там спрачаюцца недзе наверсе, а для нас, простых грамадзян, гэта павінна быць наша гісторыя, гэта наша бытнасьць, гэта мы”.

(Голас з вуліцы: ) “Беларуская гісторыя – гэта тое, што зьвязвае нас з продкамі. Чамусьці слова “гісторыя” асацыюецца з добрымі нейкімі паняткамі. Гэта 16-17 стагодзьдзі, Асьветніцтва, Радзівіл...”

(Голас з вуліцы: ) “Калі я чую “беларуская гісторыя” я адразу адчуваю нейкую гордасьць за нашых першадрукароў, той жа Францішак Скарына, за нашых асьветнікаў. І трохі сумна, што ў сёньняшні час амаль няма чым ганарыцца”.

(Голас з вуліцы: ) “Гісторыя? Касьцюшка, Вітаўт, Каліноўскі... Можна ўспомніць Бітву пад Воршай. Гэта беларуская гісторыя для мяне”.

(Голас з вуліцы: ) “Для мяне гэта, у першую чаргу, Усяслаў Чарадзей, Эўфрасіньня Полацкая, бела-чырвона-белы сьцяг, Статут ВКЛ і статус дзяржаўнасьці беларускай мовы”.

Такім чынам, па вялікім рахунку, сэнсацыі няма. На засваеньне Вялікага Княства Літоўскага працуе і беларуская этніка, і сама беларуская зямля, і велізарная бібліятэка першакрыніц, і ўся акадэмічная гістарыяграфія, і найлепшыя творы гісторыкаў ды літаратараў, і цікавасьць ды сымпатыі народу. Супрацьстаіць гэтаму толькі цяперашняя дзяржаўная ідэалёгія, падпарадкаваная сымпатыям аднаго, хоць і самага ўплывовага ў краіне, але толькі аднаго чалавека.

Усё гэта сьведчыць пра тое, што мы маем вельмі спэцыфічную праблему гістарычнае асьветы, дзе глыбінныя сымпатыі народу і аўтарытарнае ўлады бадай што супрацьлеглыя. Улада перамагае, але ў выніку асуджаная на паразу, бо яна моцная толькі ў часавых рамках уладараньня аднаго чалавека. І колькі б гэтае ўладараньне ні цягнулася, для таго, каб зьмяніць глыбінныя сымпатыі людзей, гэтага часу недастаткова.

Між тым, за гэтым супрацьстаяньнем у Беларусі амаль цалкам не заўважаецца іншая праблема гістарычнае адукацыі, пра якую шмат гавораць у сьвеце і якая ніяк ня менш актуальная для нас. Гэтая праблема – няведаньне сваёй гісторыі.

Вернемся да нашага апытаньня на гістарычным факультэце БДУ і сярод мінакоў на менскай вуліцы. Якія асацыяцыі ўзьнікаюць у вас са словамі “беларуская гісторыя”?

(Голас студэнта: ) “Наша гісторыя – гэта наша сьвядомасьць, гэта тое, чым мы павінны жыць увесь час. А ў нас так атрымліваецца, што ўсё гэта неяк закінутая, забытая ўсімі. І лічыцца, што беларуская гісторыя – гэта нешта такое брыдкае і нецікавае”.

(Голас студэнта: ) “Беларуская гісторыя – гэта нешта такое наша нацыянальнае, самабытнасьць, традыцыі, беларуская мова, беларуская хата, нацыянальная ежа”.

(Голас студэнта: ) “Гэта мы самі, гэта наша спадчына. Тое, што мы ствараем сваімі рукамі – гэта і ёсьць беларуская гісторыя”.

(Голас студэнткі: ) “Гэта тое, што ўзьнікла ніадкуль, чаго многія ня ведалі, а многія ня ведаюць дагэтуль. Некаторыя думаюць, што гэта толькі Колас, Купала... Насамрэч шмат было і да іх і пасьля іх... Мне асабіста было цікава. Я шмат новага даведалася”.

(Голас студэнта: ) “Гэта прафэсія як бы наша атрымліваецца. Наш хлеб атрымліваецца”.

(Голас студэнткі: ) “У школе вучні ня любяць гісторыі, тым больш, што праграма складзена ня вельмі цікава. Таму вучні яе вучаць, як правіла, у дзявятай клясе, а ў дзясятай-адзінаццатай яны на яе плююць. Яны вучаць тое, што ім патрэбна для паступленьня, а гісторыя – гэта ўжо ня той прадмет”.

(Голас з вуліцы: ) “Гэта цікавы прадмет, таму яго трэба вывучаць ня толькі ў школе, але і ва ўсіх ВНУ”.

(Голас з вуліцы: ) “Я, чэсна гавара, у гэты пэрыяд тут не жыла”.

(Голас з вуліцы: ) “Наогул уся гісторыя – гэта гісторыя войнаў. Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, усе войны праходзілі празь Беларусь, на жаль”.

(Голас з вуліцы: ) “Ну па-першае, вайна. Помніцца дзень вызваленьня Менску. І як нашы беларусы змагаліся таксама супраць фашызму. І наш час таксама цудоўны, мне здаецца”.

(Голас з вуліцы: ) “Гісторыя Беларусі, Менску – гэта тое, што было, гэтым трэба ганарыцца. А імёны... Іх многа, але зараз на памяць не прыходзяць”.

(Голас з вуліцы: ) “Гэта гісторыя нашай краіны. Я ганаруся Беларусяй і яе гісторыяй”.

(Голас з вуліцы: ) “Скарына, Танк... Гэта пісьменьнікі нейкія”.

Напэўна, правядзі мы такое апытаньне сярод студэнтаў і вулічных мінакоў у якой заўгодна іншай эўрапейскай краіне, сярэдні вынік, а менавіта – узровень веданьня – атрымалі б такі самы. Розьніца ў тым, што калі ў іншых краінах пра гэта гавораць як пра асноўную праблему гістарычнай асьветы, дык у Беларусі гістарычнае невуцтва затуляецца іншым – жаданьнем уладаў навязаць народу свой погляд на беларускую гісторыю, які ніяк не стасуецца зь першакрыніцамі і поглядамі беларускіх гісторыкаў. Інакш кажучы, гісторыя затуляецца палітыкай.

Паспрабуем аднак за гэтай палітыкай разгледзець гісторыю і тое, дзеля чаго яна патрэбная кожнаму чалавеку. Здавалася б адказ на гэтае пытаньне усім даўно зразумелы: хто ня думае пра мінулае, той пазбаўляе сябе будучыні. Але калі гэта зразумела ўсім, чаму тады такі нізкі ўзровень веданьня айчыннай мінуўшчыны? Выходзіць, таго агульнавядомага адказу недастаткова. Нездарма так напружана працуюць над нашым агульнавядомым пытаньнем вучоныя розумы па ўсім сьвеце і працуюць не бяз выніку, знаходзячы новыя словы і новыя стымулы для суайчыньнікаў. “Чаму так важна вывучаць сваю гісторыю?” – зноў паўтарыў наша агульнае пытаньне ў загалоўку свайго нядаўняга артыкулу аўтарытэтны амэрыканскі гісторык Дэвід Макулаг. Ён – аўтар некалькіх манаграфіяў і вялікага мноства артыкулаў з амэрыканскай гісторыі, ляўрэат Пулітцэраўскай прэміі.

Агульная карціна гістарычнага невуцтва ў спадара Макулага вельмі падобная да нашай, беларускай. А вось у матывацыях вывучаць гісторыю можна знайсьці і новыя, невядомыя для нас ноты.

А чаму б нам ня ўзяць ды не параўнаць нашу гісторыю з амэрыканскай? Калі вас палохае неадпаведнасьць маштабаў, дык любая гісторыя ўрэшце зводзіцца да маштабаў чалавечага лёсу. Нашмат больш абсурдна разглядаць як роўнавялікія аб’ёмы краінаў і насельніцтва, напрыклад, Беларусі і Расеі. Але гэта зноў палітыка, а не гісторыя.

У гісторыі ўсё параўнальнае. Так для ўсіх дзейнічае адзін закон. Да прыкладу, калі мы гаворым “гісторыя Беларусі”, дык першае, з чым гэты панятак асацыюецца – расейцы, чый удзел у беларускім лёсе і ў беларускай сьвядомасьці на працягу вякоў не параўнальны ні з чым. А калі мы гаворым “гісторыя Амэрыкі”, дык першымі згадваем індзейцаў. Згадзіцеся, ёсьць, што параўноўваць: тут расейцы, там індзейцы. Захопнікі і захопленыя.

Аднак “гісторыя Беларусі” і “гісторыя Амэрыкі” – гэта аб’ектныя станы. А вось – станы суб’ектныя.

Словы “беларуская гісторыя” асацыююцца з Эўфрасіняй Полацкай, ВКЛ, Скарынам, Каліноўскім. Словы “амэрыканская гісторыя” – зь першапраходцамі, Вашынгтонам, Лінкольнам... Тут ужо гаворка не пра тое, як зь Беларусяй і Амэрыкай абышоўся лёс, а пра тое, чаго яны самі дасягнулі і чым могуць ганарыцца пакаленьні нашчадкаў.

Як бачым, для параўнаньня ўзятыя сувымерныя аб’екты. А гэта значыць, што і высновы амэрыканскага прафэсара пра тое, навошта трэба ведаць сваю гісторыю, могуць быць цалкам прыдатныя і для беларусаў.

Пачнем з нашага “агульнавядомага”. Амэрыканскі прафэсар Дэвід Макулаг піша:

“Лепшы спосаб зразумець, куды рухаецца краіна, гэта высьветліць, што адбывалася зь ёю ў мінуўшчыне”.

Ведаеце, чаму камуністычныя ідэолягі Беларусі “ўрэзалі” гісторыю нашай дзяржавы на 9 вякоў і пачалі адлік з расейскай рэвалюцыі 1917 году? А для таго, каб людзі маглі ўяўляць сабе сьветлае камуністычнае заўтра і не азіраліся ў мінуўшчыну, якая ніякага такога ружовага заўтра задарма не абяцала. Прынамсі людзі павінны былі верыць у камунізм. Але чаму сёньняшняй уладзе спатрэбілася ў сваіх ідэалягічных пастулятах пачынаць усё і ўся зноў жа з 1917 году? Мы ўжо даўно не жывем у прадчуваньні камунізму. Зь іншага боку, нельга дапусьціць, каб улада рабіла гэта непрадумана. А калі наўмысна – значыць, яна зацікаўленая, каб увесь народ не разумеў, куды рухаецца краіна, бо пазбаўлены магчымасьці высьветліць, што адбывалася зь ёю ў мінуўшчыне. Я ўжо не кажу пра тое, што і караценькі адносна ўсяго гістарычнага шляху савецкі пэрыяд падаецца ва ўрэзаным і выбарачным выглядзе. На водкуп апазыцыі аддадзеныя гісторыя БНР і беларускай эміграцыі, а праўда пра ГУЛАГ і часы акупацыі дагэтуль зачыненая на замок у КГБ.

Амэрыканскі гісторык абураны:

“Мы гадуем жахліва неадукаванае з гледзішча гістарычных ведаў пакаленьне. Чацьвёра зь пяці выпускнікоў вядучых каледжаў і ўнівэрсытэтаў краіны ня ў стане справіцца з базісным школьным тэстам па гісторыі”.

Як казала адна калега-журналістка ў падобных выпадках: “кангруэнтна”. Верагодна падобная карціна і ў іншых краінах сьвету. І гэта наўрад ці можа быць цікава. Цікава тое, як амэрыканскі гісторык матывуе сваім чытачам патрэбу ведаць гісторыю ЗША:

“Гісторыя дапамагае нам набыць сапраўдныя каштоўнасьці, карэктуе нашы паводзіны. Гісторыя ўмацоўвае нас у нашай веры ў тое, за што варта змагацца. Яна вучыць нас, што існуе нешта такое, за што можна і жыцьцё аддаць”.

“Гісторыя распавядае нам пра чалавечую прыроду. Яна паказвае нам магчымасьці выбару. На канкрэтных прыкладах яна паказвае нам, якое зло прыносяць несправядлівасьць, неадукаванасьць і дэмагогія. І што выратаваньнем можа стаць простая чалавечая мужнасьць ці нават – адна бліскучая ідэя”.

А гэтыя абстрактныя нібыта катэгорыі, між іншым, не заўсёды й заўважыш няўзброеным вокам. Вось дзе праблема. Калі ты ўсё сваё жыцьцё жывеш у атмасфэры дэмагогіі, адкуль табе ведаць, што ўсё ўрэшце скончыцца катастрофай, як не з гісторыі, дзе колішняя дэмагогія заўсёды менавіта катастрофай і скончвалася? А калі ведаеш гэта, будзеш ведаць і сродкі, якія дэмагогію перамагалі ў гісторыі...

“Гісторыя – гэта пашырэньне жыцьцёвых гарызонтаў. Яна робіць нас мацнейшымі. Яна – як паэзія, мастацтва або музыка, паглыбляе адчуваньне жыцьця”.

“Паводле свайго зьместу ўрокі гісторыі – гэта ўрокі ўдзячнасьці. Усё, што ў нас ёсьць – нашы грамадзкія інстытуты, нашы законы, наша нацыянальная музыка, мастацтва і паэзія, нашы свабоды, – усё гэта мы маем, дзякуючы камусьці. Гэты “нехта” жыў да нас і выканаў за нас цяжкую працу, уклаў у нашае жыцьцё вялікую стваральную энэргію, змагаўся са штормамі, ахвяроўваў сабою і захаваў веру.

Абыякавасьць да гісторыі – ня проста неадукаванасьць. Гэта яшчэ й няўдзячнасьць”.

“Пасьля трагедыі 11 верасьня 2001 году гісторыя, як ніколі, можа стаць крыніцаю нашай маральнай сілы, стойкасьці і вернасьці тым ідэалам, на якіх была заснаваная нацыя. Першапраходцам было нашмат цяжэй. І нельга забываць, што нашы папярэднікі перажылі і чаго яны дасягнулі”.

І тут праблемы Амэрыкі зьнешне нагадваюць праблемы Беларусі. Толькі я вось думаю, а на якіх ідэалах была заснаваная НАША нацыя? Калі яна й сапраўды існуе з 1917 году, дык тых ідэалаў – гвалтоўнае пабудовы раю на зямлі – больш няма. Няма і ніякіх іншых, апроч тых, якія мы ведаем ад філяматаў, ад Каліноўскага і Багушэвіча, ад Караткевіча – і якія складаліся ў гімны незалежнасьці і беларушчыне, нашай мове і нашай самабытнасьці. Па вялікім рахунку, менавіта мова стала нашым нацыяўтваральным ідэалам. Адымі мову – і нас, як нацыі, – няма. Але ці захоўваем мы вернасьць гэтаму ідэалу? Хто як. Дзяржаўная палітыка выразна супраць мовы, пра што сьведчаць і рэфэрэндумы і разгоны беларускамоўных суполак і ўстановаў, і ўрэшце некарыстаньне моваю з боку ўлады.

Пад галоўным ідэалам, на якім была заснаваная амэрыканская нацыя, Дэвід Макулаг мае на ўвазе свабоду. Калі ж разглядаць амэрыканскую свабоду не ўнівэрсальна, а як асаблівую для кожнага народу каштоўнасьць, дык наша мова – і ёсьць наша свабода.

Як пісаў амаль сто гадоў таму беларускі філёзаф Ігнат Канчэўскі:
“Яны ня ўцямлялі, што разам зь беларушчынай мы трацім і лепшую частку чалавечнасьці”.
XS
SM
MD
LG