Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТОГОД АД АЛЬКАГОЛЬНАГА АТРУЧВАНЬНЯ Ў БЕЛАРУСІ ПАМІРАЮЦЬ КАЛЯ 3 ТЫСЯЧАЎ ЧАЛАВЕК


Галіна Абакунчык, Менск

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сёньня на ўліку ў наркалягічных дыспансэрах краіны зарэгістравана каля 150 тысячаў чалавек, але адмыслоўцы заяўляюць, што насамрэч ад алькагольнай залежнасьці пакутуюць да 30% жыхароў Беларусі.

Штогод ад алькагольнага атручэньня паміраюць каля 3 тысячаў чалавек: колькі гіне менавіта ад алькагольных сурагатаў не паведамляецца, але гэтыя выпадкі даволі частыя. Да прыкладу, вось што паведаміла ў інтэрвію Радыё Свабода загадчыца адмысловага аддзяленьня псыхіятрычнай лякарні ў Навінках Аксана Калбасава.

(Калбасава: ) “Прафэсар паталягаанатам у нас учора распавядаў, што ўскрывалі нябожчыка-мужчыну, які памёр ад перадазіроўкі менавіта сурагатам: самагонкай ці яшчэ якім няякасным напоем. Пасьля сурагатных напояў людзі маюць вельмі цяжкія атручэньні, трапляюць у каматозны стан, у іх разбураецца нэрвовая й саматычная сыстэма – гэта адназначна. Часта людзі, канечне, гінуць ад гэтага ўсяго”.

Да людзей, якія вырабляюць няякасную самагонку, ў грамадзтве гэтаксама ставяцца адмоўна. Да прыкладу, вось як выказваліся вулічныя мінакі.

(Спадарыня: ) “Навошта ж гнаць такую гарэлку, калі людзі яе будуць піць і, напэўна ж, хварэць, паміраць, бо хімікаты – гэта ж атрута”.

(Спадар: ) “Бляск грошай засьцілае вочы гэтым людзям – гэта па-першае. А па-другое, здараецца так, што гэтая гарэлка патрапляе да іх жа блізкіх людзей, якія пасьля хварэюць ці нават паміраюць. Пэўна, так Бог іх карае за такую брудную справу”.

(Спадарыня: ) “Садзіць такіх людзей трэба, калі яны распаўсюджваюць гэткую атруту”.

Менавіта п’янства і зьвязаная зь ёю сьмерць людзей ёсьць прычынай росту сацыяльных сіротаў: штогод 5 тысяч бацькоў пазбаўляюцца правоў на ўласных дзяцей, і цяпер такіх у Беларусі больш за 30 тысячаў.

Нераўнадушныя да гэтай праблемы людзі пачалі аб’ядноўвацца ў грамадзкія арганізацыі, каб змагацца з навалай. Адна з іх – “Маці супраць алькаголю і наркотыкаў”. Актывістка арганізацыі Алена Пісарэнка перакананая, што маральную дэградацыю грамадзтва актывізуе сама дзяржава. Вось што яна сказала ў інтэрвію Радыё Свабода.

(Пісарэнка: ) “У нашай дзяржаве да алькаголю такія лаяльныя адносіны, што чалавек думае: калі дзяржава зарабляе грошы і мае з гэтага такія прыбыткі, то чаму гэтага не магу зрабіць я? Да прыкладу, жыла сям’я, маці гандлявала ў краме гарэлкаю, але рабіла тое ж і дома і на лецішчы. І што выдумаеце – у яе муж памёр ад сардэчнага прыступу, а сама яна сьпілася. Відаць, што ў чалавека было ня чыстае сумленьне і яе напаткала такое вялікае гора”.

Да сказанага дадам, што сёньня на кожнага жыхара Беларусі — ад немаўляці да пэнсіянэраў — штогод прыходзіцца па 11 літраў абсалютнага алькаголю. Гэта паводле афіцыйных зьвестак, якія не ўлічваюць маштаб самагонаварэньня.

Паводле ж экспэртаў Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, крытычным для здароўя нацыі крытэрам ёсьць паказчык ўдвая меншы — 5 літраў на кожнага жыхара краіны.
XS
SM
MD
LG