Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІЯ НАСТУПСТВЫ БУДУЦЬ МЕЦЬ РАШЭНЬНІ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ РАДЫ ЭЎРОПЫ ПА БЕЛАРУСІ?


Валер Карбалевіч, Менск

(Валер Карбалевіч: ) “Эўрапейскія арганізацыі рэгулярна прымаюць рэзалюцыі, у якіх даюць даволі жорсткую ацэнку сытуацыі з правамі чалавека, парушэньню дэмакратычных прынцыпаў у Беларусі. Рашэньні Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы 28 красавіка, бадай што самыя жорсткія за ўсю гісторыю дачыненьняў Беларусі з Эўропаю. Магчыма, прычыны такой жорсткасьці палягаюць у тым, што пытаньне аб зьніклых палітыках, якое было галоўным пры абмеркаваньні, зьяўляецца вельмі адчувальным для эўрапейскай сьвядомасьці, эўрапейскіх каштоўнасьцяў. А як бы вы ацанілі зьмест і значэньне гэтых дакумэнтаў па Беларусі, прынятых Парлямэнцкай Асамблеяй Рады Эўропы?”

(Андрэй Фёдараў: ) “На мой погляд, сапраўды, гэта самая жорсткая разалюцыя па Беларусі, прынятая міжнароднымі арганізацыямі ў апошні час. Трэба адзначыць, што былі прынятыя дзьве рэзалюцыі: пра зьніклых палітыкаў, журналіста і пра парушэньне свабоды СМІ. І ў абедзьвюх атрымліваюцца вельмі моцныя характарыстыкі нэгатыўнага становішча ў Беларусі, абвінавачваюцца асобы, якія займаюць высокія пасады. Гэта зьяўляецца яшчэ адным прыкладам, што эўрапейская супольнасьць працягвае адсочваць сытуацыю ў Беларусі і адпаведным чынам рэагуе на яе. Таму гэта вельмі важнае рашэньне”.

(Уладзімер Шчэрбаў: ) “Акрамя дзьвюх рэзалюцыяў (у пытаньні зьніклых асобаў і парушэньня свабоды СМІ) Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы па Беларусі прыняла рэкамэндацыі па гэтых пытаньнях. Важна падкрэсьліць, што гэтыя рэкамэндацыі накіраваныя Камітэту міністраў Рады Эўропы, кіраўніцтву Беларусі й дзяржавам-чальцам Рады Эўропы. Гэта азначае перавод дыялёгу ў палітычны кантэкст. Уся Эўропа, сорак пяць краінаў, усе палітычныя структуры субкантынэнту закліканыя да аказаньня ўціску на ўладу Беларусі. Фармулёўкі даволі агульныя, але яны дазваляюць аказваць амаль любыя мэханізмы ўціску, акрамя, зразумела, ваеннага”.

(Карбалевіч: ) “За апошнія гады эўрапейскія структуры спрабавалі выкарыстоўваць розную тактыку ў адносінах да кіраўніцтва Беларусі, ўжываліся і бізун, і пернік, то жорсткасьць, то лаяльнасьць. Праўда, вынікі былі аднолькава адмоўныя. Ці азначае прыняцьцё гэтых рашэньняў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, што ў палітыцы эўрапейскіх арганізацыяў назіраецца тэндэнцыя да жорсткасьці ў дачыненьнях да афіцыйнага Менску? Ці ніякай агульнай лініі няма, а розныя арганізацыі па-рознаму спантанна рэагуюць на падзеі ў Беларусі?”

(Фёдараў: ) “Можна казаць, што дзьве з трох вядучых эўрапейскіх арганізацыяў — Эўразьвяз і Рада Эўропы — сапраўды цяпер займаюць больш жорсткую пазыцыю, чым раней. Як быццам бы пайшла больш жорсткая хваля. Хоць дасюль гэта вынікаў не дало, і цяжка сказаць, ці дасьць гэта вынікі цяпер. Іншая сытуацыя з АБСЭ. Там іншая працэдура прыняцьця рашэньняў, дзейнічае прынцып “кансэнсус мінус адзін”. Таму Беларусь і Расея могуць заблякаваць любую жорсткую рэзалюцыю па Беларусі”.

(Шчэрбаў: ) “Я бы правёў мяжу паміж ацэнкай сытуацыі ў Беларусі, якую дала Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы, і канкрэтнымі мерамі, якія, магчыма, будуць вынікаць з гэтых рашэньняў. Рэч у тым, што Рада Эўропы не зьяўляецца такой уплывовай арганізацыяй, як Эўразьвяз. Яна была заснаваная ў пачатку 1950-х гадоў. Яе галоўная мэта была такая: прагрэс Эўропы ў сфэры дэмакратыі й правоў чалавека. Раду Эўропы нават завуць Эўрапейскім дэмакратычным клюбам. Таму для Рады Эўропы пытаньне дэмакратыі й правоў чалавека базавае. Гэта вынікае з сутнасьці самой арганізацыі. І калі па якойсьці краіне прымаецца рэзалюцыя, то гэта азначае, што такая краіна выпадае з шэрагу, яе палітыка не адпавядае эўрапейскім каштоўнасьцям, якія маюць значэньне ў палітыцы. І сама па сабе, так бы мовіць, маральнае эмбарга мае вялікую вагу ў эўрапейскай палітыцы. Ці будуць гэтым рашэньням спадарожнічаць нейкія палітычныя акцыі, пакажа час.

Я бы хацеў прыцягнуць увагу да яшчэ аднаго моманту, які мае практычныя наступствы. Як вядома, Беларусь, нават не зьяўляючыся чальцом Рады Эўропы, удзельнічае ў некаторых эўрапейскіх канвэнцыях. Напрыклад, Эўрапейская культурная канвэнцыя і шэраг іншых. Адна з рэкамэндацыяў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы заклікае Камітэт міністраў разгледзець пытаньне аб прыпыненьні ўдзелу Беларусі ў гэтых канвэнцыях. Такім чынам, нават тое сьціплае супрацоўніцтва, якое мае Беларусь з Радай Эўропы, хутчэй за ўсё, будзе згорнутае”.

(Карбалевіч: ) “Апошні час беларуская дыпляматыя ў дачыненьнях з Эўропаю спрабуе разьдзяліць унутрыпалітычную сытуацыю ў Беларусі і замежную палітыку. То бок, тактыка такая: мы гатовыя размарозіць зносіны з Захадам, толькі не чапайце нашых унутраных справаў. Гэта спроба пайсьці шляхам краінаў Цэнтральнай Азіі, альбо Азэрбайджану, у якіх нармальныя дачыненьні з Захадам, але сытуацыя з дэмакратыяй і правамі чалавека вельмі далёкая ад эўрапейскіх стандартаў. Але падаецца, што гэтыя рашэньні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы тарпэдуюць такую тактыку афіцыйнага Менску. Эўропа жорстка ўвязвае ўнутрыпалітычныя працэсы ў Беларусі з нармалізацыяй замежнапалітычных стасункаў. Ці згодныя вы з такой высновай?”

(Фёдараў: ) “Так, я згодны з тым, што такая спроба рабілася беларускім бокам: падзяліць унутраную і зьнешнюю палітыку ў дачыненьнях з Захадам. Але, падаецца, гэта з самага пачатку была нерэалістычная ідэя. Таму што ўсе прэтэнзіі Захаду да Беларусі тычацца менавіта яе ўнутранай палітыкі, праблемаў дэмакратыі й правоў чалавека. Таму чакаць ад Захаду зьмякчэньня палітыкі, без усялякіх рухаў насустрач у гэтым пытаньні, было бы наіўна. Нашая краіна ўсё ж такі знаходзіцца ня ў Азіі ці ў Афрыцы, а, як мы любім казаць, у цэнтры Эўропы. Таму і патрабаваньні да краіны крыху іншыя”.

(Шчэрбаў: ) “Я лічу такую палітыку, такія спробы беларускага боку беспэрспэктыўнымі ў прынцыпе, нават калі выходзіць за межы Эўропы. Яшчэ ў 1993 годзе ў дакумэнтах Усясьветнай канфэрэнцыі па правах чалавека з удзелам 170 краінаў, у тым ліку Беларусі, было адзначана, што сытуацыя з правамі чалавека не зьяўляецца выключна ўнутранай справай той ці іншай краіны. Беларусь імкнулася стаць чальцом Рады Эўропы, яе Нацыянальны сход дасюль імкнецца атрымаць статус спэцыяльна запрошанага ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Таму спробы разьдзяліць унутраную і зьнешнюю палітыку ў Эўропе не праходзяць”.

(Карбалевіч: ) “Якія практычныя наступствы для Беларусі могуць мець гэтыя рашэньні Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, асабліва ў зьвязку з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, магчымым рэфэрэндумам аб працягу прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі? Ці магчыма ўзмацненьне курсу кіраўніцтва Беларусі на самаізаляцыю? Затрыманьне КГБ вядомага апазыцыйнага дзеяча Михаіла Марыніча якраз падчас сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы — факт вельмі паказальны”.

(Фёдараў: ) “Магчымыя практычныя наступствы можна падзяліць на дзьве часткі. Па-першае, якія захады могуць прыняць краіны-сябры Рады Эўропы, згодна рэкамэндацый Парлямэнцкай Асамблеі. І па-другое, якія высновы можа зрабіць з гэтых рашэньняў беларускае кіраўніцтва. Што тычыцца першага, то я думаю, чакаць вялікіх зьменаў не даводзіцца. Таму што рэальных рычагоў узьдзеяньня на паводзіны беларускага кіраўніцтва ў краінаў Эўропы вельмі мала, можна лічыць, практычна няма.

Адзіным наступствам могуць стаць судовыя працэсы ў некаторых эўрапейскіх краінах супраць прадстаўнікоў беларускай улады, якія падазраюцца ў датычнасьці да зьнікненьня вядомых асобаў. І гэтыя асобы могуць мець пэўныя праблемы пры паездцы, напрыклад, у тую ж Грэцыю на Алімпійскія гульні. Таму супрацоўнікам МЗС дададуць яшчэ адзін абавязак: уважліва адсочваць, у якіх краінах могуць распачацца такія юрыдычныя працэдуры, крымінальныя справы, як рэкамэндуе Рада Эўропы. Але я не чакаю вельмі істотных вынікаў у гэтым пляне.

Што тычыцца ўнутранай палітыкі кіраўніцтва Беларусі, то тут магчымыя пэўныя зьмены. Затрыманьне Марыніча сьведчыць, што ўлады не прыслухоўваюцца да рэкамэндацыяў эўрапейскіх і іншых арганізацыяў. Мы памятаем, што нядаўна Камісія ААН у правах чалавека прыняла адпаведную рэзалюцыю па Беларусі. Можна меркаваць, што афіцыйны Менск можа наўмысна ўзмацніць курс на самаізаляцыю”.

(Шчэрбаў: ) “Калі меркаваць па рэакцыі беларускага кіраўніцтва на аналягічныя рэзалюцыі іншых міжнародных арганізацыяў у мінулым, то можна лічыць, што Менск ня пойдзе на супрацоўніцтва. І пра гэта сьведчаць заявы афіцыйных асобаў. Яны кажуць, што не прымаюць двайных стандартаў. Таму будзе працягвацца курс на самаізаляцыю. Што тычыцца рэакцыі Эўропы, то тут існуе разрыў паміж ацэначнымі дакумэнтамі і практычнымі крокамі”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, надзеі беларускага боку, што можна распачаць нейкую гульню з эўрапейскімі структурамі, асабліва напярэдадні значных палітычных кампаніяў, якія чакаюцца ў Беларусі, ня спраўджваюцца. Рашэньні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы — моцны сыгнал кіраўніцтву Беларусі аб тым, што Эўропа, так бы мовіць, не “праглыне” парушэньняў і фальсыфікацыяў падчас выбараў і рэфэрэндуму, а будзе ацэньваць іх вельмі жорстка. І нармалізацыя стасункаў Беларусі з Эўропай, Захадам у такіх умовах наўрад ці магчымая”.
XS
SM
MD
LG