Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДРУ СТАРЫКЕВІЧУ ЎРУЧАНАЯ ПРЭМІЯ ШВЭДЗКАГА ПЭН-ЦЭНТРУ


Юры Сьвірко, Менск

У міжнародным адукацыйным цэнтры на менскім праспэкце Газэты “Правда” беларускае аддзяленьне амбасады Швэцыі ў Маскве і Беларуская асацыяцыя журналістаў арганізавалі імпрэзу з нагоды прысуджэньня прэміі Швэдзкага ПЭН-Цэнтру галоўнаму рэдактару салігорскай газэты “Салідарнасць” Аляксандру Старыкевічу. Ён узнагароджаны “за няўрымсьлівую дзейнасьць на карысьць свабоды выказваньняў”.

Нагадаю, што летась штотыднёвік “Салідарнасць” аддаў свае старонкі прыпыненай “Белорусской деловой газете”, за што яго выхад таксама быў прыпынены Міністэрствам інфармацыі. Пасьля на “Салідарнасць” наклалі вялікі штраф. Аднак Аляксандар Старыкевіч ня траціць аптымізму:

(Старыкевіч: ) “У 19 стагодзьдзі швэдзкі кароль сямнаццаць разоў зачыняў газэту “Aftonbladet”. І дзе той кароль цяпер? А “Aftonbladet” застаецца адной зь вядучых швэдзкіх газэтаў. Так што, спадарства, у нас бліскучыя пэрспэктывы, бо злыя каралі прыходзяць і сыходзяць, а свабодная прэса застаецца”.

(Карэспандэнт: ) “Якія пэрспэктывы мае цяпер газэта “Салідарнасць”?”

(Старыкевіч: ) “Выжываць, разьвівацца. Хацелася б, каб усё гэта было больш дынамічна і неяк больш грунтоўна. Але мы робім у гэтай сытуацыі тое, на што здольныя”.

Апрача Аляксандра Старыкевіча, у дзень свабоды прэсы падарункі атрымалі іншыя прадстаўнікі мэдыяў. Беларуская асацыяцыя журналістаў уручыла свае дыплёмы гомельскай карэспандэнтцы “БДГ” Ірыне Макавецкай і рэдакцыям газэтаў “Народная воля”, “День”, “Газета Слонімская”, “Для вас” і “Новая газета Смаргоні”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валеры Фралоў, прадстаўнік фонду “За новую Беларусь” Васіль Лявонаў, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідэры Маладога фронту ды аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” ўручылі некаторым рэдакцыям і журналістаў падарункі з нагоды 3 траўня.

У зьвязку з Усясьветным днём свабоды друку ўдзельнікі сустрэчы ўхвалілі заяву, у якой адзначылі, што “Беларусь засталася апошняй эўрапейскай дзяржавай, дзе практычна ўсталяваная манаполія дзяржавы на сродкі масавай інфармацыі”. У заяве канстатуецца, што год за годам беларускія ўлады ўзмацняюць прэсінг у дачыненьні да выданьняў дэмакратычнай скіраванасьці.

Журналісты зьвярнуліся да ўладаў з патрабаваньнем кіравацца ў дачыненьнях з прэсай нормамі Канстытуцыі, дзейнага закону аб друку, а таксама агульнапрызнанымі нормамі міжнароднага права. Яны таксама запатрабавалі “спыніць неабгрунтаваны перасьлед незалежных СМІ і журналістаў”.
XS
SM
MD
LG