Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АДКУЛЬ У МАРЫНІЧА КАМПУТАРЫ І ФАЛЬШЫВЫЯ ДАЛЯРЫ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сваякі і знаёмыя Міхаіла Марыніча тлумачаць падрабязнасьці ягонай справы што да амэрыканскіх кампутараў, нібыта фальшывых даляраў і сакрэтных дакумэнтаў.

Паводле тэлежурналістаў, знойдзеныя ў гаражы кампутары Міхаілу Марынічу перадала амэрыканская амбасада для стварэньня рэгіянальнай сеткі арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”.

Сын Міхаіла Марыніча Ігар распавёў Радыё Свабода тое, што ведае пра грошы і кампутары, якія забралі ў ягонага бацькі. Ён ня верыць у тое, што частка грошай была фальшывая. Паводле яго, у тым, што прэтэнзіяў з прычыны грошай ня будзе, быў перакананы і Міхаіл Марыніч, калі пайшоў 26 красавіка ў КГБ забіраць часова затрыманыя ў яго яшчэ 24 красавіка 90 тысяч даляраў.

(Ігар Марыніч: ) “Такім чынам, калі ў панядзелак яго запрасілі ў КГБ, ён нават без адваката пайшоў. Калі бы чалавек думаў, што можа нешта быць, ён хаця бы кагосьці узяў з сабой”.

Паводле Ігара, бацька не хаваў, на што прызначаныя грошы. “Ён тлумачыў, што зьбіраецца патраціць іх на падтрымку дэмакратычных кандыдатаў на будучых парлямэнцкіх выбарах”, — сьцьвярджае Ігар Марыніч. Пры гэтым ён заўважае, што спачатку супрацоўнікі КГБ і не цікавіліся, дзеля чаго грошы. Іх цікавіла толькі тое, ці не фальшывыя яны.

Што да кампутараў, Ігар Марыніч ведае, што іх амэрыканцы перадалі арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва” ў якасьці дапамогі. Хто дакладна перадаў, ён ня ведае, а ў гаражы яны апынуліся пасьля таго, як узьніклі праблемы з офісам. “Часова іх проста не было куды разьмесьціць”, — кажа Ігар Марыніч.

Паводле супрацоўніцы “Дзелавой ініцыятывы” Людмілы Гумар, кампутары прызначаліся для рэгіянальных інфармацыйных цэнтраў “Дзелавой ініцыятывы” ў Вялейцы і Жлобіне і чакалі адкрыцьця гэтых цэнтраў.

Кіраўнік дасьледчага цэнтру “Стрэтэгія “ Леанід Заіка актыўна супрацоўнічаў зь “Дзелавой ініцыятывай”. Ён згадаў, што прыход Міхаіла Марыніча ажывіў гэтую арганізацыю, створаную ў сярэдзіне 1990-х гадоў з ініцыятывы Генадзя Карпенкі, Віктара Ганчара ды іншых вядомых палітыкаў. Але апошнім часам працаваць у Беларусі Міхаілу Марынічу было ўсё складаней. Паводле Леаніда Заікі, Марынічу ўдалося дасягнуць значна большых посьпехаў за межамі Беларусі, асабліва ў кантактах з уплывовымі расейскімі бізнэсмэнамі. Гэта і магло прывесьці да затрыманьня Міхаіла Марыніча, не выключае Леанід Заіка:

(Заіка: ) “Марыніч, відаць, напалохаў многіх тым, што мог стаць лідэрам эканамічнай эліты, і тым самым быць небясьпечным для нашай мясцовай намэнклятуры”.

Яшчэ адно цікавае тлумачэньне ўдалося атрымаць ад былой супрацоўніцы Міністэрства замежнаэканамічных сувязяў, якім у 1990-х гадох кіраваў Міхаіл Марыніч. Гэтая супрацоўніца распавяла, што калі міністэрства ліквідавалі і злучалі зь Міністэрствам замежных справаў, ягоны архіў не прынялі, бо ў архіве МЗС не было месца. Тады былы міністар Міхаіл Марыніч і мусіў частку дакумэнтаў зьвезьці на лецішча “для гісторыі”. Ня выключана, што менавіта гэтыя дакумэнты цяпер КГБ называе “сакрэтнымі”.

Паводле зьвестак КГБ, Міхаіл Марыніч дагэтуль утрымліваецца ў сьледчым ізалятары. Абвінавачаньне яму пакуль не прад’яўленае.

Гл. таксама
• КГБ ЗАТРЫМАЎ МІХАІЛА МАРЫНІЧА, БЫЛОГА ПРЭТЭНДЭНТА НА ПАСАДУ ПРЭЗЫДЭНТА БЕЛАРУСІ
• ЗА ШТО ЗАТРЫМАЛІ МІХАІЛА МАРЫНІЧА?
• КАЛІ ВЫПУСЬЦЯЦЬ МІХАІЛА МАРЫНІЧА?
XS
SM
MD
LG