Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАРАЯ ЗБРОЯ І “ЧОРНЫЯ АРХЕОЛЯГІ” БЕЛАРУСІ


Севярын Квяткоўскі, Менск

Тэндэнцыя апошняга дзесяцігодзьдзя выяўляе, што галоўнае багацьце беларускае зямлі зусім ня бульба, і нават не калійная соль. Бясконцыя войны апошніх сямі стагодзьдзяў пахавалі ў беларускай зямлі процьму скарбаў, пабытовых рэчаў, і, вядома, зброі. Вось гэтая матэрыяльная спадчына актыўна вымаецца беларускімі грамадзянамі зь зямлі. Напрыклад, апошні з выяўленых міліцыяй арсэналаў налічвае 34 штыхі да карабіну “Маўзэр”, 20 штыхоў да вінтоўкі Мосіна, тры ствалы ручнога кулямёту чэхаславацкае вытворчасьці, а таксама шмат іншых рэчаў.

Людзі, якія займаюцца нелегальным пошукам матэрыяльнай спадчыны, завуцца “чорнымі археолягамі”. Міліцыянты кажуць, што толькі ў адной Менскай вобласьці штомесяц канфіскуюць сотні адзінак зброі. Прычым, ня толькі узораў 20-га стагодзьдзя, але часоў Напалеонаўскай вайны 1812 году, а нават сярэднявечча.

Але міліцыя выяўляе мінімум ад таго, што вымаюць зь зямлі штодня. Большасьць рэчаў у Беларусі не затрымліваецца:

(Калекцыянэр: ) “Вельмі шмат матэрыялаў ідзе на Захад. Добрыя грошы плацяцца ў Польшчы, у Францыі. Ёсьць гурты шукальнікаў, якія цікавяцца Першай сусьветнай. Ёсьць надзвычай папулярны ў Менску гурт – цікавяцца выключна фашыстамі. Там таксама вельмі добрыя грошы зарабляюцца. Апошнім часам казалі, што прададзены быў нейкі пярсьцёнак з фашысцкай свастыкай ледзь не за $5000”.

Так мяркуе адзін менскі калекцыянэр, які пажадаў захаваць ананімнасьць. Толькі па прыблізных падліках рынак антыкварыяту краіны ўлучна са зброяй за год складае некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў. Гэта, вядома, чорны рынак.

Мы часьцяком чуем інфармацыю пра канфіскаваныя на Берасьцейскай мытні расейскія іконы. Але каштоўную манэту, ці ўпрыгожваньне, якія датычыць гісторыі Беларусі, вывесьці значна прасьцей. Зрэшты, мне даводзілася бачыць у інтэрнэце абвестку пра продаж двух нямецкіх танкаў “Тыгр” і аднаго самалёта “Мэсэршміт”. Кожны быў ацэнены каля дваццаці пяці тысяч даляраў.

Але ці магчыма ў Беларусі легальна мець калекцыю зброі? Вось што мне адказаў адзін міліцэйскі чыноўнік:

(Міліцыянт: ) “Толькі МУС дае дазвол. І толькі за подпісам ці самога міністра, ці намесьніка”.

Іншымі словамі, легальна мець калекцыю зброі і антыкварыяту ў Беларусі практычна немагчыма. Калекцыянты, зь якімі я размаўляў, кажуць, што рэпрэсіўныя меры ня ідуць на карысьць. Бо прадметы гісторыка-культурнай спадчыны не застаюцца ў Беларусі, але сыходзяць за мяжу.

Да таго ж, калекцыянты кажуць, што дэманстраваць свае грошы ў краіне вельмі небясьпечна. Але ў цывілізаваных умовах было б выгадней укладаць грошы не ў эканоміку суседніх краінаў, а ў антыкварыят. У тым ліку ў старую зброю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG