Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗАХОДНІЯ ДЫПЛЯМАТЫ ВЫКАЗАЛІ САЛІДАРНАСЬЦЬ ЗЬ БЕЛАРУСКІМІ ЖУРНАЛІСТАМІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

З ініцыятывай наведаць ва Ўсясьветны дзень свабоды прэсы рэдакцыю “БДГ” выступілі самі заходнія дыпляматы. На сустрэчу з журналістамі прыйшлі амбасадары Францыі, Нямеччыны, Вялікабрытаніі, Злучаных Штатаў Амэрыкі, Італіі, Літвы, Эстоніі, Чэхіі й Славаччыны. Кіраўнікі дыпмісіяў Польшчы, Латвіі й Швэцыі таксама хацелі ўзяць удзел у гэтым спатканьні, але з аб’ектыўных прычынаў ня здолелі гэтага зрабіць. Рэдакцыя “БДГ” для візыту была абраная невыпадкова, бо менавіта гэтае выданьне зазнала найбольшы ціск уладаў. Першым слова ўзяў амбасадар Францыі Стэфан Шмялеўскі. Гэтая краіна прадстаўляе ў Беларусі інтарэсы старшыні Эўразьвязу, Ірляндыі:

(Шмялеўскі: ) “Сёньня мы прыйшлі да вас зь візытам, каб выказаць сваю салідарнасьць. Мы хочам вам сказаць, што ўрады нашых краінаў і грамадзкая думка ставяцца з асаблівай увагай да такога фундамэнтальнага аспэкту грамадзкага жыцьця ў Беларусі, як свабода друку. Некалькі разоў Эўразьвяз выказваў беларускім уладам сваю занепакоенасьць з нагоды пагаршэньня сытуацыі са свабодай друку ў Беларусі. Мы, амбасадары краінаў Эўразьвязу ў Менску, некалькі разоў спрабавалі наладзіць на гэтую тэму дыялёг з уладнымі структурамі. І мы занепакоеныя тым, што міністар інфармацыі цягам васьмі месяцаў ня даў станоўчага адказу на нашыя просьбы аб сустрэчы”.

Амбасадар Францыі выказаў павагу за прафэсіяналізм і сьмеласьць кіраўніцтву “БДГ”, супрацоўнікам выданьня, а таксама ўсім журналістам, што сталі ахвярамі ціску ўладаў.

А вось што сказаў амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Крол:

(Крол: ) “Як прадстаўнік Злучаных Штатаў Амэрыкі, я падтрымліваю ўсе словы, выказаныя амбасадарам Францыі. Мы пастаянна падтрымліваем права на свабоду СМІ ў сьвеце. Я хачу выказаць сваю глыбокую павагу журналістам”.

На прапанову амбасадара ЗША прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчаньня журналістаў, што загінулі падчас выкананьня сваіх службовых абавязкаў у сьвеце і ў Беларусі.

Гаворыць амбасадар Вялікабрытаніі Браян Бэнэт:

(Бэнэт: ) “Свабода друку для нас — вельмі сур’ёзная рэч. І для Беларусі вельмі важна, каб друк быў свабодным, больш свабодным, чым цяпер. Як у нас — у іншых краінах Эўропы і Эўразьвязу. Мы спадзяемся, што калісьці Беларусь будзе сябрам нашай сям’і. Гэта важна для нас”.

Амбасадары цікавіліся, якія праблемы ёсьць у рэдакцыі “БДГ” і чым яны могуць дапамагчы.

Гаворыць амбасадар Літвы ў Беларусі Ёнас Паслаўскас:

(Паслаўскас: ) “Нашыя краіны вельмі блізкія. Я ведаю, што многія нашыя незалежныя выданьні маюць цесныя кантакты з вашымі. Думаю, што ўсе цяжкасьці, якія ёсьць у газэтаў, будуць вырашаныя. А мы салідарныя з нашымі суседзямі”.
XS
SM
MD
LG