Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІТВА – У ЭЎРАПЕЙСКІМ ЗЬВЯЗЕ


Тацяна Поклад, Вільня

Усіх сьвяточных мерапрыемстваў болей за 300 – разнастайных, на любы густ. Урадавыя цырымоніі, урачыстасьці у Сойме і Прэзыдэнтуры, у культурных установах, парках і проста на вуліцах.

У ноч з 30-га на 1-ае сьвяточныя імпрэзы ладзіліся і на ўсіх літоўскіх памежных пунктах. Гарады упрыгожаныя эўрапейскай сымболікай, вялізарнымі сьцягамі Эўразьвязу – у Коўне зрабілі сямімэтровы сьцяг з кветак. У Вільні урачыста адкрыўся Эўрапейскі бізнэс-цэнтар і новы пляц Эўропы.

Віленскі віцэ-мэр Кястуціс Масюліс гэтак патлумачыў асноўны прынцып сьвяточных імпрэзаў: “Якія важнейшыя атрыбуты сьвята? Забавы і пачастункі.”

На два дні праспэкт Гедыміна – галоўная вуліца Вільні – рэканструяваны у алею краінаў-сябраў Эўразьвязу – цяперашніх і новых. Уздоўж праспэкту – накрыты стол з пачастункамі з нацыянальных страваў з 25 эўрапейскіх краінаў. У гэтым дапамагалі амбасады эўрапейскіх краінаў, парупіліся пра арыгінальныя прадукты і стравы.

Увечары 30 красавіка пачаліся спартовыя сьвяты, канцэрты – па вечарох у Вільні і іншых местах – шматлікія адкрытыя канцэрты вядомых літоўскіх і замежных гуртоў. У Вільні гасьцюе Бэрлінскі джазавы аркестар.

Учора увечары адбылася сымбалічная грамадзянская акцыя “Літва – самая сьветлая эўрапейская краіна”. У 22.40 па мясцовым часе усе жыхары краіны на 5 хвілінаў запалілі ўсё электрычнае сьвятло ў сваіх дамах, сьвяцілі ліхтарамі ўверх,– у гэты час Літва фатаграфавалася з космасу.

Здымаў Літву амэрыканскі касьмічны начны спадарожнік F 15. Гэты спадарожнік на вышыні 830 км над Зямлёй аблятае вакол нашай плянэты за 101 хвіліну.

У часе акцыі Літву асьвятлялі салюты, вогнішчы. Учора ўначы ковенскія студэнты наладзілі вогненнае сьвята, а віленскія студэнты па начной Вільлі пускалі плывучыя вогнішчы. Сёньня ўначы Вільля таксама будзе сьвяціцца – францускія і літоўскія мастакі падрыхтавалі сьвята фантанаў, агню, сьвятла і музыкі.

Сьвяточныя пэрфомансы, выставы, канцэрты, спартовыя імпрэзы будуць яшчэ цягам дзесяці бліжэйшых дзён, да 9 траўня – Дня Эўропы.

Нагадаем, што афіцыйную заяву адносна сяброўства ў Эўразьвязе Літва падала яшчэ ў сьнежні 1995 году. На рэфэрэндуме, які адбыўся год таму (10-11 траўня 2003), за ўступленьне ў Эўразьвяз было аддадзена 91% галасоў. У рэфэрэндуме бралі удзел 63 % грамадзянаў).
XS
SM
MD
LG