Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАМЭРЫ САЧЭНЬНЯ Ў БЕЛАРУСІ


Аляксей Знаткевіч, Прага

Новыя тэхналёгіі робяць камэры сачэньня ўсё больш таннымі і распаўсюджанымі. Лідэр па колькасьці відэакамэраў у грамадзкіх месцах – Вялікая Брытанія. Там іх, паводле розных ацэнак, ад паўтара да двух з паловай мільёнаў. Жыхар Лёндану ў сярэднім патрапляе “на вока” такім камэрам 300 разоў на дзень.

На аўтатрасах Эўропы шмат дзе стаяць адмысловыя камэры, якія фіксуюць нумары машынаў, што перавышаюць хуткасьць. Падобныя сыстэмы расейскай вытворчасьці цяпер выкарыстоўвае беларуская міліцыя. Гаворыць Барыс Кабачэўскі, старшы інжынэр па спэцтэхніцы падразьдзяленьня “Страла” Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

(Кабачэўскі: ) “Называецца гэты цуд "Кадр-1". Ён замярае хуткасьць і адначасна фіксуе відэаабстаноўку. Ёсьць магчымасьць далейшай апрацоўкі, магчымасьць захоўваньня гэтай інфармацыі, калі гэта неабходна, калі ёсьць нейкія спрэчныя пытаньні”.

Паводле спадара Кабачэўскага, такую сыстэму часьцей за ўсё ставяць на міліцэйскія машыны. Прэсавая сакратарка Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі Беларусі Ганна Галдэцкая гаворыць пра выкарыстаньне на пастах ДАІ іншай сыстэмы сачэньня пад назвай “Паток”.

(Галдэцкая: ) “У кампутар ўведзеная база транспартных сродкаў, нумарных знакаў, якія знаходзяцца ў вышуку. Як толькі камэра зафіксуе, напрыклад, сагнаную машыну, ён адразу ж спрацоўвае”.

Нядаўна ў цэнтры Менску міліцыя ўсталявала 36 міліцэйскіх камэраў сачэньня за грамадзкім парадкам. А на праспэкце Скарыны, непадалёк ад Плошчы Перамогі, зьявілася вэб-камэра, якая перадае здымкі на Інтэрнэт у рэжыме рэальнага часу. Пабачыць іх можна на вэбсайце www.21.by. Карэспандэнтка Радыё Свабода Галіна Абакунчык апытала мінакоў на рагу праспэкту Скарыны і вуліцы Казлова, які найлепш бачны на здымках.

(Карэспандэнтка: ) "Шмат дзе цяпер усталяваныя відэакамэры. У прыватнасьці, бачыце – відэакамэра? Нас з Вамі цяпер могуць бачыць праз інтэрнэт па ўсім сьвеце. Як Вы да гэтага ставіцеся?"

(Мужчына: ) "Спакойна, мяне гэта не напружвае".

(Жанчына: ) "Відаць, прыйшоў час, калі трэба так, бо здарэньні ўсялякія бываюць. Відаць, гэта патрэбна".

(Мужчына: ) "Я ў прынцыпе супраць. Можа дзесьці яны і патрэбныя, але не паўсюль. Не хачу, каб за мной сачылі".

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да таго, што шмат дзе ўсталяваныя відэакамэры, і за чалавекам вядзецца назіраньне?”

(Мужчына: ) "Добра".

(Карэспандэнтка: ) “Чаму?”

(Мужчына: ) "Бо бачаць ўсе рухі, пераходы, усё бачна".

(Іншы мужчына: ) "Ведаеце, гэта можа й добра. бо за ўсімі гэтымі злачынцамі могуць назіраць. Агулам, я станоўча стаўлюся".

(Карэспандэнтка: ) "А як Вы два гэтага ставіцеся?"

(Жанчына: ) "Звычайна я іх не заўважаю. Мне гэта ўсё роўна".

(Мужчына: ) "Відэакамэра з гледзішча законапаслухмянасьці дапамагае. Бо ўсё можна праглядзець. Я вельмі добра стаўлюся да відэа і спадзяюся, што відэа – гэта наша будучыня".

(Карэспандэнтка: ) "Ці не зашмат цяпер выпадкаў, калі за чалавекам вядзецца назіраньне праз відэакамэры?"

(Мужчына: ) "Наадварот, іх трэба болей, каб быў парадак, каб можна было адсачыць правапарушэньні".

(Мужчына: ) "Няхай іх будзе больш".

(Мужчына: ) "На нашых вуліцах няшмат відэакамэраў, і я лічу, што яны сочаць за намі няшмат. Калі б іх было болей, было б лепей".

(Карэспандэнтка: ) "Лепей для чаго?"

(Мужчына: ) “Для саміх жа беларусаў, бо вельмі шмат моладзі вядзе сябе не зусім адэкватна. Мабыць, калі б было больш камэраў, было б спакайней для саміх беларусаў”.

(Дзяўчына: ) "Гэта павінна быць неяк абмежавана. Павінны быць нейкія межы. Людзі павінныя ведаць, дзе ўсталяваныя камэры. Натуральна, ня кожнаму будзе прыемна, калі за ім назіраюць. У прынцыпе, гэта ўсё нармальна, калі пра гэта вядома. Калі не, дык тады парушаюцца правы чалавека".

Прыхільнікі камэраў сачэньня гавораць, што відэанагляд за грамадзкімі месцамі дапамагае разабрацца ў транспартных здарэньнях і зьменшыць злачыннасьць. Праціўнікі кажуць, што для апошняй высновы няма доказаў. Гаворыць юрыст Сэдрык Ларэнт, дарадца вашынгтонскага цэнтру EPIC, які займаецца пытаньнямі аховы электроннай інфармацыі.

(Ларэнт: ) “Калі глядзець на канкрэтнае месца – так, камэры зьмяншаюць злачыннасьць. Але калі паглядзець на ўвесь горад, камэры сачэньня ня маюць уплыву. Напрыклад, улады Лёндану усталявалі ад 250 да 300 тысяч камэраў пасьля тэрарыстычных нападаў Ірляндзкага Рэспубліканскага войска IRA дзесяць гадоў таму. Аднак статыстыка ясна паказвае, што ўзровень злачыннасьці зусім ня зьменшыўся. Атрымаўся так званы "эфэкт зьмяшчэньня" – крымінальнікі проста перасунуліся ў іншыя раёны, дзе няма камэраў”.

Спадар Ларэнт гаворыць, што паколькі сучасныя лічбавыя тэхналёгіі дазваляюць лёгка захоўваць вялікія аб’ёмы відэаінфармацыі, ёй могуць злоўжываць. Паводле Аляксандра Драневіча, начальніка цэнтра інфармацыйных тэхналёгій Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкаму, запісы зь менскіх відэакамэраў захоўваюцца толькі 12 сутак. Невядома колькі захоўваюцца запісы з масавых дэманстрацый, якія робяць супрацоўнікі міліцыі і спэцслужбаў.

Камэры сачэньня шмат дзе выкарыстоўваюць ня толькі праваахоўныя органы, але і наймальнікі, якія жадаюць кантраляваць сваіх супрацоўнікаў. Юрыст Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Уладзімер Адынец аднак кажа, што пакуль не сустракаўся з выпадкамі такога сачэньня ў Беларусі – хапае іншых праблемаў.

(Адынец: ) “Для Беларусі гэта ня вельмі актуальна, бо ўзровень працоўных адносінаў даволі нізкі. У працоўным заканадаўстве гэта пытаньне спэцыяльна не рэгулюецца”.

Дарадца вашынгтонскага цэнтру EPIC Сэдрык Ларэнт гаворыць, што і ў некаторых заходніх краіны, дзе відэасачэньне з боку наймальнікаў набірае моц, яно амаль не рэгулюецца. Да прыкладу ў ЗША прыватныя наймальнікі паводле закону не абавязаныя паведамляць супрацоўнікам, што за тымі на працоўным месцы сочаць відэакамэры.

Спадар Ларэнт бачыць пагрозу ў тым, што сыстэмы відэасачэньня могуць хуткім часам спалучыць з сыстэмамі распазнаваньня па рысах твару ці іншых біямэтрычных паказьніках. Такім чынам улады змогуць кантраляваць перамяшчэньні любога чалавека ў грамадзкіх месцах.

(Ларэнт: ) “Цяпер пра гэта думаць нібыта зарана. Але ў большасьць прасунутых сыстэмаў сачэньня ў гарадах па ўсім сьвеце вельмі лёгка можна дадаць гэтую магчымасьць распазнаваньня па твары”.

Багацейшыя краіны, натуральна, ў лідэрах паводле колькасьці камэраў сачэньня. Але гэта тычыцца ня толькі Заходніх краінаў – сыстэмы сачэньня ўсё больш папулярныя ў Малайзіі і Паўднёвай Афрыцы, Сынгапуры і Саудаўскай Арабіі.

Магчымасьць татальнага сачэньня некаму бачыцца пагрозай, а некаму – уратаваньнем ад тэрарызму. У сёлетнім дасьледаваньні разьвіцьця Інтэрнэту брытанскі часапіс “Economist” дае прагноз некаторых рысаў заходняга грамадзтва і сям’і праз 30 гадоў. Ужо адбыліся рэфэрэндумы, якія далі ўладам амаль поўныя правы на сачэньне за любым чалавекам у любым месцы. З дапамогай новых тэхналёгій спынены тэрарызм. Часапіс праўда, не тлумачыць, як, напрыклад, гэтыя тэхналёгіі спынілі тэрарыстаў-самагубцаў.

Бацькі заўсёды ведаюць, чым займаюцца іх дзеці, бо маюць магчымасьць сачыць за імі на экране. У прынцыпе, кожны можа сачыць за кожным – бо адключаць сваю відэасыстэму лічыцца кепскім тонам. Цяжэй за ўсе ў гэтым грамадзтве тым, хто яшчэ памятае часы, калі можна было пабыць у адзіноце.
XS
SM
MD
LG